РУС БЕЛ ENG

Архіпец Мікалай Цімафеевіч

Архіпец Мікалай Цімафеевіч

беларускі савецкі дзяржаўны дзеяч, міністр прамысловага будаўніцтва БССР (1968 – 1979), намеснік старшыні Дзяржаўнага забеспячэння СССР (1979 - 1980), Заслужаны будаўнік БССР, Ганаровы грамадзянін г.Наваполацка Віцебскай вобласці (1986). Узнагароджаны: 2 ордэны Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1 ступені, 10 медалеў.

15.02.1922 – 24.08.1996.

Нараджэнец бярэзінскай вёскі Каменны Барок. Яго незамыславатае прастанароднае прозвішча ўпісана залатымі літарамі памяці ў залаты фонд рэспублікі, імя ў рэйтынгавай абойме выбітных землякоў выклікае захапленне, здзіўленне, гонар. Ён увайшоў у гісторыю рэспублікі як будаўнік і стваральнік з вялікай літары, які таленавіта будаваў заводы, фабрыкі, гарады і чалавечыя адносіны. Просты сялянскі хлопец воляй лёсу пражыў сваё жыццё ў вялікіх гарадах, не страчваў перспектыву ў жыцці і працы. Шмат перажыў, меў не толькі жыццёвую, але і духоўную біяграфію. У пашаноўных спісах землякоў у Архіпца М.Ц. сваё, адметнае месца. Адметнасць гэтая вабіць да сябе і падахвочвае да новых спроб спасціжэння і вытлумачэння значнасці гэтай асобы.
Вёска стала калыскай яго жыцця, дзе 15 лютага 1922 года ў звычайнай сялянскай хаціне з маленькімі акенцамі пачало ткацца прадзіва лёсу будучага дзяржаўнага дзеяча, міністра. Вёска Каменны Барок Бярэзінскага раёна за 22 кіламетры на паўднёвы ўсход ад дарогі Беразіно – Клічаў была не малая, не вялікая, тут пражывала 433 чалавекі. У 1921 годзе вёска стала цэнтрам сельсавета. Год нараджэння Мікалая Архіпца азнаменаваўся адкрыццём у сялянскай хаце пачатковай школы, якую наведвала 50 – 60 вучняў.
Простае паходжанне і сялянскае маленства, дзе паролем годнасці былі працоўныя мазалі, змалку прывучыла да працы, загартавала: хто родам з вёскі, у таго прага да жыцця мацнейшая. Зямля вучыла Міколку дабівацца ўсяго самому, настойліва ісці наперад, кіруючыся галоўнай ісцінай жыцця: хто навучыўся паважаць працу – ніколі не зняважыць чалавека. Хлопчык у даматканым адзенні адчайна марыў пра грунтоўную прафесію. Ранняя сталасць і суровасць леглі на твар вясковага хлопчыка, плечы ўмелі трымаць недзіцячы цяжар вясковага побыту. Быў не з тых, хто схільны наракаць ды скардзіцца, на некага надта спадзявацца. У роднай вёсцы Мікалай закончыў Каменаборскую сямігодку. Юнак, які яшчэ не скінуў зрэбнай вясковай світкі, калі араў бацькоўскую зямлю і клаў пакосы, намерыўся ехаць вучыцца ў горад. У 14 гадоў ён паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум. Жыццё вёскі адсоўвалася на другі план, новае арганічна ўваходзіла ў жыццё студэнта Мікалая Архіпца. І надалей лёс перакруціўся настолькі, што вясковы да апошняй крывінкі хлопец зрабіўся гарадскім жыхаром. Усю яго істоту захліствала адчуванне новай радасці жыццёвай перспектывы з буйнымі і малымі планамі. У 1940 годзе выпускнік тэхнікума быў накіраваны на будаўніцтва Гродзенскага ўмацавання прама на мяжы Беларусі: адчувалася набліжэнне вайны. 21 чэрвеня 1941 года, за дзень да чорнай даты, юнак паехаў у водпуск у сваю родную вёску на Бярэзіншчыне, дзе і пачуў страшную вестку. Вайна зацягнула яго ў сваю крывавую сячкарню. Тры гады знаходжання на акупіраванай тэрыторыі, у партызанскім атрадзе заўчасна зрабілі юнака дарослым.
Узмужнелым 20-гадовым, ён у 1944 годзе ўліўся ў рады Чырвонай Арміі, ваяваў у 42-ой стралковай Смаленскай дывізіі 49-ай арміі 2-га Беларускага фронта. Быў камандзірам аддзялення асобнай зенітна-кулямётнай роты. Прадстаўнік пакалення, што выйшла з вайны парадзелым, прайшоў з баямі Польшчу і Усходнюю Прусію. Пры фарсіраванні Одэра ў красавіку 1945 года з 300 нашых байцоў у жывых засталіся толькі 12, у т.л. наш зямляк. Адважны беларус атрымаў цяжкае раненне і выжыў, дзякуючы самаахвярнасці палявой медсястры, якая знайшла яго, дацягнула да ракі і дапамагла пераправіць. За той бой Мікалай Архіпец быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Баявы шлях франтавіка быў адзначаны яшчэ і ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Лёс збярог земляка для мірных спраў. Жыццё набягала хвалямі надзеі. Прафесія будаўніка была асабліва запатрабавана ў пасляваенныя гады, калі патрэбна было ўздымаць краіну з руін і папялішчаў. Пасля дэмабілізацыі Архіпец працаваў начальнікам будаўнічага ўчастка ў гарадскім пасёлку Беразіно, а затым пашырыў сваю працоўную дзялянку і ў 1946 годзе стаў прарабам Галоўпрамбуда ў г. Мінску. Не выгадваючы сабе будучыню, Архіпец дастойна прайшоў шлях ад майстра да ўпраўляючага трэста. Яго сутнасць з найбольшай сілай праявілася там, дзе ёсць прастор праяўлення, дзе ёсць не толькі суб’ектыўна-асабістая, але і вышэйшая аб’ектыўная неабходнасць.
Першы свой вытворчы і жыццёвы вопыт гадаванец вёскі набыў на будаўніцтве Мінскага трактарнага завода, дзе давялося мець справу з рабочымі з ліку нямецкіх ваеннапалонных і айчынных зняволеных турмаў. Працаваў у сістэме, якая дыктавала яму нормы расходаў цэглы, цэменту, рублёў. І ён таксама дыктаваў, але маральныя нормы: ва ўсіх умовах, пры ўсялякіх абставінах заставацца чалавекам. У якасці начальніка будаўнічага ўпраўлення, кіраўніка трэстаў Мікалай Цімафеевіч Архіпец унёс значны ўклад у будаўніцтва не толькі роднага райцэнтра і сталіцы, а таксама гарада Барысава і Оршы. Асаблівае месца ў яго працоўнай біяграфіі заняў горад Наваполацк Віцебскай вобласці. Амаль 7 гадоў (верасень 1961 – чэрвень 1968 гг.) уедлівы да працы мужчына пад дыктоўку эпохі новабудоўляў аддаў будаўніцтву найбуйнейшага ў Савецкім Саюзе нафтахімічнага комплекса і горада Наваполацка. Гэта была новабудоўля – размах чалавечай радасці – шырокая, глабальная, здольная будзіць вялікія памкненні. У самы цяжкі для будаўніцтва перыяд Архіпец узначальваў трэст № 16 “Нафтабуд”. Па праву лічыў Наваполацк родным, тут супалі геаграфічная шырыня горада і працоўны мерыдыян Архіпца. Нараджэнец Бярэзіншчыны не раз гаварыў: “Я з дрэва твайго лісток, малады і вечны мой горад!”. 39-гадовы кіраўнік трэста, які на той час завочна набываў вышэйшую адукацыю ў Беларускім політэхнічным інстытуце, заявіў сябе сапраўдным прафесіяналам, мужным і інтэлігентным у думках і ўчынках. Гэта быў ясны яго поўдзень, ясны і высокі. Архіпец жыў і працаваў не дзеля справаздачы – дзеля справы і людзей. Для яго была характэрна шчодрасць працоўнай самааддачы, шырыня і смеласць задум і планаў. Ён адчуваў тую вялікую адказнасць, якая ляжала на ім. З пачаткам узвядзення ў Наваполацку важнага аб’екта саюзнага прызначэння з прапісанымі ўдарнымі тэмпамі будаўніцтва вельмі задажджылася: ні праехаць, ні прайсці. Архіпец паехаў у міністэрства з просьбай перанесці тэрміны, і многія тады палічылі яго “самазабойцам”, які падпісаў сабе прыгавор. Аднак, слушныя аргументы і важкія перакананні апантанага ўпраўляючага спрацавалі: афіцыйны Мінск даў згоду на адтэрміноўку. Да таго ж прыняў і стратэгію Архіпца: прамысловае будаўніцтва павінна суправаджацца актыўным будаўніцтвам сацыяльнай структуры – дзіцячых садкоў, школ, жылля, устаноў культуры, медыцыны, адпачынку. Станкі і сцены самі па сабе нішто, галоўнае – чалавек. Так, побач з гігантамі беларускай індустрыі – нафтаперапрацоўчым заводам і хімічным камбінатам узнік на левым беразе Заходняй Дзвіны за 6 км. ад Полацка горад-прыгажун, горад-спутнік Наваполацк. Выраслі першыя гарадскія кварталы, спявала будаўнічая кельма. За новабудоўлю веку Архіпец быў удастоены ордэна Леніна, а ўдзячныя новапалаччане ўганаравалі яго званнем ганаровага жыхара горада (1986г.). Пасля найбуйнешнай новабудоўлі рэспублікі, адчуваючы імклівы пульс жыцця, наш зямляк зрабіў новы рывок у лёсе ў памкненні быць першым сярод роўных, прабіў кар’еру, хаця ніколі не прагнуў высокіх пасад, а ўзбіраўся ўнутранай лесвіцай самаўдасканалення. Час прывучыў яго да дзелавой актыўнасці і рашучай дзелавітасці, праяўлення сілы характару, адказнасці перад сабой і сваім сумленнем за даручаную справу і людзей.

Прафесійны рост Мікалая Цімафеевіча Архіпца можна параўнаць з дрэвам, што гонка расце ўгору, выкідваючы ўсё новыя і новыя парасткі з маладымі лісткамі і ў кожным лістку – новы парастак, і кожны новы парастак зноў выкіне лісток. Да свайго 46-годдзя Архіпец М.Ц. прыдбаў увесь набор паспяховага кіроўцы: ад кіраўніка трэста – да першага намесніка міністра, а з лістапада 1969 года – міністра прамысловага будаўніцтва БССР. І на гэтай пасадзе ён заставаўся для саратнікаў, з кім клаў свой жыццёвы маршрут, чалавекам з кагорты першапраходцаў, які вёў за сабою маладых энтузіястаў, на зары юнацтва прыехаў на камсамольскую будоўлю. Адчуваў адказнасць за кожнае міністэрскае рашэнне з праверанай тактыкай: разумнаму загаду лёгка павінавацца, пры яднанні і малое расце, а пры разладзе найвялікшае апынецца ў заняпадзе. Умеў быць першым на гарызонце жыцця, а не проста сядзець на каленях улады. Адпавядаў таму, чым займаўся ў сваіх паводзінах, стаўленні да жыцця, да людзей. Ніколі і нікога не зняважыў недаверам. Ён не ведаў над сабой хваравітай і ўчэпістай улады зайздрасці. Разумеў, што ў агульнай стваральнай працы ніколі не цесна; цесна толькі тым, хто становіцца ў чаргу па лаўры. Фальш, пустазвонства, бяздумнае пакланенне аўтарытэтам, колькі б яны ні прэтэндавалі на жыццё, урэшце будуць названы сваімі імёнамі. Заўсёды знойдзецца хто-небудзь, каб з выразам “святой прастаты” сказаць, што кароль голы. Былы практык на міністэрскай пасадзе Архіпец М.Ц., як ніхто ведаў: паслядоўнік ставіць задачу “дагнаць”, а сапраўдны прафесіянал – “пераўзыйсці” папярэдніка. Мікалай Цімафеевіч не аднойчы зазначаў: “І толькі так, скарыстаўшы ўсё нам дадзенае, мы недарэмна пражывём сваё жыццё для роднай зямлі”. У гэтых словах – увесь Архіпец! За 10 гадоў яго кіраўніцтва (1969 – 1979) і пры непасрэдным удзеле Міністэрства была распрацавана і ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма кіраўніцтва будаўніцтвам, уведзены ў дзеянне прадпрыемствы па вытворчасці мінеральных угнаенняў, лёгкай і харчовай галін прамысловасці. У 1979 годзе амплітуда дзейнасці земляка пашырылася: ён быў прызначаны на пасаду ўсесаюзнага маштабу – намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта СССР па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Высокая пасада – высокая адказнасць на працягу цэлай асабістай сямігодкі (1979 – 1988).
І ў Маскве Архіпец жыў у згодзе з дзелавым рытмам і ўласным сэрцам, з высокай меркай духоўнасці і інтэлігентнасці. І ў Маскве заставаўся чалавекам-дыпламатам, чалавекам-рухавіком. У яго манеры не было ніякага намёку на фанабэрлівасць, хоць на грудзях ужо быў цэлы іканастас: два ордэны Леніна, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. За вонкавай стрыманасцю сталічнага інтэлігента была чулая трапяткая душа летуценніка і рамантыка, шчырасць вышэйшага гатунку. У кароткія мінуты адпачынку дзяржаўны дзеяч усесаюзнага маштаба вадзіў удзельнікаў службовых нарад і канферэнцый не па рэстаранах, а па тэатрах, выставах, музеях. Панараму Барадзінскай бітвы ў Трэццякоўцы глядзеў сем разоў, лепш экскурсавода даваў каментарыі і дзяліўся ўласнымі адчуваннямі.
Сям’я была для Архіпца дахам, домам адпачынку, зарадным устройствам. Жонка Лідзія Кузьмінічна – спадарыня сэрца, інтэлігентны сябар, таварыш, памочнік.
Мікалай Цімафеевіч вельмі любіў дочак Тамару, Таццяну, Галіну, з’яўляўся ўзорам сем’яніна, мужа, бацькі, вернага сына малой Бацькаўшчыны.
Сцежка жыцця не адразу лягла перспектыўнаму працаўніку пад ногі сталічным праспектам. У хітраспляценні дарог малая радзіма заставалася ў яго сэрцы святасцю, у радасцях і трывогах, у клопатах і памкненнях захоўвалася памяць аб роднай вёсцы, дзе лёсіла нарадзіцца,
дзе нараджаліся мары, адкуль пайшоў у горад, у вялікі свет. Жыхар сталіцы заўсёды памятаў пра свае вясковыя карані.
У міністэрскім кабінеце буйны дзяржаўны дзеяч не прамінаў казаць: “Я – з вёскі! Я – свойскі!”. Меў шмат званняў, ды галоўны яго тытул – зямляк.

Лёс нашага слыннага земляка выйшаў на фінішную прамую 29 ліпеня 1996 года. Знаны нараджэнец Бярэзіншчыны, чалавек-легенда, прадстаўнік пакалення з цвёрдымі каштоўнасна-маральнымі ўстаноўкамі пайшоў з жыцця ў 74 гады. Дастойнымі справамі стварыў сябе, свой лёс і імя, напісаў алфавіт сваёй працоўнай біяграфіі, здолеў самасцвярдзіцца ў рэальнасці здзейсненага. Усё жыццё аддаў будаўнічай справе, узняўшы яе да новых вышынь, вывеў беларускае прамысловае будаўніцтва на быстрыню стагоддзя. Паспеў убачыць і ўсходы, і плады сваіх жыццёвых намаганняў. Мікалай Цімафеевіч Архіпец пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках, побач з Машэравым, Кісялёвым, Мулявіным, Быкавым, Караткевічам і іншымі знакамітымі для ўсёй Беларусі асобамі.
Да 40–годдзя Наваполацка ў кастрычніку 1998 года у гонар Архіпца была адкрыта мемарыяльная дошка па праекту наваполацкага скульптара Льва Аганава. На цырымонію прыйшлі тыя, хто працаваў з Мікалаем Цімафеевічам Архіпцом і тыя, хто ведаў яго па экспазіцыі мясцовага музея гісторыі і культуры, па аповедах першабудаўнікоў, па кнізе ўспамінаў аўтарства Архіпца М.Ц. “Время надежд и огорчений”. Прысутнічала дачка Таццяна Андрэева, жыхарка г.Мінска.
Пагадзіцеся, не кожны дзень у нас адкрываюць мемарыяльныя дошкі ў гонар міністраў. Іх усё больш вінавацяць, крытыкуюць. І тым не менш, праз два дзесяцігоддзі Наваполацк увайшоў у лік гарадоў, якія ўвекавечылі памяць чыноўнікаў такога рангу. Мемарыяльны комплекс “Першая палатка” у гонар першых будаўнікоў горада – унікальны помнік мужнасці, смеласці, працалюбству гэтых людзей на месцы высадкі першага атрада будаўнікоў-энтузіястаў. Тут сярод прадстаўленых мемарыяльных дошак у гонар сямі знакамітых навапала чан на першым пачэсным месцы – наш зямляк міністэрскага статусу Архіпец Мікалай Цімафеевіч.
Прыкмета цывілізаванасці, сведчанне сталасці і вартасці нацыі і мясцовых уладаў – тое, як ставяцца сучаснікі да народжаных роднай зямлёй асоб – талентаў, геніяў, герояў працы… Спадчыну выбітных землякоў, памяць пра іх належыць зберагаць, множыць прызнанне заслуг персоны перад краінай, перад сваім рэгіёнам. Нараджэнец Бярэзіншчыны заслужаны будаўнік БССР Архіпец М.Ц. стварыў дыхтоўны фундамент беларускага прамысловага будаўніцтва, а мы, землякі і нашчадкі, павінны забяспечыць трывалы фундамент памяці пра земляка. Памяці нельга быць кароткай, бо з яе вечных вытокаў будуць духоўна і ідэйна наталяцца нашчадкі. Датуль завёмся мы народам, пакуль шануем карані, шануем слынныя імёны Бацькаўшчыны. Без гэтага не палюбіць сваёй радзімы – як малой, так і вялікай, сваёй Дзяржавы.

поделиться в: