РУС БЕЛ ENG

Вараб’ёў Васіль Пятровіч

Вараб’ёў

Васіль Пятровіч                     

 (3.01.1957г.)

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Нарадзіўся ў вёсцы Арэшкавічы Бярэзінскага раёна. Вучыўся ў Арэшкавіцкай СШ. З сёмага класа Васіль Пятровіч пачаў дасылаць свае нататкі ў раённую газету «Сцяг Леніна».

 Далейшы яго лёс быў звязаны з факультэтам журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя В.І.Леніна. Будучы студэнтам факультэта журналістыкі, В.П.Вараб'ёў пачаў працаваць радыёжурналістам, затым карэспандэнтам штотыднёвіка на ВА «Інтэграл».

 Працягнуў працоўную дзейнасць у Белдзяржуніверсітэце з 1979 па 1987 гг. ў якасці рэдактара газеты «Беларускі ўніверсітэт», стаўшы ў 22 гады яе самым маладым рэдактарам. У той жа час Васіль Пятровіч пачынае займацца выкладчыцкай працай.

 З 1987 па 1990 гг. В.П.Вараб’ёў працаваў інструктарам Мінскага гаркама КПБ, курыраваў прэсу горада Мінска, адначасова выкладаў на факультэце журналістыкі. У 28 гадоў ён абараніў кандыдацкую дысертацыю і атрымаў неафіцыйны тытул самага маладога кандыдата навук на факультэце. У 1990 г. абраны намеснікам сакратара парткама БДУ. У 1991 г. па конкурсе абраны загадчыкам кафедры тэорыі і практыкі сучаснай журналістыкі, стаўшы пры гэтым яе самым маладым кіраўніком.

 З 1992 па 1997 гг. працаваў начальнікам упраўлення інфармацыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 Узначальванне прэс-службы Вярхоўнага Савета аўтаматычна прысвойвала Васілю Пятровічу першы клас служачага дзяржаўнага апарату, на ўзроўні першага намесніка міністра, аднак калі ён атрымаў нечаканую прапанову ўзначаліць факультэт журналістыкі, пагадзіўся і не пашкадаваў.

 З 1997 па 2005 гг. двойчы абіраўся дэканам факультэта журналістыкі. З 1998 г. ўзначальваў створаную кафедру сацыялогіі журналістыкі.

 З 1 чэрвеня 2014 г. – загадчык кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі.

 Апублікаваў звыш 150 навуковых прац, падрыхтаваў трох   кандыдатаў навук.

 Багаты прафесійны вопыт атрымаў у час журналісцскіх стажыровак у прэс-службах Прэзідэнта і парламента Польшчы (1992), ФРГ (1992, 1996), ЗША (1993), Кітая (1993).

 У 1997-1998 гг. удзельнічаў у навуковым праекце “Тэмпус” разам з французскімі даследчыкамі ў Грэноблі, Парыжы, Марселі.

 У 1999 г. знаходзіўся ў камандіроўцы ў Шведскім інстытуце FOJO (г. Кальмар) у якасці каардынатара стартавага этапу беларуска-шведскага праекта «Вучымся выкладаць журналістыку». Праз год Васіль Пятровіч быў каардынатарам першага беларуска-нямецкага праекта “Медыяініцыятыва” у Берліне (ФРГ).

 За шматгадовую добрасумленную працу, вялікі ўклад у развіццё журналісцкай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь у 2000 г. быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ганаровымі знакамі «Выдатнік друку Беларусі», «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь".

 У 1999 г. Васілю Пятровічу было прысвоена званне «Заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў».

 У 2002 г. ён стаў лаўрэатам стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За значны ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі”.

 У 2004 г. ўзнагароджаны дыпломам Міністэрства інфармацыі «За плённую працу ў беларускай журналістыцы».

поделиться в: