Зборнік літаратурнай спадчыны земляка

10.11.2026

Зборнік літаратурнай спадчыны земляка
Выдавецкая дзейнасць Бярэзінскай раённай бібліятэкі па папулярызацыі гісторыі краю, памятных і знамянальных датаў і слынных людзей мае асаблівую запатрабаванасць. Да 95-годдзя бярэзінскай раённай газеты прымеркавана выданне зборніка асобных твораў журналіста і пісьменніка, нараджэнца вёскі Брадзец Міхаіла Пятровіча Сакава. Жыццёвыя пуцявіны земляка багатыя на падзеі, журналісцкая і літаратурная творчасць шматгранная. Удзельнік партызанскага руху ўганараваны медалём “За адвагу”, перанос тры блакады, друкаваўся ў падпольнай раённай газеце, меў 35-гадовы журналісцкі стаж у раённым друку. Нёс чытачам слова праўды і сумлення, быў адказны за літаратурную старонку і за сатырычныя раздзелы “На плынь Бярэзіны” і “Тарасова жыгучка”. Літаратурная спадчына таленавітага журналіста — не для хатняга ўжытку. Падрыхтаваны сынам Уладзімірам зборнік літаратурнай спадчыны Міхася Сакава з’яўляецца данінай пашаны бацьку і прадстаўляе непадробны інтарэс для бярэзінцаў. Выданне Бярэзінскай раённай бібліятэкі “Літаратурная спадчына Міхася Сакава” уключае вершы філасофскай, пейзажнай і патрыятычнай тэматыкі, апавяданні, гумарэскі, публіцыстыку, кароткія мініяцюры і казкі для дзяцей, багата ілюстравана фотаздымкамі з сямейнага архіву Сакавых. Зборнік літаратурнай спадчыны земляка на спажытак шматлікіх удзячных чытачоў прадстаўлены на паліцах раённай бібліятэкі.

поделиться в: