Копка
Віктар Міхайлавіч
(26. 08. 1942г. )
Беларускі вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі, кандыдат тэхнічных навук (1975), прафесар (2003).
Нарадзіўся ў вёсцы Трасцянка Бярэзінскага раёна ў сялянскай сям'і. Скончыўшы ў 1955 годзе сем класаў у школе вёскі Трасцянка, працягнуў вучобу ў СШ №2 г.Беразіно і ў 1958г. атрымаў атэстат сталасці.
1958 г. - паступае ў тэхнічнае вучылішча № 2 г. Мінска.
Вясной 1961 г., атрымаўшы спецыяльнасць "свідравый майстар", прыступае да працы свідроўшчыкаў у складзе свідравой брыгады па бурэнню артэзіянскіх свідравін на ваду.
1961 г. – служыў у Савецкай Арміі.
1962г. - пасля заканчэння спецкурсаў па тапаграфіі і інжынернай геадэзіі летам у якасці памочніка афіцэра-тапагеадэзіста выконваў работу па абнаўленні тапаграфічных карт у Смаленскай, Маскоўскай і Калінінскай вобласцях, а ў 1963г. - у Віцебскай вобласці служыў на пасадзе намесніка камандзіра ўзвода.
1964г. – паступіў на будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута па спецыяльнасці "Экалогія".
1969 г. - абараніў дыпломны праект і атрымаў дыплом з адзнакай інжынера-будаўніка па спецыяльнасці "Экалогія". Рашэннем кафедры "Экалогія" быў пакінуты для далейшай працы на кафедры ў пасадзе інжынера. Займаўся дасканаленнем лабараторных устаноў і стварэннем новых лабараторных работ, а таксама гасдагаварнымі навуковымі даследваннямі.
1971 г. - паступае ў аспірантуру да прафесара Э.Х.Адэльска, ветэрана і заснавальніка кафедры. Аднак, нечакана, у лістападзе гэтага ж года, малады аспірант быў камандзіраваны для вучобы ў аспірантуру Дрэздэнскага Тэхнічнага Універсітэта (ГДР) на кафедру прафесара Крафта Г. У Германіі прыйшлося спачатку грунтоўна ўзяцца за вывучэнне нямецкай мовы. Разам са слухачамі з краін Афрыкі, Блізкага Усходу і іншых краін вывучаў нямецкую мову на падрыхтоўчых курсах. Праз 4 месяцы Копка В.М. ужо мог мець зносіны з калегамі па кафедры і з навуковым кіраўніком - прафесарам Крафтам. Неўзабаве вызначылася і тэма навуковых даследаванняў - тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні цеплааддачы бетоннай ацяпляльнай панэлі.
З 1974 па 1998 год, вярнуўшыся ў Беларускі палітэхнічны інстытут, Копка Віктар Міхайлавіч працаваў на пасадах асістэнта, старэйшага выкладчыка, дацэнта, загадчыка кафедры "Цеплазабеспячэнне". Адначасова з'яўляўся намеснікам дэкана будаўнічага, будаўніча-тэхналагічнага, потым завочнага будаўнічага факультэтаў.
У 1975 годзе яму была прысвоена вучоная ступень кандыдата тэхнічных навук. Нароўні з галоўнымі задачамі па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных інжынерных кадраў, В.М.Копко ў гэтыя гады займаўся выкананнем гасдагаварных навукова-даследчых работ. Найбольш значнымі з'яўляліся: "Рэканструкцыя сістэм вентыляцыі цэхаў завода персанальных электронных падлікавых машын Смаленскага завода" Іскра","Рэканструкцыя цеплавых сетак горада Каллавере Эстонскай ССР","Сістэма цеплазабеспячэння трамвайнага дэпо ў г.Мінску” і інш.
З 1998 па 2009 г. Віктар Міхайлавіч з'яўляўся начальнікам вучэбна-метадычнага ўпраўлення БНТУ. Вынікі навуковых даследванняў і навукова-метадычнай работы знайшлі адлюстраванне ў 83 друкаваных працах. З іх 30 - вучэбна-метадычных, у тым ліку 11 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Навучальны дапаможнік «Цеплавая ізаляцыя трубаправодаў цепласетак», аўтарам якога з'яўляецца
Копка В.М., карыстаецца вялікім попытам не толькі сярод студэнтаў, але і сярод праектыроўшчыкаў.
Вельмі патрэбным і своечасовым стаў “Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы”, створаны Віктарам Міхайлавічам і доктарам тэхнічных навук, прафесарам, рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Б.М.Хрусталёвым.
У 2003 годзе Копка Віктару Міхайлавічу прысвоена навуковае званне прафесара.
У 2005 г. прафесару Копка В.М. была ўстаноўлена персанальная надбаўка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі».
Мы в соцсетях & RSS