НА ПАРНАСЕ З ЗЕМЛЯКОМ
Бярэзінскі край багаты на таленавітых людзей, масавую папулярызацыю іх творчасці забяспечвае выдавецкая дзейнасць Бярэзінскай раённай бібліятэкі. Вартасць такіх бібліятэчных выданняў вымяраецца не колькасцю старонак, а іх выключнай напоўненасцю. У год 130-гадовага юбілею беларускага байкапісца Кандрата Крапівы, літаральна на днях, ластаўкай паляцеў у свет дэбютны зборнічык нашага земляка Уладзіміра Сакава “О серьёзном через смех”. Не шэрапапяровае выданне, не рамяство, а першацвет аўтарскай душы. Пры сціплай вокладцы дыхтоўны па зместу (змяшчае звыш 50 баек), сапраўдны экслюзіў пры нашай духоўнай бясхлебіцы. Пад кожным радком дасціпных баек з нестрыножанай думкай сатыры і ўменнем накінуць аброць маралі можна ставіць таўро майстра. Байкі на рускай і беларускай мовах – сведчанне таго, што хлеб аднолька смачны, на якой мове яго не называй!
Уладзімір Сакаў – вядомая ў раёне асоба. Інтэлігент з народа, тытулаваны педагог, удзельнік I Усебеларускага сходу настаўнікаў. Зведаў вятрыстае жыццё дырэктара школы, адбыўся ў прафесіі настаўніка гісторыі, а зараз на пенсіі радуе землякоў сваім паэтычным талентам. Выхадзец таленавітага роду-племені. Яго бацька Міхась Сакаў – легендарны журналіст раённай газеты, валодаў паэтычным дарам, вёў папулярную ў народзе рубрыку “Міхасёва калючка”. Пра яго казалі: “Зойдзем да Сакава на шклянку думкі”.
Талент на аброці не ўтрымаеш! Уладзімір Сакаў мае вопыт напісання вершаў, некаторыя пакладзены на мелодыю бярэзінскім бардам Мікалаем Міхайлоўскім і ўжо палюбіліся публікай. Творчасць паэта-аматара можна параўнаць з дрэвам, што гонка расце ў гару, выкідваючы ўсё новыя парасткі маладых лісточкаў, і ў кожным лістку – новы парастак. У байцы аўтар удала трапіў на сваю залатаносную дзялянку, праявіў спрыт асядлаць дагэтуль неаб’езджанага наравістага каня, бо байка – асаблівы жанр літаратуры з характэрнымі спецыфічнымі адзнакамі: іншасказальнасць, алегарычнасць, вобразнасць, маральнае павучанне.
Выдадзены аўтарам зборнік баек з ясным усведамленнем: пісанне-асалода, друкаванне-адказнасць!Як казалі нашы продкі: словы адлятаюць, напісанае застаецца! Пісьменнік выспяліў, як дзьмухавец, увесь плод свайго росту – і рассыпаў у прыгаршчы свету: “Бярыце людзі, чытайце!”. Зборнік прадстаўлены сярод навінак Бярэзінскай кніжніцы даступны для ўдумлівага чытання для кожнага жадаючага. Годнасць выдання праверана на свяце байкі “На Парнасе з земляком”, на якім аўтар прэзентаваў сваю творчасць байкапісца. Станоўчую ацэнку яго таленту выказалі калегі-настаўнікі, сябры, старшыня раённага савета ветэранаў і пажадалі множыць свае творчыя набыткі. Сяброўскія шаржы-эпіграмы сталі Бярэзінскаму Крылову лепшай рэкламай.
Байкі У. Сакава ўжо пачалі жыць сваім жыццём, многія ўжо разабралі на цытаты, як турысты Акропаль. І гэта найлепшае сведчанне жывучасці і запатрабаванасці байкі ў народзе.
НА ПАРНАСЕ З ЗЕМЛЯКОМ
08.04.2026
Мы в соцсетях & RSS