Кавалёнак
Міхаіл Іванавіч
(09.11.1900г.–12.01.1958г.)
Тэрапеўт, заслужаны ўрач БССР, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт.
Нарадзіўся ў мястэчку Бугушэвічы Ігуменскага павета ў сям’і селяніна. Скончыў медыцынскі факультэт БДУ(1928); ардынатар, асістэнт кафедры ўнутраных хвароб медыцынскага факультэта БДУ, Беларускага (Мiнскага) медыцынскага інстытута (1928-1937). Прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук (1936); зацверджаны ў вучоным званні дацэнта (1937); дацэнт кафедры факультэцкай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута(1937-1941), адначасова народны камісар аховы здароўя БССР (1940-1941).
У гады Вялікай Айчыннай вайны дацэнт кафедры ўнутраных хвароб Свярдлоўскага медыцынскага інстытута (1941-1942); начальнік санітарнага аддзела Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага (1942-1944).
Народны камісар (міністр) аховы здароўя БССР (1944-1948), адначасова загадчык кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута; дацэнт кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб (1948-1958).
Вялікую навуковую цікавасць уяўляюць працы, прысвечаныя арганізацыі медыцынскай службы партызанскага
руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ацэнцы санітарных страт у рэспубліцы.
Даследаваў стан здароўя насельніцтва БССР, даў характарыстыку мерапрыемстваў па аднаўленні і развіцці устаноў аховы здароўя, падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў. Аўтар 34 навуковых прац.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання, неаднаразова абіраўся дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. Адказны рэдактар «Медыцынскага часопіса БССР» (1940-1941). Памёр у Мінску, пахаваны на Вайсковых могілках.
Узнагароджаны
3 ордэнамі, у тым ліку ордэнам Леніна, медалямі, Ганаровай граматай ВС БССР;
Прысвоена ганаровае званне Заслужаны ўрач БССР.
Мы в соцсетях & RSS