Выязная школа прафмайстэрства

30.10.2025

Выязная школа прафмайстэрства “Інтэграваная сельская бібліятэка аграгарадка – тэрыторыя чытання і краязнаўства” прайшла на базе Ушанскай СІБ з удзелам работнікаў ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка”. Бібліятэкар ушанскай установы Клімовіч Н.Я. прадставіла калегам візітоўку бібліятэкі мовай нагляднасці і рэкламы і трыбуну вопыту “Бібліятэка і школа: супрацоўніцтва дыктуе жыццё”, якую дапоўніла выступленне завуча па выхаваўчай рабоце ДУА “Ушанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” Цюхай А.М. Уражанне аб базе дыслакацыі інтэграванай сельскай бібліятэкі на тэрыторыі школы пашырыла прэзентацыя калекцыі прадстаўленых у фае партрэтаў знакамітых беларускіх літаратараў аўтарства заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі І.Ціханава і наведванне краязнаўчага школьнага музею.

Да юбілею Ушанскай сельскай бібліятэкі былі прымеркаваны інфарм-дайджэст “80 гадоў на службе ў чытачоў” і віншавальная трыбуна “У бібліятэкі юбілей – добрых слоўцаў не жалей”. З асаблівай пашанай былі ўзгаданы прозвішчы тых, хто працаваў на бібліятэчнай ніве Ушаншчыны ў розныя гады і аставіў паслядоўнікам добрыя традыцыі. Трыдцаць чатыры гады плённай працы ў статусе бібліятэкара Ушанскай бібліятэкі ў шаноўнага ветэрана бібліятэчнай справы Шумскай Фаіны Мікалаеўны. Калегі адрасавалі ёй удзячныя словы і кветкі. Ад яе пераняла працоўную эстафету цяперашні бібліятэкар Клімовіч Наталля Яўгенаўна, на працоўным рахунку якой 25 гадоў стажу. З нагоды 80-гадовага юбілею бібліятэкі дырэктар Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэк Маеўская Н.М. уручыла сертыфікат на суму 600 рублёў і падзяку за добрасумленную працу

Размова аб місіі сучасных культработнікаў па папулярызацыі самабытных вясковых традыцый і мясцін, звязаных з імёнамі слынных землякоў была падмацавана экскурс-турам па памятных мясцінах Ушаншчыны “Кожны куток – адметнасці выток” з наведваннем фамільнай пахавальні і памятнага знака на месцы былой сядзібы Ваньковічаў з інфарм-суправаджэннем “Славутыя выхадцы роду Ваньковічаў”, “Рода цёплая калыска”, “Серабрыстыя таполі – равеснікі мастака”. Наведванне былой калюжыцкай дачы беларускага пісьменніка, уладальніка прэміі “Залаты Купідон” Я. Хвалея стала нагодай распавесці пра яго кнігу-прысвячэнне знакамітаму мастаку “Серабрыстыя таполі”. У вёсцы Крупа ля памятнага знака ў гонар 1000-годдзя хрышчэння Русі і святой крынічкі на сямі ключах вялася размова аб святых мясцінах Бярэзінскай зямлі. У вёсцы Вязычын удзельнікі выязной школы майстэрства пазнаёміліся з адметнасцямі паляўнічага комплекса. Уражанні ад наведвання Ушанскай СІБ бібліятэкары выказалі ў ацэначных картках “Калега ацэньвае калегу”.

поделиться в: