Прысвячэнне журналістам з літаратурным талентам

05.11.2026

Прысвячэнне журналістам з літаратурным талентам
95-гадовы юбілей раённай газеты пераўтварыў лістапад у шматколерную падзею і сабраў у Бярэзінскай раённай бібліятэцы пріхільнікаў раённага друку і ветэранаў журналісцкай працы на вечарыну-прысвячэнне “Журналісты з літаратурным талентам” і падарыў узнёслы настрой ад судакранання з журналісцкай і творчай дзейнасцю Міхася Сакава і Івана Маркевіча. Імёны гэтых таленавітых нараджэнцаў Бярэзінскага краю вартыя ўвагі і ўшанавання, годныя шчырага слова і добрай памяці, бо і сёння з’яўляюцца сваеасаблівым брэндам раённай газеты. Урачыстым акордам вечарыны стала прэзентаванне выдадзеных да гэтай нагоды Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай зборніка літаратурнай спадчыны М.Сакава і паэтычнага зборніка І.Маркевіча “Зерне ў каласку паэзіі” да 90-годдзя аўтара. Было цікава паслухаць успаміны Уладзіміра Сакава пра свайго таленавітага бацьку, даведацца пра яркія эпізоды і цікавыя факты яго партызанскай і журналісцкай дзейнасці на ніве раённага друку. Пранікнёна гучала слова пра калегу з успамінамі А.Палынскага і А.Альфер і верш-прысвячэнне старэйшаму журналісту М.Сакаву аўтарства Г.Шчур. Ажылі старонкі захапляльнай аповесці жыцця Івана Маркевіча - гадаванца вёскі Восава, чыё дзяцінства было ўкрыжавана вайной, працоўная біяграфія пачыналася ў родным калгасе, працягнулася старшынствам ва Ушанскім сельсавеце, а ў 1963 годзе ў 27-гадовым узросце ён пачаў пісаць свой службовы раман з журналістыкай. Паэтычны талент земляка ўзрос васільком на ніве паэзіі, і ў 37 гадоў займеў свой першы зборнік паэзіі “Камандзіроўка”, а другі, выдадзены пасля смерці паэта, атрымаў сімвалічную назву “Васількі”. На мерапрыемстве прысутнічалі сталічныя госці – сваякі І.Маркевіча, вясковая інтэлігенцыя з ушанскай зямлі, прадстаўнікі Бярэзінскага сельсавета, аддзела па ідэалагічнай рабоце райвыканкама і раённага Савета ветэранаў. Шчыра ўспрымаліся публікай песні М.Міхайлоўскага на словы таленавітых землякоў. Жыццё закончылася - памяць застаецца, журналісцкае і пранікнёнае паэтычнае слова крыляюць у бессмяротнасць, а са зборнікамі творчасці землякоў можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы.

поделиться в: