Савецкі расійскі мастак і педагог, прафесар ЛІЖСА (ленінградскі “Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры”) імя І.Рэпіна, член Ленінградскага Саюза мастакоў, адна з фігур, якія стаялі ля вытокаў фарміравання ленінградскай школы жывапісу.
Нарадзіўся Сямён Абугаў 30 снежня 1877 года ў мястэчку Беразіно Ігуменскага павету Мінскай губерні. У 1900 г. скончыў Адескую рысавальную школу і паступіў у Вышэйшае мастацкае вучылішча пры Імперскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Займаўся ў Д.М.Кардоўскага і В.Е.Макоўскага. У 1908 г. С.Абугаў атрымаў званне мастака жывапісу за карціну “Мацярынства”.
З 1903 г. С.Абугаў удзельнічае ў выставах, піша партрэты, пейзажы. У 1918 г. мастак прымае ўдзел у афармленні вуліц Васільеўскага востава да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. З 1920 г. у асноўным займаецца педагагічнай дзейнасцю спачатку ў мастацкіх школах і студыях Ленінграда, а з 1932 г. у Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры пры Усерасійскай Акадэміі мастацтваў. Прафесар кафедры малюнка з 1939 г.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны і блакады заставаўся ў Ленінградзе. У лютым 1942 г. з інстытутам быў эвакуіраваны ў Самарканд. Пасля вяртання інстытута з эвакуацыі ў 1944 г. працягваў работу на кафедры малюнка.
Вучнямі С.Абугава з’яўляюцца Е.П.Анцыпава, Н.Л.Вясёлава, А.Г.Яромін, А.Б.Грушко і шмат іншых вядомых жывапісцаў ленінградскай школы 1930-1950-х гадоў.
Адзін з вучняў С.Абугава, заслужаны мастак РСФСР Г.А.Савінаў у кнізе, прысвечанай свайму бацьку прафесару Акадэміі мастацтваў А.І.Савінаву, пісаў пра С.Абугава, што той заставаўся сябрам бацькі да канца сваіх дзён: «Последние годы жизни отца они вместе вели мастерскую в Институте живописи, скульптуры и архитектуры Всероссийской Академии художеств. Абугов, великолепный рисовальщик, художник с прекрасным чувством формы и пониманием искусства, был и моим учителем».
Пра тое, што А.І. Савінаў высока цаніў майстэрства С.Абугава, гаворыць і наступны ўрывак з яго ліста Д.Н.Кардоўскаму з Парыжу 25 сакавіка 1906 года: «Что касается той Академии, где я работаю, то в общем она мне нравится; профессора не надоедают, так как ограничиваются поверхностным осмотром работы: здесь толсто, тут длинно и прочее… Работают в общем ничего себе, хотя нет ни одного такого рисовальщика, как Абугов, и живописца, как Анисфельд».
Работы С.Абугава знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях як у Расіі, так і за мяжой.
Сямён Львовіч Абугаў памёр 3 мая 1950 г. у Ленінградзе. Пахаваны на Прэабражэнскіх могілках.
Мы в соцсетях & RSS