Фестываль беларускай кнігі

26.11.2025

Сёння на Бярэзіншчыне стартаваў традыцыйны фестываль беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты”. У Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы пачаліся сустрэчы сучасных беларускіх пісьменнікаў з бярэзінскімі кнігалюбамі- прыхільнікамі прыгожага пісьменства. Старшакласнікам была адрасавала творчая сустрэча з беларускім паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса “Полымя”, аўтарам трох паэтычных зборнікаў Рагнедам Малахоўскім “Я малюю фарбамі душы”. Таленавіты майстр паэтычнага радка, аўтар электроннай музыкі, аматар фотамастацтва шчыра падзяліўся з маладымі сучаснікамі сваімі творчымі набыткамі і поглядамі на ролю сучаснай літаратуры ў грамадстве. Жадаючыя маглі набыць паэтычныя зборнікі аўтара з аўтографамі.

Беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, настаўніца па адукацыі, кіраўнік сталічных студый юных літаратараў Іна Фралова парадавала бярэзінскіх школьнікаў сваімі дасканалымі вершамі і сюжэтамі цікавых апавяданняў, пазнаёміла са сваімі маляўніча аформленымі выданнямі, адказала на пытанні зацікаўленых юных чытачоў, Аўтографы аўтара на падораных выданнях сталі для рабят асаблівым знакам сяброўства.

Трэці год запар у Бярэзінскай раённай бібліятэцы ў фармаце літаратурнай восені ладзяцца фестывалі беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты” з удзелам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Пасля эстафеты сустрэч пісьменнікаў з бярэзінскімі чытачамі на бібліятэчнай пляцоўцы, традыцыйна праходзяць пасяджэнні за круглым сталом пісьменнікаў, бібліятэкараў школьных і публічных бібліятэк, настаўнікаў літаратуры Бярэзінскага раёна. Сёлета ўсіх з’яднаў круглы стол “Дарослыя праблемы дзіцячай літаратуры”. Аўтарытэтнымі ўдзельнікамі дыскурса сталі сталічныя пісьменнікі І. Фралова і Р. Малахоўскі. Ішла зацікаўленая размова аб значнасці жанру дзіцячай літаратуры, адказнай місіі пісьменнікаў, бібліятэкараў і настаўнікаў у справе выхавання падрастаючага пакалення, аб асаблівай запатрабаванасці твораў для падлеткаў. У ходзе стасункаў удзельнікі круглага стала падзяліліся творчымі падыходамі да папулярызацыі беларускай кнігі. Такія сустрэчы-дыялогі карысныя і самім пісьменнікам, і прыхільнікам іх таленту.

поделиться в: