У рамках Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў”

13.08.2026

У рамках Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” ў канстэксце дзяржаўнага свята Дзень  беларускага пісьменства ў Бярэзінскую цэнтральную раённую бібліятэку завітала прадстаўнічая дэлегацыя: Аляксандр Пачопка – протаірэй, настаяцель храма Св. Міколы Цудатворцы в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, Ігар Шаладонаў – вядучы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі ў галіне беларускай культуры, мовы і літаратуры, Аляксандр Лабада – журналіст і фотамастак, Вадзім Спрынчан – паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з кіраўніком экспедыцыі Аляксандрам Лапата-Загорскім – навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы. Шаноўныя госці выступілі перад мясцовай інтэлігенцыяй (перад супрацоўнікамі бярэзінскай кніжніцы) з пранікнёным словам аб сваёй духоўна-асветніцкай місіі ў складзе навукова-асветніцкай экспедыцыі, якая доўжыцца ўжо 33 гады і спрыяе зберажэнню духоўна-культурнай спадчыны Беларусі. Паэт Вадзім Спрынчан – прадстаўнік паэтычнай дынастыі ў трох пакаленнях з рэдактарскім вопытам дзейнасці ў аддзелах паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура” і часопіса “Полымя”, аўтар зборніка паэзіі “Зямля і зоркі”, перакладчык  беларускіх паэтаў Р. Барадуліна, А. Пысіна – прачытаў свае вершы ў сваёй арыгінальнай аўтарскай падачы. Кожнае выступленне несла агульную думку аб важнасці бібліятэчнага ўнёску ў папулярызацыю самабытнай беларускай мовы, культуры і літаратуры, данясенне духоўнасці да сучаснікаў праз пранікнёнае, адухоўленае слова, праз кнігу і вернасць нацыянальным святыням.

Пасля творчай сустрэчы з бярэзінскай інтэлігенцыяй удзельнікі Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” у ходзе экскурсіі па залах і інфармацыйна-кразнаўчым цэнтры бібліятэкі азнаёміліся з культурна-творчымі, краязнаўча-пошуковымі і выдавецкімі набыткамі, кніжнымі і мастацкімі выставамі, пасля чаго выказалі станоўчую ацэнку дзейнасці вядучай ўстановы культуры Бярэзіншчыны ў справе папулярызацыі нацыянальнай літаратуры, культуры і матэрыялаў пра гісторыка-культурнае развіццё краю. У кнізе водгукай пажадалі далейшага плёну ў такой патрэбнай і запатрабаванай у сучаснам грамадстве справе.

поделиться в: