Літаратурная пятніца «Вандруем разам з кнігай», прысвечаная Сусветнаму дню турызма, які адзначаецца 27 верасня, прайшла ў Багушэвіцкай СІБК. На сённяшні дзень турызм – актыўна растучая галіна беларускай эканомікі, паколькі Прэзідэнтам пастаўлена задача дасягнуць 4,5% УВП да 2030г. Багушэвічы – не проста кропка на мапе нашай краіны: касцёл Божага цела прываблівае шматлікіх падарожнікаў, а прыгажосць навакольнай прыроды запрашае адпачыць у нашым аграгарадке. Менавіта таму літаратурная пятніца пачалася з краязнаўчай інфарміны для школьнікаў “Бярэзіншчыны дзіўныя куточкі”. Дзеці даведаліся пра незвычайны лёс нашага касцёла і шматвекавую гісторыю Багушэвіч. Таксама іх зацікавілі кнігі аб такіх знакамітых гістарычных асобах Бярэзіншчыны, як Баляслаў Свентаржэцкі, Валенцій і Мельхіёр Ваньковічы, Ганна Патоцкая. Новая кніга “Бярэзінскі раён. Мінулае. Сапраўднае. Будучае” пазнаёміла нашых наведвальнікаў з гонарам і дасягненнямі нашага раёна. І гэта сапраўды “Роднае, сваё”!
Працягам літаратурнай пятніцы стала літаратурнае падарожжа “Вандруем па Беларусі!”, падчас якога дзеці праклалі маршрут па нашай краіне з дапамогай кніг: ад найпрыгажэйшых маляўнічых куточкаў прыроды праз цікавыя гістарычныя мясціны да сучасных абласных цэнтраў і ў квітнеючы Мінск.
Сталым наведвальнікам нашай бібліятэкі падчас літаратурнай пятніцы было прапанавана іншае падарожжа – выстава кніг “Падарожнічаем праз прастору і час з беларускімі пісьменнікамі”. Падчас прэзентацыі выставы нашы чытачы пазнаёміліся з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў у самых розных жанрах: гістарычным раманам М.Галдзянкова “Аляксандр Македонскі і яго Вялікі паход”, найцікавейшым цыклам гістарычных апавяданняў А.Марціновіча “Святло далёкіх зорак” аб выдатных нараджэнцах нашай зямлі, якія кіравалі, падарожнічалі, рабілі геаграфічныя і навуковыя адкрыцці па ўсім свеце, цыклам прыгодніцкіх і фантасмагарычных раманаў Л.Рублеўскай аб Пранцішы Вырвічы, ваенна-гістарычным дэтэктывам Н.Голубевай “Лялечнік”, новым дэтэктыўным раманам А.Кузняцовай з цыклу “Вэлюм часу” – “Кроў служанкі”, жаночымі раманамі і аповесцямі Н.Батраковай, В.Быстрымовіч, Л.Багданавай, М.Літошка, В.Маслюковай, М.Прохар. Асобна ў гэтым шэрагу стаялі творы В.Праўдзіна і А.Кажадуба, у якіх дзеянне адбываецца па-за межамі Беларусі. Напрыканцы прэзентацыі многія з кніг знайшлі свайго чытача.
Літаратурная пятніца «Вандруем разам з кнігай»
25.09.2026
Мы в соцсетях & RSS