ІІ літаратурны рэгіён-фэст “Масты сяброўства”

Удзелінікі II літаратурнага рэгіён-фэсту "Масты сяброўства"





ІІ літаратурны рэгіён-фэст “Масты сяброўства” сабраў у Беразіно аматараў літаратурнай творчесці з суседніх рэгіёнаў Міншчыны і Магілёўшчыны. У раённую бібліятэку завіталі творчыя дэлегацыі ў складзе літаратараў і бібліятэкараў Асіповіцкага і Бялыніцкага раёнаў Магілёўскай вобласці, Барысаўскага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці. Ажыўлена, зацікаўлена і арыгінальна прайшла творчая эстафета прэзентацыйных выступленняў удзельнікаў фэсту. Яны рэкламавалі свае аўтарскія зборнікі паэзіі і прозы, вершы з калектыўных альманахаў літаратурнай творчасці, свае першыя дэбюты. У кожнага свая адмеціна ў лёсе і ў творчасці, іх ведаюць у сваіх рэгіёнах, а цяпер будуць ведаць і на Бярэзіншчыне. Музыкальным мастком сяброўства прагучаў на фэсце песенны гімн Беразіно “Ля Бярозы ракі гарадок ёсць такі” і аўтарская песня М.Міхайлоўскага на словы У. Сакава “Караблікі дзяцінства”. Рэгіён-фэст засведчыў, што адлегласці не становяцца перашкодай для творчых стасункаў. Паказальна, што сёлета да літаратурнай сябрыны далучылася дэлегацыя Асіповіцкага раёна. Удзельнікі і дзелавыя партнеры па рэалізацыі фэсту – Асіповіцкая, Бялыніцкая, Барысаўская і Крупская бібліятэкі атрымалі дыпломы і літаратурны зборнік удзельнікаў І літаратурнага рэгіён-фэсту “Масты сяброўства – 2023”. Куратарам і творчым натхняльнікам штогадовых літаратурных фэстаў у Беразіно выступае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч. Літаратурны фэст даў магчымасць дэлегатам азнаёміцца з адметнасцямі галоўнай бібліятэчнай установы Бярэзінскага раёна: арыгінальнымі выставамі і мастацкімі экспазіцыямі, інфармацыйна-краязнаўчым цэнтрам.

Муза-восень і ў гэтым годзе сабрала ў Беразіно гасцей: адчыніліся веснічкі ІІ літаратурнага рэгіён-фэсту “Масты сяброўства”. Геаграфія злёту рэгіянальная: фэст аб’яднаў творчыя дэлегацыі двух суседніх з Бярэзіншчынай раёнаў Міншчыны і двух – Магілёўшчыны.
Па-суседску цёпла прымала Бярэзінская раённая бібліятэка літаратараў і бібліятэкараў Асіповіцкага і Бялыніцкага раёнаў Магілёўскага краю і Барысаўскага і Крупскага Мінскага краю. Лістападаўскім днём, праз паласу адлегласці творчыя людзі сабраліся дружнай сябрынай парукацца душамі, падзяліцца радасцю творчасці, паразмаўляць вочы ў вочы, выказаць сваё бясконцае здзіўленне талентам суседзяў, падсумаваць персанальныя творчыя набыткі, запусціць каталізатар цікавасці адзін да аднога. Талент – усюды жаданы госць, пропуск у любую кампанію. А кампанія атрымалася ўнушальная. Зацеплілі свой агеньчык творчасці на фестывальнай свяцільні 11 літаратараў 5 раёнаў. Іх творчыя адметнасці ўвайшлі ў прадстаўнічую панараму фэста пад знакам якасці. Многіх добра ведаюць у сваіх рэгіёнах, абласцях, а фэст пашырыў арбіту іх вядомасці. Самыя прадстаўнічыя дэлегацыі Барысаўскага і Асіповіцкага раёнаў – актывісты літаратурных аб’яднанняў “Натхненне” і “Літаратар”. Там пачынаючыя пісьменнікі гартуюць сваё натхненне, вучацца працаваць над уласнымі думкамі і вобразамі, разам пракладаюць шлях у вялікую літаратуру. У кожнага свая адмецінка ў лёсе і творчасці, падабенства няма і быць не можа. Кожны здзіўляе свет па-рознаму. Ды і самі творцы розныя па ўзросце, роду дзейнасці, прафесійным і сацыяльным статусе. Сярод удзельнікаў фэсту значацца афіцэр запасу, дэпутат райсавета, журналіст, настаўнік, рэвізор-інспектар… Не мае значэння, ці звязана прафесія з літаратурай, галоўнае – мець творчы запал. Хтосьці прыбыў па пратаптанай далечы, а хтосьці – першаследам з годнай місіяй ад свайго раёна. Ажыўлена, зацікаўлена і арыгінальна прайшла творчая эстафета прэзентацыйных выступленняў удзельнікаў. Зносіны паміж літаратарамі сумежных рэгіёнаў былі актыўнымі, нязмушанымі, з жывым эмацыянальным абменам сваімі творчымі набыткамі, дэкламаваннем вершаў-візітовак, баек, міні-гумарэсак, шчымлівымі споведзямі перад калегамі па пяру. Адны рэкламавалі цэлую вязку аўтарскіх зборнікаў, іншыя радавалі сваім удалым дэбютам, дзяліліся хвалюючым адчуваннем першай кнігі, якая трапіць да чытачоў.
Імены Алены Брыцкай і Людмілы Валасевіч (Барысаўскі раён), Святланы Магілеўчык (Бялыніцкі раен) ужо гучалі на І літаратурным фэсце, а зараз жанчыны спяшаліся прадставіць свае сёлетнія зборнікі – сведчанне таго, што іх творчае пяро пасталела на год ды не прытупілася! А слынная барысаўчанка А.Брыцкая – кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Натхненне” Барысаўскай раённай бібліятэкі імя Х.І.Каладзеева, сакратар Мінскага абласнога калектыву паэтаў і кампазітараў “Жывіца” сёлета яшчэ і ўганаравана дыпломам і медалём А.Вярцінскага. Дастоўна прагучаў голас пачынаючай паэткі Святланы Саўчанкі з Барысава. Два паэтычных зборнікі на рахунку бялыніцкага паэта шырокага тэматычнага дыяпазону і шматколернай настраёвай тэматыкі Васіля Лагойкі-Вострага. Крупіцкі хлопец Андрэй Краўчанка – узор аптымізму. Нягледзячы на фізічныя абмежаванні, гучна сцвярджае: творчасць не мае межаў, травінка малая праб’ецца скрозь асфальт. Калі ў душы прабіўся парастак творчасці (Андрэй яшчэ і малюе!), ён не можа не праявіцца напоўніцу. Удала дэбютавалі на фэсце асіпаўчане: Аляксандар Анюхоўскі – аўтар зборніка паэзіі “Давайте о любви поговорим”, член Міжнароднага саюза рускамоўных пісьменнікаў з салідным паэтычным багажом і абярэмкам творчых удач. Людміла Кукатава і Алена Равяка з паселка Ялізава – удзельніцы ІV Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур Беларусі і Расіі “Созвездие - 2023”, укладальнікі калектыўнага зборніка “На крыльях поэзии”. Таленавітая жыхарка Бярэзіншчыны Галіна Яблонская – жанчына з размахам: піша вершы, апавяданні, паэтычныя перазовы па матывах вершаў іншых паэтаў. Усход жыцця і творчасці – родная вёска Любушаны. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры мае адчувальную повязь з роднымі мясцінамі, продкамі. Двойчы пераможца рэгіянальнага анлайн-конкурса “Дзяды і нашчадкі”, творчасць прадстаўлена ў літаратурных альманахах “Галасы роднай старонкі”, “Шляхам Вайніловіча”, “Дзе гамоніць Бярэзіна” і аўтарскім зборніку з выдавецкай падтрымкай Бярэзінскай раённай бібліятэкі “Неба ззяе промнямі душы”. У зборніку “Фальклорныя напевы” бярэзінскай аматаркі прыгожага пісьменства Ніны Насульскай у ладным суседстве вершы і казкі (для дзяцей і дарослых), перакладзеныя на балкарскую і бурацкую мовы. Лірычным мастком сяброўства гучаў на фэсце песенны гімн Беразіно і аўтарскія песні бярэзінскага самародка Мікалая Міхайлоўскага з 20-гадовым членствам у абласным творчым клубе “Жывіца” і салідным багажом вершаў землякоў, пакладзеных на ноты.
Відавочна, што літаратурнае жыцце паўнакроўна развіваецца не толькі ў вялікіх гарадах, і правінцыя багатая на таленты. Не месца жыхарства гаворыць пра творцу, а яго талент. Хоць кажуць, што творчасць не церпіць авацый, ды старанні кожнага пахвальныя. Літаратарам і бібліятэкарам - партнёрам па праекту былі ўручаны дыпломы з пажаданнем стымуляваць дзейнасць мясцовых літаратурных аб’яднанняў і выдавецтва літаратурных альманахаў творчасці сваіх рэгіёнаў.
Сяброўскі ўнёсак – падораныя Бярэзінскай бібліятэцы кнігі з аўтографамі аўтараў – удзельнікаў ІІ літаратурнага рэгіён-фэсту і зборнік творчасці І літаратурнага фэсту “Літаратурнае сузор’е – 2023”. Чытачы бярэзінскай кніжніцы могуць азнаёміцца з творчасцю таленавітых літаратараў “Творчы аўтограф суседніх рэгіёнаў”.
Сяброў мы не губляем, не раскідваемся аднойчы адкрытым (знойдзеным) скарбам. Штогод у фэст уліваюцца свежыя творчыя сілы, дабаўляюцца новыя імёны літаратараў, якія ўпэўнена займаюць свае нішы ў літаратурным асяродку. Фэст завяршыўся, а ўражанняў і творчага запалу хопіць на цэлы год. Развіталіся з лёгкай шчымлівінкай і паставілі напрыканцы сустрэчы шматкроп’е. Жыццё патрабуе працягу фестывальнай сагі ў Беразіно!
Фотогалерея:
Мы в соцсетях & RSS