РУС БЕЛ ENG

Мир! Май! Труд!

30.04.2025

ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” прапануе ўсім жадаючым пазнаёміцца з выставай “Мир! Май! Труд”. Тут вы можаце даведацца пра гісторыю ўтварэння свята працы, пра нараджэнцаў Бярэзінскага раёна, уганараваных залатым медалём “Серп і молат”, удастоеных звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Сэрца поўніцца гонарам: сярод тых, хто дасягнуў адметных вяршынь Героя Сацыялістычнай Працы – 7 нашых землякоў. Яны – лепшыя  з лепшых: жыццё і справы – па сумленню, працоўны кодэкс прапісаны справай, а не толькі на паперы.  Свае працоўныя подзвігі яны ажыццявілі на тэрыторыі іншых раёнаў Беларусі   і нават рэспублік былога Савецкага Саюза.  Іх біяграфіі, памножаныя на лёсы, сталі нашым усенародным набыткам, а імёны нараджэнцаў Бярэзіншчыны належаць усёй рэспубліцы. Паказальна, што ўсе яны - прадстаўнікі народжанага да вайны пакалення з яго сціпласцю і няўменнем выстаўляць сябе напаказ. Розныя па сацыяльна-прафесійным статусе: тытулаваны акадэмік, вучоны з сусветным іменем, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, першы беларус у складзе АН СССР Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (вёска Лучны Мост); наладчык Мінскага падшыпнікавага завода Сяргей Ільіч Аўсіевіч (в. Ягадка); дырэктар шахты Філіп Сідаравіч Капуста (в. Арэшкавічы); шахцёр Фама Яфрэмавіч Малашкевіч (в. Быковічы), гарняк-экскаватаршчык Васіль Міхайлавіч Ермаловіч (в. Дзевяніца); механізатар Іван Сяргеевіч Белічонак (в. Асмолаўка); старшыня калгаса Рыгор Васільевіч Бельскі (в. Цярэсіна).  Звычайныя ў сваёй незвычайнасці землякі з высокім прафесійным цэнзам, аднолькавыя ў поглядзе на свет і яго першакаштоўнасці па жыццёвых прынцыпах, па стваральнай дзейнасці руплівай працы – у навуковай лабараторыі ці ля станка, у полі, кабінеце старшыні калгаса, у шахце ці вугальным кар’еры – з унёскам неаспрэчным і важкім. Мудрыя сваёй практычнасцю і памяркоўнасцю, сканцэнтраваныя на працу як сэнс жыцця. Яны будавалі свой лёс не на прыстаўной лесвіцы, а на моцным прафесійным фундаменце. Іх працоўныя біяграфіі, уквечаныя гадамі плённай працы – сцвярджэнне таго, што толькі неверагодна працалюбівы чалавек, патрабавальны да сябе і адказны за справу можа дасягнуць такіх значных працоўных вяршынь, быць у авангардзе. Яны верылі ў сваю зорку, і Залатая Зорка заблішчэла на іх грудзях ў 50-70 гады дарагім талісманам працоўнай славы і вернасці абранай прафесіі. На п’едэсталы працоўнай славы іх узводзілі ўдарныя пяцігодкі, у рытме якіх жыла краіна.

поделиться в: