РУС БЕЛ ENG

Малашкевіч Фама Яфрэмавіч

МАЛАШКЕВІЧ ФАМА ЯФРЭМАВІЧ
23.09(06.10)1913 – пасля 1997
Ураджэнец в.Быкавічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Забойшчык шахты.
Заслужаны шахцёр Украінскай ССР.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1957 г.

Маевская Наталья Николаевна, [09.10.2024 10:02]
Ода жыцця нашага земляка Малашкевіча Фамы Яфрэмавіча з першапачатковым гучаннем пачыналася з самай нізкай трывожнай ноты, якая ўвабрала ў сябе трагізм эпохі. Потым была рамантыка ажыццёўленай мары і прафесійная запатрабаванасць, якія надалі высокае гучанне ноце вядомасці гэтага чалавека, вывелі яго ў разрад ганаровых нараджэнцаў Бярэзінскага раёна.
Наш зямляк узляцеў на арбіту жыцця ў нялёгкі час. Махавік драматычнай жорсткасці крушыў яго лёс ужо на самым узлёце. Яму разам з яго пакаленнем належыла стаць сведкам і ўдзельнікам напружаных і значных падзей у гісторыі краіны. Яго характар выкавалі ўдары лёсу і цяжкія перашкоды. Жыццёвы шлях нараджэнца бярэзінскай вёсачкі Быковічы Фамы Яфрэмавіча Малашкевіча ахапіў некалькі эпох: нарадзіўся ў 1913 годзе, яшчэ ў царскай Расіі, працаваць пачаў у міжваенны перыяд, найбольш плённыя гады прыпалі на пасляваенны савецкі перыяд. Лёс не песціў і не была бясхмарнай доля вясковага хлопчыка. Вайна давала яму атэстацыю. Ён – прадстаўнік пакалення, якое пісала сваю біяграфію ў баявых паходах. Дзве вайны паласавалі лёс земляка – навальнічным урганам пранесліся Першая Сусветная і Вялікая Айчынная войны. Ратнай справай знаны, ён вылучыўся і ў працы. Не шукаў лёгкіх шляхоў на прывале і на рабоце. Лёс пасылаў яму не толькі шчаслівыя імгненні і працоўнае задавальненне, а і цяжкія выпрабаванні, якія ён сустракаў годна, не згубіўшы надзеі і веры ў людзей. Паварочваць назад не ў яго характары.
Вясковаму хлопчыку з ранняга дзяцінства давялося зведаць горкі сірочы хлеб. Праз год пасля нараджэння памёр бацька, а праз тры гады не стала і матулі. Трое дзяцей засталіся сіротамі. Малых на выхаванне да сябе ўзялі сваякі. Дзяцінства і маленства Малашкевіча супала з 1-ай Сусветнай вайной. Загартаваны ваенным дзяцінствам, у 13 гадоў Фама працаваў пастушком па найме, зарабляючы на пражытак. Потым была работа ў сельскай гаспадарцы, дзе за працу атрымлівалі голыя працадні.
Само жыццё быццам рыхтавала вясковага хлопца да мужнай мужчынскай прафесіі. Пасля службы ў Чырвонай Арміі ў пошуках лепшай долі юнак паехаў на Украіну з каліўкам надзеі ў сэрцы. Працаваў спачатку на навабудоўлях, а потым набыў спецыяльнасць шахцёра, завербаваўшыся на вугольныя шахты Данбаса. Па-народнаму проста, па-сялянску шчыраў ён спачатку вучнем на шахце №22 імя Кірава Галубоўскага рудаўпраўлення трэста “Кадиевуголь” (“Кировуголь”), з 1936 года – забойшчыкам камбіната “Данбасвугаль”, а 1938 – “Варашылаўградвугаль”. Ажаніўся. Жыццё пакрысе наладжвалася. Але па лёсах людскіх пракацілася новае выпрабаванне – 2-ая Сусветная вайна. 28-гадовы Фама Малашкевіч стаў ў рады змагароў за свабоду і незалежнасць Айчыны ад нямецка-фашысцкіх рабаўнікоў. З 30 верасня 1941 года ваяваў на Паўднёвым, Паўночна-Каўказскім, Закаўказскім і 1-ым Украінскім франтах. Усю вайну прайшоў у складзе 395-ай “шахцёрскай” стралковай дывізіі, на ўласным вопыце пераканаўся: смеласць і рашучасць – мацнейшыя за зброю. Вайну ён правёў на перадавой, нярэдка трапляючы ў самае пекла і зазіраючы смерці ў вочы. Удзельнічаў у абароне г.Марыупаль Данецкай вобласці, у Данбаскай абарончай аперацыі, у баях у басейне Дона і Кубані, прадгор’ях Каўказа. У баях за хутар Плаўненскі Крымскага раёна ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. У 1944 годзе – удзельнік аперацыі на тэрыторыі Заходняй Украіны, Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі. Франтавымі дарогамі дайшоў салдат да Берліна. Узнагароджаны медалём “За адвагу”. У віхуры вайны загінула ўся яго сям’я.
Лёс збярог франтавіка для выканання працоўных замыслаў. Быў ён з таго пакалення, што з агню ўратавана для працы. Пасля вайны яшчэ жыў трывогамі фронту, адчуваннем вялізнасці чалавечай бяды, што захапіла ў сябе мільёны лёсаў. З далёкай вайны гераічны мужчына прынёс шмат спазнанага, зведанага, бядой вынашанага. Праз вайну ўсё бачылася інакш. Вайна абвастрыла пачуццё злітнасці, з’яднанасці з шахтай, адкуль цягнуліся моцныя ніці повязі.

Вярнуўшыся з фронту пасля перамогі, былы франтавік Малашкевіч Ф.Я. зноў спусціўся ў забой шахты №22 імя Кірава Міністэрства вугольнай прамысловасці Украінскай ССР Варашылаўскай вобласці.Сэрца поўнілася вялікай радасцю звароту да мірнага жыцця, шчасцем збаўлення ад цемры. Гарняк Малашкевіч аднаўляў разбураныя шахты, затым зноў працаваў у забоі. Працаваў самаахвярна і ўдарна, па-стаханаўску. Працоўныя поспехі складваліся з дастойнай перспектывай. Пра тое, як працаваў наш зямляк, сведчыць яго ўзнагароды:
- 1952 г. – медаль “За працоўную доблесць”;
- 1953 г. – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга;
- 1957 г. (26 красавіка) – загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем медаля “Залатая Зорка”, ордэна Леніна, граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
У працоўнай кніжцы Фамы Яфрэмавіча Малашкевіча – усяго два запісы: “прыняты”, “звольнены ў сувязі з выхадам на пенсію”. А колькі сіл і працоўнага энтузіязму затоена паміж гэтымі сціплымі радкамі! Гэты паказальны факт заслужаны шахцёр, чыя працоўная доблесць адзначана нагрудным знакам “Шахцёрская слава”, так пракаменціраваў пры сыходзе на заслужаны адпачынак : “Я тут адкрыў працоўную кніжку – тут і закрываю”.
Нараджэнец бярэзінскай вёскі Малашкевіч Ф.Я. трывала прапісаўся ў горадзе Кіраўск Луганскай вобласці Украіны, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам горада. У красавіку 2011 года на доме №9, па вуліцы 60-годдзя Кастрычніка, у якім пражываў герой працы , адкрыта мемарыяльная дошка.
У сярэдзіне 60-х Фама Яфрэмавіч наведаў родныя мясціны ў Беларусі, на Бярэзіншчыне. З радасцю і болем пад’яджаў к родным мясцінам, якія моцна, на ўсё жыццё былі прапісаны ў сэрцы. Гэта былі не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы дзяцінства і маладосці. Сюды не раз з далёкай украінскай зямлі пералётнымі птушкамі ляцелі-вярталіся яго ўспаміны. Аднак апошні свой прытулак беларус знайшоў на Украіне .
Памёр пасля 1997 года. Метраном гадоў усё званчэй чаканіць гэта імя – Фама Яфрэмавіч Малашкевіч. Гэты чалавек аставіў пасля сябе глыбокі, добры след на вечнай Дарозе жыцця.

поделиться в: