РУС БЕЛ ENG

Раённай кнізе "Памяць" - 20 гадоў

21.03.2024

Сёлетняя юбілейная дата 100-годдзя раёна арганічна пераплятаецца з другой важкай датай – 20-годдзя выдання раённая кнігі “Памяць”. І над усім лунае нязводнае прозвішча краязнаўцы, асноўнага ўкладальніка гэтай мемарыяльнай энцыклапедыі раёна, настаўніка гісторыі з адукацыяй аспіранта АН БССР, сакратара калгаснай партыйнай арганізацыі Пятра Прыбыткіна. Нараджэнец Клімавіцкага раёна Магілёўшчыны за 55 гадоў настаўніцкай, партыйнай і краязнаўчай дзейнасці на Бярэзіншчыне дасканала вывучыў гісторыю краю, стварыў гісторыка-краязнаўчы музей Багушэвіцкай школы, склаў карту археалагічных помнікаў раёна, яго імя значыцца ў даведніку “Археалогія Беларусі”. Выданне раённай кнігі “Памяць” стала справай усяго жыцця палымянага патрыёта Бацькаўшчыны: яна выйшла ў 2004г., а ў сакавіку 2005 г. Прыбыткіна не стала. Супрацоўнікамі ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” падрыхтавана вечарына памяці “Ён запісаў для Вечнасці імёны”, прысвечаная знакамітаму земляку. Удзельнікі вечарыны – людзі аднаго пакалення з героем аповеду пагарталі старонкі яго дакументальнай кнігі жыцця і служэння Бацькаўшчыне, шчыра дзяліся ўспамінамі пра калегу, настаўніка, камуніста, паплечніка па краязнаўчай справе і выданні раённай кнігі “Памяць”. Прагучаў верш-прысвячэнне П.А. Прыбыткіну аўтарства бярэзінскага паэта, мастака, журналіста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Несцяровіча і музычныя кампазіцыі пад гітару Мікалая Міхайлоўскага. Вечарына дазволіла стварыць партрэт П.А. Прыбыткіна –Патрыёта, Камуніста, Краязнаўцы, Настаўніка, Калегі з лаканічных фактаў, расповедаў і ўбачыць воблік шаноўнага земляка блізкім, простым, зразумелым. Мерапрыемства прайшло ў рамках бібліятэчнага праекта года “Землякі са знакам якасці”.

поделиться в: