Найбольш вядома імя Апалінарыя Гараўскага. Падчас вучобы ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе Апалінарыю пашанцавала пазнаёміцца з вядомым рускім архітэктарам Мікалаем Бенуа, які разгледзеў талент юнака і паспрыяў яго залічэнню ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Ужо з першых гадоў навучання А.Гараўскі праявіў выдатныя здольнасці. Напісаная ім падчас канікулаў карціна “Балота” зацікавіла акадэмічны савет, а будучы імператар Аляксандр ІІ набыў карціну для сваёй калекцыі. За дыпломную карціну “Від у Пскоўскай губерні” студэнт атрымаў вялікі залаты медаль і званне «класнага мастака». У 1857 г. ён піша палатно “Старая на маленні”, якое было высока ацэнена І.Рэпіным і прынесла Гараўскаму вядомасць.
Праз некаторы час Апалінарый Гараўскі атрымлівае пенсію, на якую едзе ўдасканальваць свае здольнасці за мяжу. Але сустрэча з замежнымі пейзажыстамі не прыносіць задавальнення і мастак вяртаецца на Радзіму. З гэтага часу ён пасяляецца ў в.Брадзец і толькі ў зімовыя месяцы наведвае Пецярбург, дзе выкладае жывапіс у вышэйшай школе пры акадэміі мастацтваў. Менавіта ў в.Брадзец, неўзабаве пасля вяртання з-за мяжы, ён напісаў сваю карціну “На радзіме”, якая зараз знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэе. З любоўю перадае ён дарагія сэрцу мясціны, сярод якіх правёў сваё жыццё і паказвае гледачу запусценне і беднасць беларускай вёскі.
Вядомы і работы А.Гараўскага, як мастака-партрэтыста. Ён маляваў Бруні, Даргамыжскага, Глінку, імператара Аляксандра ІІ і інш.
Яшчэ да паездкі за мяжу ў 1856 г. адбылося знаёмства Апалінарыя Гараўскага і Паўла Траццякова – заснавальніка Траццякоўскай галерэі. Гэта знаемства з часам перарасло ў сяброўства і супрацоўніцтва. Браты Гараўскія часта наведвалі Траццяковых і падоўгу гасцявалі ў іх. Вядома, што Траццякоў дапамагаў мастакам прадаваць свае карціны і аказваў значны ўплыў на творчасць. Гараўскія, у сваю чаргу, дапамагалі Траццякову збіраць і фарміраваць калекцыю.
Творчае наследдзе мастака вялікае і разнастайнае. На сёняшні час звыш 50 твораў майстра захоўваюцца ў буйных расійскіх музеях - Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі, Пензенскім і Іркуцкім мастацкіх музеях, Стаўрапальскім краявым музеі, а таксама ў Казахскай карціннай галерэі. Але большая частка яго спадчыны належыць Беларусі, упрыгожваючы экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (18 карцін).
Безумоўную цікавасць прадстаўляе і творчасць старэйшага з братоў Гараўскіх - Іпаліта. Пачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў ў настаўніка Мінскай гімназіі Машчынскага, потым доўгі час удасканальваў сваё майстэрства самастойна. Сям’я Гараўскіх была вялікая – тры дачкі і пяцёра сыноў, таму бацькі не мелі сродкаў, каб адначасова вучыць двух сыноў. Іпаліт пачаў вучобу ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў значна пазней Апалінарыя. Поспехі Іпаліта Гараўскага ў вучобе адзначаны дзвума медалямі першай і другой вартасці, якія ён атрымаў за пейзажы з натуры, напісаныя ў Мінскай губерні. У 1864 г. мастаку было прысуджана званне “класнага мастака”. Пра лёс Іпаліта Гараўскага вядома нямногае: у сярэдзіне 60-х гадоў ён з’яўляўся хатнім настаўнікам ў дзяцей генерала Дружыніна ў Мінску, потым некаторы час жыў у Пецярбургу. Многія карціны, пра якія мастак расказвае ў пісьмах да Траццякова не знойдзены. З яго пейзажаў найбольш вядомы “Від у ваколіцах Бабруйска”, “На берагах Беразіны”, “Каля крыжа.Смерць паўстанца”, якія зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і некаторыя іншыя.
Гэтыя карціны гавораць аб незвычайным таленце нараджэнца зямлі бярэзінскай Іпаліта Гараўскага.
Пра трэцяга, не менш таленавітага мастака з дынастыі Гараўскіх - Гілярыя, які маляваў, пераважна, акварэлі і заявіў аб сабе ў другой палове ХІХ ст., не захавалася дакладных звестак нават пра даты жыцця. Вядома, што ён быў адораным акварэлістам. Атрымаў адукацыю ў Аляксандраўскім кадэцкім корпусе, дзе вучыўся і яго старэйшы брат Апалінарый, але ўжо ў той час, калі корпус быў пераведзены з Брэста ў Маскву. У 1862 годзе пакінуў корпус “па сямейных абставінах”. Потым вучыўся ў Пецярбургскай школе малявання Таварыства заахвочвання мастацтваў да 1868 года, потым у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў да 1873 года. Сярод творчай спадчыны найбольшую цікавасць уяўляюць «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора» (1870), «Кветкі» (1872).
Табличка установлена около Поклонного креста при въезде в д.Мирославовка
Мы в соцсетях & RSS