Месячнік літаратурнага краязнаўства ў Бярэзінскай раённай бібліятэцы працягваецца рэкламай творчасці землякоў з пачуццём гонару за літаратурна адораных нараджэнцаў Бярэзінскага краю і звязаных лёсам з Бярэзіншчынай. Іх імёны ўваходзяць у адзіную карціну нацыянальнай літаратуры, не пабляклі з часам у летапісу раёна. На самым людным месцы, у фае бібліятэкі прадстаўлена мастацкая экспазіцыя “Літаратурнае сузор’е Бярэзіншчыны” – сваеасаблівы літаратурны Алімп бярэзінскіх літаратараў. У суправаджэнні каментарыя бібліятэкара такая форма дазваляе прадставіць мясцовых пісьменнікаў у багацці цікавых звестак і творчых дасягненняў на літаратурнай ніве. У нас 2 лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР, 3 ганаровыя грамадзяніны, 3 кандыдаты філалагічных навук, прафесар і заслужаны дзеяч культуры. У гонар 4-ох названы вуліцы. Самая папулярная прафесія бярэзінскіх пісьменнікаў – настаўнікі (14), затым журналісты (6). Ёсць сярод іх акцёр і дыктар радыё, шахцёр, інжынер... Цікавасць выклікае інфармацыя “Малавядомае пра вядомых”. У біяграфіі Р.Нехая прасочваецца супадзенне з біяграфіяй беларускага пісьменніка В.Быкава (абодва ўдзельнікі вайны, лейтэнанты- артылерысты, абодвух памылкова залічылі ў спіс загінулых). Франтавым карэспандэнтам, як і К.Сіманаў, прайшоў вайну адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі Я.Герцовіч, у франтавой журналістыцы кантактаваў з вядомымі савецкімі паэтамі А.Сурковым і М.Матусоўскім (апошняга вынес параненым з акружэння). Яўген Курто з в.Рачыборак пешкі прайшоў Каўказ, бачыў Крым, але свой самы ўзнёслы гімн адрасаваў радзіме ў літаратурным нарысе “Свет мой, Бярэзань”. Пісьменнік-натураліст Р.Ігнаценка (бярэзінскі Прышвін) выхаванцам дзіцячага дому ў пачатку вайны зведаў эвакуацыю, быў усыноўлены армянскай сям’ёй і насіў другое імя, дабраўся з далёкага Баку да роднай Беларусі, працаваў выкладчыкам спеваў у в.Паплавы, аўтар музыкі гімна Беразіно. Усебакова адораны паэт і празаік, журналіст і мастак У.Несцяровіч мае свой паэтычны шэдэўр – верш “Хлеб”, які ўключаны ў рэпертуар заслужанага артыста Беларусі А.Саладухі. Пасля азнаямлення з экспазіцыяй наведвальнікі бібліятэкі змогуць ацаніць пісьменніцкае майстэрства землякоў, пагартаўшы іх творы з фонда бібліятэкі.
У кампаніі з пісьменнікамі
26.11.2026
Мы в соцсетях & RSS