Свята байкі “На Парнасе з земляком”

03.04.2026

Праект “Кожная пятніца — роднае, сваё” працягвае радаваць гараджан самабытнымі мерапрыемствамі. Свята байкі “На Парнасе з земляком” сабрала ў актавай зале Бярэзінскай раённай бібліятэкі мясцовую інтэлігенцыю. Свой дэбютны зборнік баек “О серъёзном через смех”, выдадзены галоўнай бібліятэчнай установай раёна, прэзентаваў Уладзімір Сакаў, тытулаваны педагог, які зведаў вятрыстае жыццё дырэктарства, адбыўся ў прафесіі настаўніка гісторыі, а зараз на пенсіі радуе землякоў сваёй неардынарнай паэтычнай творчасцю.

Аўтар прапанаваў зацікаўленай увазе публікі першацвет сваёй душы, знайшоў для гаворкі вартыя словы, сыпаў афарызмамі, выступіў цікавым, тонкім суразмоўцам – не крыклівым, амбітным, а самабытным. Станоўчую ацэнку яго таленту байкапісца выказалі калегі-настаўнікі, сябры, старшыня раённага савета ветэранаў і пажадалі множыць свае творчыя набыткі.

Сяброўскія шаржы-эпіграмы сталі Бярэзінскаму Крылову лепшай рэкламай. На ўсю моц сакаталі байкі Уладзіміра Сакава, заліваўся гармонік Міхася Папругі, ствараючы добры настрой, замілаванне дасціпным словам, нестрыножанай думкай едкай сатыры і гумару.

поделиться в: