Традыцыйная пятніца “Кузьмінкі – што за дзень?”

13.11.2026

Традыцыйная пятніца “Кузьмінкі – што за дзень?”, прысвечаная дню праваслаўных святых Кузьмы і Даміяна (14.10), прайшла ў Багушэвіцкай СІБК.  Святыя Кузьма і Дзям’ян лічыліся заступнікамі рамёсел (асабліва кавальства), шлюбу, хатняй птушкі і лячэння. Традыцыйна ў гэты дзень праваджалі восень і сустракалі зіму. Ад гэтага часу пачыналіся зімовыя заняткі, калі маладухі і дзяўчаты збіраліся разам на пасядзелкі, і першыя з іх называліся Кузьмінкі, бо адбываліся  на свята Кузьмы і Дзям’яна. Менавіта таму, традыцыйная пятніца пачалася хэндмэйд-пасядзелкамі “Незабытыя рамёствы”, прысвечанымі Сусветнаму дню рукадзелля, які адзначаецца амаль у той жа час – 16 лістапада. Падчас мерапрыемства нашы наведвальніцы пазнаёміліся з тэхнікай лічыльнай вышыўкі крыжыкам і работамі Галіны Шаўчэнка. Таксама яны даведаліся пра традыцыі святкавання Казьмадзем’яна, народныя прыкметы, якія тычацца гэтага дня. Удзельніцы мерапрыемства расказалі пра свае любімыя віды творчасці: вязанне на прутках і гачком, пляценне з травы, пэчварк. Вера Грыбуш расказала пра садовы дэкор, які яна вырабляе з дошак, галінак, каранёў, бетону і пластыку, а Рыта Яфрэменка прадэманстравала кошык з яловых карэньчыкаў, які спляла сама. Таксама наведвальніцам была прапанавана выстава літаратуры, прысвечанай традыцыйным відам беларускіх рамёстваў і сучаснаму рукадзеллю.
Працягам традыцыйнай пятніцы стала выстава работ мясцовых майстрыц “Прыгажосць нараджаецца ў Багушэвічах”, падчас якой наведвальнікі бібліятэкі змаглі пазнаёміцца з ручнымі вырабамі дэкаратыўнага і бытавога прызначэння. Пенсіянерка Галіна Шаўчэнка прапанавала цікавыя вышыўкі, вырабы з папяровай лазы, дэкаратыўныя слоічкі і бутэлькі, а культарганізатар Анастасія Гуліс – кошык з травы, невялікія вязаныя вырабы (шкарпэткі, падушку).

поделиться в: