Маркоўскі Георгій Андрэевіч
Беларускі дзяржаўны дзеяч, міністр лясной гаспадаркі Беларусі.
14.03.1937. – 06.11. 2016.
Маркоўскі Георгій Андрэевіч нарадзіўся ў в.Восава Бярэзінскага раёна. Пасля заканчэння Пагосцкай сярэдняй школы ў 1954 г. паступіў у Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С.М.Кірава. Пасля абароны дыпломнага праекту ў 1959 г. быў накіраваны на работу старэйшым майстрам у Івацэвіцкі хімлясгас Брэсцкай вобл. І адразу зарэкамендаваў сябе працавітым спецыялістам, які хутка набіраўся тэхналагічнага вопыту і вопыту кіраўніка.
Кіраўніцтва прадпрыемства заўважыла маладога работніка і ў чэрвені 1960 г. ён узначаліў Бронагорскае лясніцтва таго ж лясгасу, а ў снежні 1965 г. быў назначаны дырэктарам Столінскага лясгасу.
У жніўні 1971 года Георгій Андрэевіч назначаецца начальнікам аддзелу капітальнага будаўніцтва і адначасова ён з’яўляецца намеснікам старшыні выканкама, а з ліпеня 1975-га па жнівень 1977 года – старшыня Столінскага райвыканкама. Пасля заканчэння Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС ў 1979 г. Г.А.Маркоўскі быў выбраны першым сакратаром Столінскага райкома партыі. На гэтай пасадзе ён працаваў да ліпеня 1984 г. У далейшым ўзначаліў упраўленне лясной гаспадаркі Брэсцкага райвыканкама.
У ліпені 1985 г. Георгій Маркоўскі быў назначаны намеснікам міністра лясной гаспадаркі БССР, у верасні таго ж года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету БССР – міністрам лясной гаспадаркі БССР. На усіх пасадах Георгій Андрэевіч дзякуючы свайму прафесіяналізму, арганізатарскім здольнасцям, удумлівасці, кампетэнтнасці дамагаўся пераканаўчых вынікаў дзейнасці. Сваёй працавітасцю, беражлівым стаўленнем да кадраў, увагай да людзей ён набыў давер і павагу ва ўсіх, хто яго ведаў.
Пад яго кіраўніцтвам у галіне пачалі ўкараняцца новыя тэхналогіі лесавырошчвання і лесанарыхтовак. Менавіта пры ім з'явіліся першыя «лясныя камбайны» — харвестэры, форвардэры, гідраманіпулятары. Рабочых пачалі накіроўваць на вучобу ў Латвію, Фінляндыю. У цэхах дрэваапрацоўкі з'явілася новае тэхналагічнае абсталяванне. Гэта дазволіла лясгасам арганізаваць перапрацоўку дробнатаварнай драўніны, не запатрабаванай на рынку.
Вельмі асцярожна ставіўся Георгій Андрэевіч да ляснічых. Па яго перакананні, ляснічы - такая ж важная постаць, якой у былыя часы з'яўляўся земскі лекар. Ён павінен быць адукаваным, ведаць дасканала лясныя культуры, мець аўтарытэт у грамадстве і весці навуковыя даследаванні. У ляснічага павінны быць шырокія паўнамоцтвы, каб на дастойным узроўні арганізаваць сваю гаспадарку. А міністр - гэта ў першую чаргу арганізатар, стратэг галіны. У яго ўсе адміністрацыйныя рычагі і самы галоўны рэсурс - кадравы. Вельмі важна правільна ім распарадзіцца, згуртаваць добрую каманду і з ёй ісці да пастаўленай мэты. Сам Георгій Андрэевіч заўсёды імкнуўся да гэтага, застаючыся дакладным сваім прынцыпам у самых складаных умовах.
За шматгадовую добрасумленную працу Георгій Андрэевіч узнагароджаны медалём "За доблесную працу", ордэнам Дружбы народаў, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Ён абіраўся дэпутатам раённага і абласнога Саветаў народных дэпутатаў працоўных, чальцом і затым акадэмікам Беларускай інжынернай акадэміі. Георгій Андрэевіч прайшоў слаўны працоўны шлях і многае зрабіў для развіцця лясной гаспадаркі краіны.
Мы в соцсетях & RSS