РУС БЕЛ ENG

Бібліятэка заўсёды ідзе поруч з чытачамі

06.03.2024

Можна смела сцвярджаць, цэнтральная раённая бібліятэка нашага горада з’яўляецца адным з цэнтраў сацыякультурнага жыцця Бярэзіншчыны. Чым жыве бібліятэка сёння, – размаўляем на гэту тэму з дырэктарам установы Наталляй Маеўскай.

– Наталля Мікалаеўна, з якімі вынікамі завершаны 2023 год, ці радуюць яны, ці натхняюць?

– Несумненна радуюць. Прыемны факт: бібліятэка выканала ўсе нарматыўныя паказчыкі. Напрыклад, па праграме “Культура Беларусі” да нас даведзены нарматыў паказчыка наведвальнасці, дык вось наведвальнасць у нас выканана з перавыкананнем, як і шмат іншых паказчыкаў. Але чытачам сухія лічбы будуць не даспадобы, лепш расказаць словамі, хаця, трэба прызнацца, і словамі ўсяго поўнасцю не раскажаш за раз, варта спыніцца на асобных знакавых падзеях і момантах.

Бібліятэка сёння – гэта не толькі кнігі, жыццё бібліятэкараў не абмяжоўваецца выдачай кніг і перыёдыкі. У нас заўсёды праводзяцца значныя мерапрыемствы па самых розных накірунках, а часам нават і па два-тры мерапрыемствы за дзень. Напрыклад, сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мы правялі шмат сустрэч школьнікаў і працоўных калектываў на тэму генацыду беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Таксама арганізавалі вялікае мерапрыемства пра прафарыентацыі для вучняў 9-х класаў горада з удзелам спецыялістаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Барысава, Мінска і Магілёва. Праводзілася шмат творчых сустрэч з пісьменнікамі. І гэта толькі вяршыня айсберга…

Яшчэ мы ўдзельнічалі ў розных фэстах, напрыклад, на XXII Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, там прэзентавалі інтэрактыўную пляцоўку “Муза Бярэзіншчыну не пакідае”.

– Што было найбольш цікавым, якія навацыі адбыліся ў бібліятэчным жыцці ў 2023 годзе?

– Навацыяй года сталі I-ы літаратурны рэгіён-фэст “Масты сяброўства” і фестываль беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты” пад куратарствам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” Алеся Карлюкевіча.

У I літаратурным рэгіён-фэсце ў Беразіно прынялі ўдзел творчыя дэлегацыі ў складзе рэгіянальных літаратараў і бібліятэкараў Барысаўскага, Бярэзінскага, Крупскага раёнаў Мінскай вобласці і Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Была прадстаўлена выстава выданняў творчасці рэгіёнаў – удзельнікаў фэсту “Малюем літарамі вобразы жыцця”.

Ганаровымі гасцямі фестывалю беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты” ў Беразіно стала прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе вядомых у краіне літаратараў. Праграма фестывалю прадугледжвала эстафетную трансляцыю творчых сустрэч пісьменнікаў з прыхільнікамі чытання.

– Бібліятэка на сённяшні дзень застаецца сэрцам краязнаўчай работы і пошукаў?

– Гэта, сапраўды, так. У 2023-м годзе асноўны акцэнт краязнаўчай дзейнасці быў сканцэнтраваны на ўшанаванні памяці слынных землякоў. Імідж-акцыя “Бярэзіншчына падарыла свету генія навукі” была прымеркавана да 100-годдзя нараджэнца Бярэзіншчыны, прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Мікалая Барысевіча. Вечарына-прысвячэнне “Вучоны з душой скрыпкі” сабрала ў раённай бібліятэцы школьную моладзь райцэнтра і аграгарадкоў Брадзец і Сяліба. Таксама 190 і 195-гадовыя юбілеі мастакоў-землякоў братоў Гараўскіх сталі нагодай для правядзення арт-экскурса “Пэндзаль у спадчыну” на базе інфармацыйна-краязнаўчага цэнтра.

– У такім выпадку падзяліцеся планамі на 2024-ы год…

– Як кажуць: “Планов громадьё…”, галоўнае – не спыняцца на дасягнутым і далей развіваць поспех. Мяркуем правесці два глабальныя літаратурныя фестывалі, пра якія гаворка ішла ў самым пачатку. Сканцэнтруем яшчэ больш увагі на краязнаўстве. Краязнаўчы форум “Нас яднае гісторыя роднага краю”, які праводзіўся ў 2023-м да Дня народнага адзінства, сабраў неабыякавых да лёсу Бацькаўшчыны людзей: мясцовых краяведаў, актывістаў грамадскага руху, журналістаў раённай газеты, прыхільнікаў беларускай мовы, настаўнікаў гісторыі, адказных за патрыятычнае выхаванне школьнікаў. Форум стаў платформай па вызначэнні асноўных накірункаў калектыўнай краязнаўчай дзейнасці з распрацоўкай плана грамадскіх ініцыятыў да 100-годдзя Бярэзінскага раёна ў 2024 годзе. І з той нагоды з падказкі Алеся Карлюкевіча будзем спрабаваць правесці сёлета краязнаўчыя чытанні. Мы гэта запланавалі на лета, паспрабуем. Калі ў нас усё атрымаецца ў гэтым плане і будуць станоўчыя водгукі, працягнем краязнаўчыя чытанні далей, зробім іх традыцыйнымі. Яшчэ шмат іншага назапашана ў нашай творчай скарбонцы! Калі ласка, завітвайце да нас, сачыце за рэкламай, бібліятэка заўсёды ідзе поруч з чытачамі!

// Бярэзінская панарама

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

поделиться в: