РУС БЕЛ ENG

У рамках Клуба творчых сустрэч

26.11.2024

У рамках Клуба творчых сустрэч Бярэзінскай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча вядомых беларускіх пісьменнікаў, старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леаніда Крываноса і яго намесніка Рагнеда Малахоўскага з юнымі чытачамі – вучнямі 10 класа сярэдняй школы №3.

Паважаныя майстры прозы і паэзіі расказалі пра сваю творчасць і жыццёвы шлях, прачыталі ўласныя вершы, падзяліліся творчымі задумкамі на бліжэйшую перспектыву, а таксама адказалі на шматлікія пытанні, як школьнікаў, так і работнікаў бібліятэкі.

Асабліва цікавымі падаліся адказы на пытанні “Як ваенны чалавек пачынае пісаць вершы?”, зададзенае Леаніду Крываносу, і “Якія крыніцы ў вашай творчасці?” – Рагнеду Малахоўскаму. Наогул жа пытанняў да творцаў было шмат. Прысутныя пачэрпнулі для сябе шмат карыснага. Тым больш, што прамоўцы распавялі яшчэ пра дзейнасць пісьменніцкай арганізацыі і запрасілі ўсіх, хто адчувае талент, узяцца за пяро.

Канешне, не абыйшлося без сувеніраў, шаноўныя аўтары падаравалі ўстанове і самым актыўным чытачам свае кнігі, пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей, а таксама перадалі бібліятэцы цікавую спадчыну – кнігі Анатолія Смалянкі. Сёлета споўнілася дзесяцігоддзе, як гэтага пісьменніка няма з намі, аднак вынікі яго творчасці яшчэ доўга будуць актуальнымі.

Завяршылася сустрэча экскурсіяй па будынку бібліятэкі, госці азнаёміліся з мастацкімі выставамі і бібліятэчнымі заламі. Асабліва былі ўражанымі ад наведвання інфармацыйна-краязнаўчага цэнтра, які ў чымсьці можна параўнаць з музеем. 

поделиться в: