Да Дня аховы навакольнага асяроддзя (06.06) члены клуба “Беразавічок” Багушэвіцкай СІБК накіраваліся ў экалагічна-краязнаўчы шпацыр “Сцежкамі роднага краю”. Дзеці рушылі да нашай знакамітасці – Касцёла Божага цела. Яны даведаліся, што завулак Кавалёнка і вуліца Зарэчная – гэта рэшткі старажытнага шляху на Ігумен (Чэрвень), а з вуліц Садовай і Чаромхавай гэты шлях збочваў на Бабруйск. Потым яны звярнулі на увагу на дрэвы, якія колам ахапілі Касцёльны пагорак: ліпу, дуб, граб, вяз і пазнаёміліся з іх карыснымі ўласцівасцямі і звязанымі з імі прыкметамі. Дзеці даведаліся пра некаторыя шырока распаўсюджаныя ў нашай краіне лясныя і лугавыя расліны, якіх насякомых можна сустрэць ля вадаёмаў, а таксама як пазбавіцца ад надакучлівых камароў і мошак пры дапамозе раслін. Потым яны пазнаёміліся з цікавай кнігай М.Вярзіліна “Па слядах Рабінзона”, якая адзначае ў гэтым годзе 80 год з першага выдання. Іх вельмі зацікавілі старонкі, на якіх падаюцца рэцэпты прыгатавання страў з жалудоў, карэньчыкаў аеру, рагозу і іншых раслін, а таксама як прыгатаваць у паходных умовах мыла, зубны парашок і шчотку і іншыя лайфхакі “выжывальчшыкаў”. Скончылася чарговае пасяджэнне клуба “Беразавічок” імправізаваным пікніком, падчас якога дзеці ўзгадалі правілы бяспечных паводзін у лесе, ля вадаёмаў і пры развядзенні полымя.
Экалагічна-краязнаўчы шпацыр “Сцежкамі роднага краю”
06.06.2026
Мы в соцсетях & RSS