Літаратурная пятніца ў гонар журналістаў
На працягу года ў бібліятэках Бярэзіншчыны доўжыцца праект “Кожная пятніца – роднае, сваё” і здзіўляе наведвальнікаў цікавай рэкламнай інфармацыяй аб бярэзінскіх адметнасцях і знакамітых земляках, юбілейных і памятных датах у гісторыі раёна. Першая пятніца лістапада была прымеркавана да 95-годдзя бярэзінскай раённай газеты. На працягу дня трымала рэйтынг цікавасці прадстаўленая ў Бярэзінскай раённай бібліятэцы экспазіцыя “Журналісты з талентам пісьменнікаў”. Прадстаўлена творчая спадчына нараджэнцаў Бярэзіншчыны, журналістаў раённай газеты Міхася Сакава і Івана Маркевіча. Наведвльнікі бібліятэкі з цікавасцю знаёміліся з паэтычнымі зборнікамі І.Маркевіча “Камандзіроўка”, “Васількі”, “Мой адрас”, “Зерне ў каласку паэзіі” (два апошнія выдадзены Бярэзінскай ЦБ з надрукаванага ў раённай газеце і захаванага ў хатнім архіве паэта). Просты сялянскі хлопчык з в.Восава перажыў ваеннае ліхалецце, пасля школы працаваў у родным калгасе і сельсавеце, а затым здзейсніў мару стаць журналістам і развіць свае паэтычныя здольнасці. З 1973 па 1977 гады працаваў у рэдакцыі рэспубліканскай газеты “Літаратура і мастацтва”. Пайшоў з жыцця ў 1981 годзе, аднак яго паэзія не страчвае цікавасці ў сучаснікаў. Тэмай свайго даследвання абрала зборнік паэзіі І.Маркевіча “Васількі” навучэнка Гарэніцкай школы Надзея Карповіч, атрымала станоўчую адзнаку, трапіла ў элітную групу ліцэю БДУ, зараз працуе выкладчыкам ў Мінску. Трагедыі спаленай у гады вайны роднай вёскі прысвечана паэма паэта “Гарачае вуголле”, легендарнай партызанскай сувязной Марыі Рамановіч – цэлая балада. Проза І.Маркевіча прадстаўлена апавяданнямі у рукапісным выглядзе і складзе наступнае выданне Бярэзінскай бібліятэкі.
Літаратурная бібліятэчная пятніца дазволіла пазнаёміць землякоў і з літаратурна-журналісцкай дзейнасцю нараджэнца в.Брадзец са шматдзетнай сям’і Міхася Сакава, былога партызана, адзначанага медалём “За адвагу”. У яго літаратурнай творчасці ёсць месца патрыятычнай і лірычнай тэме, гумару і філасофскаму роздуму. Журналіст раёнкі пісаў вершы, фельетоны, гумарэскі, п’есы, дзіцячыя казкі, вёў на старонках раённага друку сатырычныя раздзелы “Тарасова жыгучка” і “На плынь Бярэзіны”. Плённы творчы набытак журналіста прадстаўлены ў зборніку “Літаратурная спадчына М.Сакава”, падрыхтаваны сёлета яго сынам Уладзімірам. Гэта духоўнае пасланне нашчадкам таленавітага земляка, патрыёта, пісьменніка і журналіста, сапраўднага інтэлігента, гадаванца Бярэзінскай зямлі.
Літаратурная пятніца ў гонар журналістаў
06.11.2026
Мы в соцсетях & RSS