IV фестываль беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты”

26.11.2026

У ДУК “ Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” адбыўся IV фестываль беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты”, накірованы на папулярызацыю айчыннай літаратуры, роднага слова і чытання.

Пісьменнікі, госці IV фестывалю беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты”, не прамінулі пазнаёміцца з Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай – ініцыятарам і арганізатарам фестывальных літаратурных сустрэч на Бярэзіншчыне, якія штогод ладзяцца ў Беразіно з 2023 года.

   

З гонарам прагучалі імёны бярэзінскіх літаратараў і цікавыя факты іх жыццёвых і творчых біяграфіяў на прэзентацыі бібліятэчнай экспазіцыі “Літаратурнае сузор’е Бярэзіншчыны”.

  

  

  

Экскурсія па бібліятэцы дала магчымасць літаратарам прайсціся па эстэтычна аформленых залах, пазнаёміцца з кніжным фондам галоўнай кніжніцы раёна, з выставачнымі экспазіцыямі па прапагандзе сучаснай беларускай літаратуры і навінак кнігавыдання, а таксама пагутарыць з бібліятэкарамі аб запатрабаванасці беларускай кнігі і формах яе папулярызацыі сярод бярэзінскіх чытачоў дарослага і школьнага ўзросту.

  

  

  

Наведванне эксклюзіўнага інфармацыйна-краязнаўчага цэнтра бібліятэкі дазволіла прадстаўнікам пісьменніцкай гвардыі даведацца аб гісторыі Бярэзінскага краю, знамянальных і памятных падзеях і фактах, знакамітых нараджэнцах і культурных брэндах раёна.

  

Цёплая і запамінальная творчая сустрэча прайшла з сучаснай беларускай пісьменніцай, паэткай, празаікам, аўтарам песень, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі - Таццянай Цвірка.

Ураджэнка Клецкага раёна, філолаг па адукацыі - здаецца сам лёс вёў яе да мастацкага слова, дзе любоў да роднага краю пераплятаецца з глыбокім веданнем мовы. Падчас гутаркі Таццяна падзялілася з гасцямі гісторыяй свайго прыходу ў літаратуру і расказала пра тое, што служыць для яе галоўнай крыніцай натхнення. Прагучалі шчырыя, напоўненыя любоўю да роднай зямлі вершы са зборнікаў "Ясачка долі маей","Слодыч мяты-горач палыну" ,”І толькі май іх не забудзе",а таксама разважанні аўтара пра яе празаічную кнігу "Ліфт".

Сустрэча прайшла ў фармаце давернага дыялогу.Час праляцеў непрыкметна, шчырасць і адкрытасць пісьменніцы не пакінулі абыякавым ніводнага чытача.

  

  

Яскравая і запамінальная літаратурная сустрэча прашла з вядомай беларускай дзіцячай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Курэк (Любчанка).

У гэты дзень пісьменніца прыехала да юных чытачоў не адна, а са сваёй дружнай творчай камандай — мужам Паўлам Любчанкам і малодшым сынам.

Асноўная частка мерапрыемства была падрыхтавана спецыяльна для вучняў малодшых класаў і ператварылася ў сапраўднае інтэрактыўнае свята. Алена знаёміла дзяцей са сваімі добрымі і займальнымі вершамі, а школьнікі з задавальненнем уключаліся ў дыялог і наперабой адказвалі на пытанні аўтара. Сапраўдны фурор выклікала выступленне мужа пісьменніцы — Павел Любчанка выконваў для дзяцей задорныя дзіцячыя песні. Дзеці не змаглі ўседзець на месцы: зала дружна падпявала, рухалася ў такт музыцы і танцавала. Юныя чытачы выходзілі і чыталі вершы на памяць, за што атрымлівалі заслужаныя апладысменты і прыемныя падарункі ад гасцей.

Сустрэча прайшла неверагодна весела, шумна і душэўна. Яна падарыла дзецям мора пазітыўных эмоцый і, безумоўна, натхніла іх на чытанне новых цікавых кніг.

  

Творчая сустрэча навучэнцаў СШ №2 г. Беразіно з беларускім пісьменнікам-фантастам, журналістам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і намеснікам галоўнага рэдактара раённай газеты "Бярэзінская панарама" Аляксандрам Бычкоўскім.

Падчас жывога дыялогу аўтар падзяліўся са школьнікамі сакрэтамі стварэння захапляльных фантастычных сюжэтаўсваіх твораў, распавёў пра тонкасці працы ў раённай прэсе. Асаблівую ўвагу на сустрэчы ўдзялілі творчаму шляху пісьменніка. У біяграфіі Аляксандра Бычкоўскага ўжо цэлы шэраг яркіх твораў: “Горад на 101-м кіламетры”, “Анамалія”, “Ацалелы, або Вясёлыя хаўтуры”, “Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры”, “Дзеці “Сільмарыліёна”, “Анёл Гаўрыла", «Замарочча». Акрамя таго, аўтар пазнаёміў школьнікаў са сваёй навінкай - кнігай "Чароўны чамадан з пахам адрэналіну", якая зусім нядаўна выйшла ў свет. Пісьменнік з задавальненнем адказаў на шматлікія пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак. Юных чытачоў цікавіла, дзе пісьменнік чэрпае натхненне, колькі часу ідзе на напісанне адной кнігі і як нараджаюцца незвычайныя сюжэты.

Напрыканцы мерапрыемства аўтар пажадаў навучэнцам не баяцца марыць, больш чытаць і спрабаваць свае сілы ў творчасці.

IV фестываль беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты” традыцыйна парадаваў бярэзінскіх прыхільнікаў літаратуры сустрэчамі з беларускімі пісьменнікамі.

Творчыя людзі – паэты, празаікі, аўтары пакладзеных на музыку вершаў уразілі аўдыторыю шчырасцю суадносінаў, арыгінальнымі самапрэзентацыямі сваёй літаратурнай творчасці, падарылі зацікаўленай публіцы эстэтычнае задавальненне, паспрыялі развіццю літаратурнага густу, неслі рэкламу лепшых аўтарскіх твораў.

Фестываль “Кніжныя гарызонты” чарговы раз даказаў: беларуская кніга жыве, развіваецца і знаходзіць шчыры водгук у сэрцах чытачоў. На памяць пра сустрэчу госці пакінулі цеплыя пажаданні ў Кнізе ганаровых гасцей бібліятэкі і падарылі свае выданні ўстанове.

 

 

 

поделиться в: