Барыс Флоравіч Манцэвіч - беларускі журналіст, пісьменнік. Нарадзіўся 28 студзеня 1933 года на Мёршчыне ў сям’і настаўнікаў. Бацька — Флор Данатавіч Манцэвіч (1890—1941) браў удзел у Народным сходзе ў Беластоку ў 1939 годзе, выступаў з дакладам па адным з асноўных пытанняў парадку дня, а затым ездзіў з заходнебеларускай дэлегацыяй у Маскву. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у 1941 годзе бацька быў расстраляны захопнікамі ў Полацку. Маці Аляксандра Міхайлаўна засталася адна з пяццю дзецьмі. Яна актыўна ўключылася ў барацьбу з ворагам у радах падпольшчыкаў і партызан, стварыла адзіны ў Беларусі падпольны партызанскі атрад «Масква», а ў пасляваенны час арганізоўвала першы на Мёршчыне дзіцячы дом — Александроўскі.
Барыс Манцэвіч скончыў у 1952 годзе Мёрскую СШ, пасля ў 1957 годзе - аддзяленне журналістыкі БДУ, а ў 1965 годзе — Мінскую вышэйшую партыйную школу. З верасня 1957 г. працаваў адказным сакратаром вілейскай раённай газеты “Шлях перамогі”, з 1967 г. да снежня 1969 г. з’яўляецца намеснікам рэдактара. У канцы 1969 г. Б. Манцэвічу прапанавалі паехаць у Беразіно рэдактарам “Сцяг Леніна”, дзе ён працаваў 27 гадоў. Сааўтар кутка сатыры і гумару газеты “Сцяг Леніна” “Тарасова жыгучка”.
Свае сатырычныя вершы паэт друкаваў у свой час у «Вожыку», “Літаратуры і мастацтве», «Звяздзе», «Рэспубліцы» і ў іншых выданнях.
Мы даўно ведаем Барыса Манцэвіча як выдатнага журналіста, члена Беларускага саюза журналістаў. А вось з паэтам знаёмімся ўпершыню ў 2015 годзе.
Першая кніга «Эстафета» (2015г.) – гэта выдатны зборнік, ён не пакіне абыякавым чытача любога ўзросту. Чытаеш вершы і пераконваешся «жыццё пражыць – не поле перайсці».
Пачнём з назвы кнігі – «Эстафета». Слова гэта мнагазначнае. Угледземся ў вокладку: стары дзядуля і ўнук. Паколькі пры эстафеце адзін удзельнік перадае ўмоўны прадмет другому, то, трэба думаць, дзядуля Барыс перадае сваім нашчадкам гэту кніжку, а ў ёй усё жыццё паэта. «Няхай ведаюць, як жылі мы, пра што марылі, што любілі, што бераглі», – гаворыць творца ў сваіх вершах.
Зборнік шматпланавы: тут тэма Радзімы, успаміны пра вайну, любоў да роднай прыроды, тэма кахання і запавет унукам. З якой любоўю гаворыць Барыс Флоравіч пра родную Вілейку, дзе пачынаў свой працоўны шлях у газеце “Шлях перамогі”.
Тэма вайны адна з самых асабістых тэм зборніка. Яму, былому дзетдомаўцу, не забыць, што ў 1943 годзе ён жыў у атрадзе «Масква», камісарам якога была яго маці. Па начах сняцца брацкія магілы, бо з вайны не вярнуўся бацька.
Да слёз кранаюць вершы пра каханне, прызнанне ў вернасці і любові да жонкі Жэні, з якой пражыў паўвека, выгадаваў дзяцей, прычакаў унукаў. У вершах «Маёй Жэні», «Ачуняй, мая Жэня», «Я гляджу на цябе», «Перашкоды не бяда», «Жыву з крыштальнаю жанчынай» адчуваецца павага да жанчыны-маці, удзячнасць за пяшчоту і ласку.
Тэма роднай прыроды неадрыўна ад тэмы радзімы. Барыс Флоравіч любіць восень, зіму, захапляецца вясной і летам. Асабліва ён добра сябе адчувае ў лесе, які здымае стому, надзяляе сваім лясным багаццем.
Пачаўшы чытаць зборнік “І смех, і грэх” ( 2016г.) вы не зможаце адкласці гэту кнігу ўбок. З’явіцца жаданне вяртацца да яе старонак зноў і зноў, гартаць яе, выхопліваць асобныя радкі. Жанр гумару і сатыры – няпросты, і далёка не кожны з паэтаў валодае пяром сатыры. Барыс Флоравіч валодае тонкім пачуццём гумару, а як чалавек-творца – дабрынёй і мудрасцю. Зборнік вершаў Барыса Манцэвіча, выдадзены Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкай імя Г. Новік.
У 2016г. ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” выдала зборнік вершаў Барыса Манцэвіча “Басанож па крапіве: з паэтычнага цыклу“ Вершы з паштовага канверта”.
Яшчэ з падлеткавага ўзросту – з далёкага 1947-га – Барыс Флоравіч пачаў весці дзённікі, дзе запісваў усё, і гэтыя запісы сталі вельмі важным дакументальным летапісам не толькі яго жыцця, але і нашай агульнай гісторыі.
Гэтыя дзённікавыя запісы сталі падставай для выхаду ў свет кнігі «Скрыжалі майго дзяцінства», якая з’явілася ў 2017 годзе.
У 2019 годзе яшчэ адна навінка ад Манцэвіча – гумарыстычна-сатырычная. У кніжку гумару і сатыры Барыса Манцэвіча «Ну і ну!» (2019г.) увайшлі больш за тры сотні вершаваных карацелек. Чытаючы выданне здзіўляешся: і дзе толькі бярэ аўтар гэтыя сюжэты! Літаральна кожнае чатырохрадкоўе дае паставу для роздуму і для пераасэнсавання жыцця. І за ўсім гэтым – аўтар, таленавіты паэт і мудры чалавек, да якога варта прыслухацца.
Кніжка чытаецца на адным дыханні. І што ні верш, то новы жыццёвы абразок. Так, усё тое, пра што напісаў Барыс Манцэвіч, настолькі жыццёвае, кожнаму знаёмае…
За 2018 – 2020 гады хаця і невялікімі накладамі пабачылі свет з друкарняў Вілейкі і Мінска пяць кніг Б.Манцэвіча у мяккай вокладцы аб’ёмам ад 130 да 216 старонак.
У зборніку ўспамінаў Б. Манцэвіча “Вадавароты лёсу” (2020 г.) сабраны матэрыялы, якія паўсталі падчас працы аўтара ў рэдакцыях Вілейскай і Бярэзінскай раённых газет, пасля наведвання “малой радзімы” ў Мёрскім раёне, іншых цікавых месцаў Беларусі.
Усё жыццё Барыс Манцэвіч любіў збіраць забаўныя гісторыі, звязаныя з дзецьмі, іх смешныя выказванні. Так з’явіўся зборнік ”Дзіцячая логіка” (2020 г.).
Кніга “Беларускасць. Фрагменты з уласнага дзённіка” (2021г.) змяшчае прыказкі і прымаўкі Вілейшчыны і Бярэзіншчыны.” Большасць прыказак і прымавак, якія бытуюць на Бярэзіншчыне Б. Манцэвіч запісаў ад супрацоўнікаў раённай газеты Валянціны Пятроўны Жукоўскай (па мужу Піскун), Уладзіміра Паўлавіча Несцяровіча, Уладзіміра Мікалаевіча Архіпца і Міхаіла пятровіча Сакава, а таксама аднаго са старэйшых па тым часе жыхароў раёна Андрэя Кузьміча Грэка. Біяграфія Барыса Флоравіча Манцэвіча насычана яркімі і цікавымі падзеямі, нечаканымі паваротамі лёсу. Аўтар падарыў чытачам ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” свае творы з аўтографамі.
18 жніўня 2022 года Барыс Фролавіч Манцэвіч пайшоў з жыцця, але ў 2023 годзе пабачыла свет яго апошняя кніга «Сказанне аб роднай маці». Маленькая, у ёй толькі 70 старонак тэксту і здымкаў. Гэта ўспаміны сына пра Аляксандру Міхайлаўну Манцэвіч, якую на Міёршчыне ведаюць як падпольшчыцу, камісара падпольнага партызанскага атрада «Масква», арганізатара першага ў раёне ў пасляваенны час дзіцячага дома. Дачка Б.Манцэвіча перадала гэту кнігу ў Бярэзінскую бібліятэку і краязнаўчы фонд установы папоўніўся новым выданнем пісьменніка, звязаным лёсам з Бярэзіншчынай.
Раім усім аматарам літаратурнай творчасці пазнаёміцца з творамі Барыса Манцэвіча. Кожны знойдзе ў яго кнігах нешта для сябе ад успамінаў пра мінулае да трапнага слоўца пра сённяшняе.
Марыянна Стаброўская,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Мы в соцсетях & RSS