Вінакурава
Святлана Пятроўна
(01. 03. 1953г.)
Філосаф, сацыёлаг, доктар філасофскіх навук (1994 г.), прафесар (1996).
Нарадзілася ў вёсцы Дзмітравічы Бярэзінскага раёна. Першы прарэктар Беларускай акадэміі мастацтваў. Скончыўшы школу з залатым медалём, у 1969 г. паступіла на філасофскае аддзяленне Белдзярж-універсітэта, які скончыла ў 1974 г., атрымаўшы дыплом з адзнакай. Затым паступіла ў аспірантуру Інстытута філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, скончыўшы яе ў 1978 г.
У 1980 г. прысуджана ступень кандыдата філасофскіх навук. Працавала ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР малодшым навуковым, затым - старэйшым навуковым супрацоўнікам. Работу ў сферы навукі спалучала з выкладчыцкай дзейнасцю ў ВНУ.
У 1988 г. перайшла на педагагічную працу ў ВНУ. З 1988 г. па 1990 г. - дацэнт кафедры філасофіі Мінскага педагагічнага інстытута ім. М.Танка.
У 1990 г. паступіла ў дактарантуру Інстытута філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ў 1993 г. скончыла яе, датэрмінова абараніўшы доктарскую дысертацыю.
З 1994 па 1995 гг. загадвала кафедрай, якая ажыццяўляе філасофскую падрыхтоўку аспірантаў і суіскальнікаў.
У 1996 г. атрымала званне прафесара.
Адпрацавала звыш 30 гадоў у Нацыянальнай акадэміі навук, і 18 гадоў у штаце Інстытута філасофіі, а з 1994 г. і да
цяперашняга часу - па сумяшчальніцтву прафесарам на кафедры філасофіі Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Акадэміі навук. Больш за 15 гадоў чытае аспірантам Акадэміі навук курс філасофіі і метадалогіі навук.
Яшчэ ў 1980-я гады ўключылася ў распрацоўку і правядзенне Усесаюзнага даследчага праекта па вывучэнні дынамікі сацыяльнай структуры грамадства ў якасці кіраўніка рабочай групы сацыёлагаў. Гэты праект у галіне гуманітарнай навукі ўпершыню ў рэспубліцы атрымаў міжнародны статус і быў уключаны (у 1988г.) у аналагічныя даследванні, якія праводзяцца ў краінах ЗША і Еўропы.
У 1995 г. перайшла на працу ў дзяржаўны апарат. Працавала саветнікам-кансультантам галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі, затым - галоўным саветнікам эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Са студзеня 2002 г. - начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін сацыяльнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, са снежня 2002 г. па люты 2006 г. - саветнік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Мае 2 клас дзяржаўнага служачага.
Выступала на міжнародных навуковых канферэнцыях у Будапешце, Стакгольме, Германіі, Швейцарыі, Турцыі, краінах СНД.
Удзельнічаючы ў праектах ААН, апублікавала грунтоўныя раздзелы ў Нацыянальных справаздачах аб чалавечым развіцці па сацыяльных пытаннях дзяржаўнай палітыкі (1997 г., 2005).
З 2006 г. працуе першым прарэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Паспяхова займаецца навукай. За перыяд працы ў Акадэміі мастацтваў апублікавала шэраг навуковых прац.
Прыняла ўдзел у працы I-га з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь, III Форуму навуковай і творчай інтэлігенцыі краін СНД (2008 г., Душанбэ).
Член экспертнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Узначальвае Каардынацыйны савет навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва пры Міністэрстве культуры.
Член аргкамітэта штогадовай Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Культура. Навука. Творчасць », якая праводзіцца на ўзроўні Міністра культуры.
Член экспертнага савета ВАК па філасофскіх навуках. Член савета па абароне доктарскіх дысертацый па сацыялагічных навуках ў Белдзяржуніверсітэце. Член Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Член рэдкалегіі часопіса «Беларуская думка».
На Х пасяджэнні Генеральнай асамблеі Платформы “Дыялог Еўропы” 1 снежня 2012 года С.П.Вінакурава абрана старшынёй Платформы на 2012-2014 гады.
Знаходзіцца ў кадравым рэзерве на пасаду намесніка старшыні ВАК Рэспублікі Беларусь філасофскіх навук у сучасным грамадстве.
Навуковыя інтарэсы звязаны з філасофска-этычнай праблематыкай, распрацоўкай метадалагічных падыходаў да даследавання маральнай практыкі.
Узнагароджана:
Граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002); Граматай Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь (2004);
Ганаровым Знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2007);
Ганаровай Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2007);
Ганаровай Граматай НАН Беларусі (2009) і інш.
Мы в соцсетях & RSS