Фэст прызямліўся ў Беразіно

21.11.2025

Фэст прызямліўся ў Беразіно.

Тры гады назад на Бярэзіншчыне пакладзены пачатак праекту “Літаратурны рэгіён-фэст “Масты сяброўства”. Плённы складнік – наладжаныя творчыя кантакты з трыма раёнамі Міншчыны і трыма раёнамі Магілёўшчыны. Сёлета Муза-восень па традыцыі сабрала ў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы на ІІІ літаратурны рэгіён-фэст творчыя дэлегацыі суседніх з Бярэзіншчынай раёнаў: Барысаўскага (Мінская вобласць), Бялыніцкага і Клічаўскага (Магілёўская вобласць). Прыхільнікі прыгожага пісьменства сабраліся творчай сябрынай падзяліцца радасцю творчасці, выказаць здзіўленне талентамі суседзяў, падсумаваць уласныя творчыя набыткі, зацепліць свой агеньчык творчасці на фестывальнай свяцільні. Самая прадстаўнічая дэлегацыя з Барысаўскага раёна, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Натхненне”. Праклалі першую сцяжыну на сяброўскі фэст творцы Клічаўскага раёна. Удзельнікі творчага форуму – людзі рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Сярод іх – афіцэр запасу, журналіст, рэжысёр, майстар народных рамёстваў, дырэктар школы, культработнік…Зносіны былі нязмушанымі, з зацікаўленым абменам творчымі набыткамі, дэкламаваннем вершаў-візітовак, шчымлівамі споведзямі перад калегамі па пяру. Удала дэбютаваў на фэсце прадстаўнік Клічаўскага раёна. Уладзімір Дзяржанскі прэзентаваў не толькі нізку сваіх вершаў, а і кранальную песенную кампазіцыю на свой верш – прызнанне ў любові роднаму гораду з відэасуправаджэннем. Паэтычны талент Бярэзіншчыны прадставілі Таццяна Верамейчык, Уладзімір Сакаў і аўтарскія песні Мікалая Міхайлоўскага на вершы землякоў. ІІІ рэгіён-фэст у чарговы раз засведчыў : літаратурнае жыццё паўнавартасна развіваецца не толькі ў вялікіх гарадах, а і правінцыя багатая на таленты.Удзельнікі фэсту – аматары прыгожага пісьменства і дзелавыя партнёры Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі па рэалізацыі праекта адзначаны дыпломамі. Сяброўскі ўнёсак літаратурна-творчага фэсту – падароныя Бярэзінскай бібліятэцы кнігі з аўтографамі аўтараў.

поделиться в: