Булойчык
Васіль Міхайлавіч
(16.04.1953г.)
Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар тэхнічных навук, прафесар.
Нарадзіўся ў г.Беразіно. Васіль Булойчык - выдатны вучоны ў галіне тэорыі і практыкі матэматычнага мадэлявання ваенных і ваенна-тэхнічных сістэм. Яго навукова-тэарэтычныя і практычныя дасягненні шырока вядомыя і прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Аўтар тэорыі матэматычнага мадэлявання баявых дзеянняў падраздзяленняў, часцей і злучэнняў Узброеных Сіл, якая забяспечвае распрацоўку алгарытмаў і камп'ютэрных праграм імітацыі працэсаў бою і баявых дзеянняў.
Аўтар 238 навуковых і навукова-метадычных прац, у тым ліку двух манаграфій, двух падручнікаў, 14 вучэбных дапаможнікаў, 39 справаздач аб НДР і ДКР. Васіль Міхайлавіч з'яўляецца ганаровым навукоўцам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Абіраўся ў прэзідыум I з'езда вучоных (2007 год) Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе абіраўся дэлегатам II з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь. Распрацоўшчык Канцэпцыі стварэння сістэмы мадэлявання ваенных дзеянняў, на аснове якой у рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў ім былі створаны матэматычныя мадэлі і праграмнае забеспячэнне для сістэмы мадэлявання ваенных дзеянняў аператыўна-тактычнага ўзроўню.
Укараняючы ў жыццё свае дасягненні, Васіль Булойчык ў 1995 годзе стварыў у Ваеннай акадэміі кафедру інфармацыйна-вылічальных сістэм, а ў 2010 годзе - навукова-даследчы цэнтр мадэлявання ваенных дзеянняў, якім кіруе і ў цяперашні час. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 12 кандыдацкіх дысертацый. Заснавальнік і кіраўнік беларускай ваенна-навуковай школы «Сучасныя метады і сродкі матэматычнага мадэлявання ваенных дзеянняў і ваенна-тэхнічных сістэм». Валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі. Прымае актыўны ўдзел у працы міжведамасных і міжнародных канферэнцый. Дасягненні узначаленага ім навуковага калектыву дэманстраваліся на міжнародных выставах (Францыя, КНР, Малайзія, Казахстан, Беларусь, Расія), ўзнагароджваліся ганаровымі дыпломамі і заслужылі высокую ацэнку спецыялістаў. Пад яго кіраўніцтвам і ў рамках ваенна-навуковай школы была створана сістэма мадэлявання для ацэнкі эфектыўнасці групіроўкі Ваенна-паветраных сіл і воіск супрацьпаветранай абароны «Свіслач-1», якая прынята на забеспячэнне Узброеных Сіл. Яе прымяненне дазволіла павысіць у разы якасць, аператыўнасць кіравання і здольнасць выканання задач падраздзяленняў і частак па прызначэнню.
Васіль Булойчык з'яўляецца старшынёй савета Ваеннай акадэміі па абароне кандыдацкіх дысертацый па ваенных навуках. Член савета Ваеннай акадэміі па абароне доктарскіх дысертацый па тэхнічных навуках. Яго праца ў савеце забяспечыла абарону 39 кандыдацкіх і трох доктарскіх дысертацый. З 2004 года з'яўляецца галоўным рэдактарам зборніка навуковых артыкулаў Ваеннай акадэміі. Таксама Васіль Булойчык - член рэдакцыйнай калегіі часопіса «Навука і ваенная бяспека», член навукова-тэхнічнай экспертнай групы пры Міжведамасным каардынацыйным савеце па ваенна-тэхнічных пытаннях пры Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Рэспублікі Беларусь.
Актыўна ўдзельнічае ў развіцці міжнароднага ваенна-навуковага супрацоўніцтва. Ганаровы навуковец Нацыянальнага універсітэта абароны Рэспублікі Казахстан. Мае ганаровае званне сапраўднага члена Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі.
Мы в соцсетях & RSS