РУС БЕЛ ENG

Канстанцін Афанасьевіч Афанасевіч

06.04.2024

6 красавіка 30 гадоў таму ў 1994 годзе рашэннем выканкама гарсавета народных дэпутатаў адной з вуліц Беразіно было прысвоена імя ветэрана партызанскага руху Канстанціна Афанасьевіча Афанасевіча.
Афанасевіч Канстанцін Афанасьевіч (1921 – 1994), камандзір партызанскага атрада № 120. Нарадзіўся ў вёсцы Міхалёва Бярэзінскага раёна. У 1939 г. - упраўляючы справамі Бярэзінскага РК ЛКСМБ. З 1940 г. у Чырвонай Арміі, служыў на граніцы з Фінляндыяй. Ужо ў першыя дні вайны яму давялося абараняць рубяжы радзімы. Літаральна праз месяц у адным з баёў асколкам міны яму пасекла руку. Затым шпіталь, афіцэрскія курсы, пасля заканчэння якіх у жніўні 1942 г. яго ў ліку другіх беларусаў выклікаў да сябе ў Беларускі штаб партызанскага руху П.К.Панамарэнка. Была пастаўлена задача вывучыць дыверсійную справу, каб потым дзейнічаць на акупіраванай ворагам тэрыторыі. У верасні 1942 г. па рашэнні БШПР закінуты ў тыл.

Афанасевіч прымаў удзел у шматлікіх дыверсійных аперацыях: знішчаліся склады, масты, пускаліся пад адхон эшалоны. Да сакавіка 1943 г., калі яго ўзнагародзілі першым ордэнам Чырвонага Сцяга, на асабістым рахунку Канстанціна было шэсць спушчаных пад адхон варожых эшалонаў.
Канстанцін Афанасевіч займаў пасады начальніка штаба брыгады імя Г.Л.Жукава, начальніка штаба атрада імя Калініна брыгады “Камсамолец”, камандзіра дыверсійнай групы камсамольскага атрада, які дзейнічаў у Баранавіцкай вобласці. 14 жніўня 1944 г. быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга, а трэці атрымаў ужо ў мірны час – у 1948 г.
Пасля вайны на партыйнай рабоце ў Брэсцкай вобласці.
Памер у 1994 г.

поделиться в: