КАПУСТА ФІЛІП СІДАРАВІЧ
27.01.1912 – 18.02.1972
Ураджэнец в.Арэшкавічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Заслужаны шахцёр Украінскай ССР.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1972 г.
Бывае, кола жыцця пачынаецца і завяршаецца ў адным месцы. А па жыццёвым азімуце нашага земляка Філіпа Сідаравіча Капусты можна вывучаць геаграфію. Ён не раз развязваў на вакзале вузельчыкі дарог, будучы па тэмпераменце байцом, адчуваў прагны інтарэс да новых мясцін, новых людзей, кіруючыся прынцыпам: нават рака мяняе русла. Яго месца нараджэння – Беларусь, а месца пастаяннага жыхарства – Украіна з працоўнай шахцёрскай прапіскай. Усёй сваёй працоўнай біяграфіяй гэты чалавек даказаў: праца не мае нацыянальнасці, але бывае нацыянальным гонарам, аб’ектам усенароднай пашаны. Мужчына сялянскага паходжання меў цяжкае, не вельмі сытнае дзяцінства, аднак выпрацаваў сваю філасофію жыцця ва ўмовах невялікай вёскі: усё трымаецца на працы!
Званне земляка пячаткай зацверджана – нараджэнец вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна Міншчыны. Вёска была самая звычайная: не вялікая, не малая – налічвала 92 двары і 565 жыхароў. Сям’я Сідара Капусты была багатая на дзяцей. Дзень народзінаў Філіпа стаў жыццёвым п’едэсталам, на які яго ўзвялі бацькі ў благаславёны небам час – 27 студзеня 1912 года. У той марозны зімовы дзень хлопчык атрымаў першую прышчэпку на жыццястойкасць. Бацькі жылі працай сваіх рук, зналіся з мазалямі. Хоць бацькоўскае прозвішча было апетытна-ядомым – Капуста, дзецям даводзілася не раз зведаць нішчымніцу, калі зубы ад голаду адбівалі чачотку…
Не чакаючы палёгкі ад жыцця, Філіп рана пачаў працоўную дзейнасць, памагаючы бацькам весці ўласную гаспадарку. У 16 гадоў уладкаваўся на працу лесарубам у Чэрнеўскую лесанарыхтоўчую кантору суседняга Барысаўскага раёна Мінскай акругі. Першыя працоўныя ўніверсітэты нараджэнца бярэзінскай лясной вёскі з арэхавай назвай Арэшкавічы праходзілі на лясной дзялянцы лесасекі.
Маладыя людзі, як лісце, любяць зрывацца з месца. Напрыканцы 20-ых гадоў ішла вярбоўка людзей ў Карэлію. У сувязі з утварэннем аўтаномнай рэспублікі і пачаткам рэалізацыі першай пяцігодкі, патрабавалася вялікая колькасць работнікаў з іншых рэгіёнаў. 18-гадовы Філіп Капуста ўслед за рамантыкай паехаў з глыбокай правінцыі ў вялікі нязведаны свет – знайсці сябе і зацвердзіць бацькоўскі наказ: мужчына правяраецца ў дарозе. Верылася – наперадзе кіламетры шчасця…
Беларускі хлопец апынуўся ў шматнацыянальным асяродку, дзе поруч з мясцовым насельніцтвам было шмат перасяленцаў. Там ён іншымі вачыма глянуў на свет і на людзей вакол сябе. У той час у Карэліі запускалі ўнікальныя гідраэлектрастанцыі ў рамках праграмы электрафікацыі краіны. На Неўскай ГЭС Карэльскай АССР і пачаў пісаць свой працоўны чыставік Філіп Капуста. Два гады працаваў качагарам, а душа прасіла чагосьці асаблівага, і спідометр-сэрца падказаў новы маршрут.
Смелы ў прыняцці рашэнняў 20-гадовы максімаліст не збаяўся змяніць сюжэт лёсу – у чарговы раз рассунуў рамкі жыцця і апынуўся на Украіне. У гэтым факце яго біяграфіі праследжваецца сэнс жыццёвага шляху, які на першы погляд здаецца дарогай у прыцемках, але выяўляе высокую мэту. Гэта ўжо быў не юначы запал, які затуманьвае вочы, а рэальны выбар.
Па шчасліваму білету юнак трапіў у шахцёрскі горад Лісічанск. Напачатку чамаданна ўліўся ў новы калектыў, а потым усёй істотай акунуўся ў свет трывалага на мужчынскае сяброўста і ўзаемавыручку жыцця і быту гарнякоў. Шахцёр – прафесія моцных людзей, самая небяспечная мірная прафесія з суровай прозай будняў. Яна прыйшлася хлопцу па характары. Шахта стала мацерыком яго жыцця між камянямі абставін. На шахтах данецкага каменнавугольнага басейна Данбаса пройдзе ўвесь далейшы шлях Ф.С.Капусты. Хваткі беларус з пачатковай адукацыяй хутка змяніў пасаду загадчыка аддзела асабовага складу на памочніка дырэктара па кадрах шахты №1 імя Мельнікава. Тут ён прайшоў першыя азы навукі чалавеказнаўства.
Чарговым этапам сталення асобы юнака стала армія – месца, дзе нараджаецца мужчына-чалавек-грамадзянін, адказны не толькі за сваё жыццё, але і за лёс сваёй Айчыны. Два гады Філіп Капуста служыў у арміі (1934 – 1936) у званні камандзіра аддзялення аўтамабільнага палка. Ад салдата засталіся шырокія плечы, выпраўка і адкрыты мужны твар, запас каэфіцыента трываласці. Пасля дэмабілізацыі ўзмужнелы юнак вярнуўся на шахту, шчасця шыфр шукаў у працы. Аднак, жыццё пачало наносіць на палатно яго лёсу першыя жорсткія ўзоры. Панёс-паімчаў, як шторм дзесяцібальны, ваенны час. Праз порах і дым першы раз ён прайшоў на фронце савецка-фінскай вайны ў 1940 годзе, затым – Вялікай Айчыннай вайны. Але спачатку патрэбна было несці вахту абароны шахты ў тыле, калі ўзнікла пагроза захопу лісічанскіх шахт фашысцкімі акупантамі ў лістападзе 1941 года з прыбліжэннем лініі фронта. Філіпу Сідаравічу было даручана забяспечыць эвакуацыю горнага абсталявання і спецыялістаў шахты ў Чкалаўскую (цяпер Арэнбургскую) вобласць РСФСР. Пасля паспяховай аперацыі савецкіх войск у студзені 1942 года і ліквідацыі пагрозы захопа тэрыторыі лісічанскіх шахт, Капуста быў назначаны дырэктарам шахты імя Крупскай. Прыняць актыўны ўдзел у паўторнай эвакуацыі абсталявання і спецыялістаў камбіната “Варашылаўвугаль” кіраўніку вугальнай вытворчасці давялося ў маі-чэрвені 1942 года па прычыне імклівага прадзвіжэння часцей вермахта ў накірунку Каўказа і Волгі. У ліпені 1942 года Капуста Ф.С.быў адкамандзіраваны на новае месца працы – камбінат “Кузбасвугаль” намеснікам загадчыка шахты “Цэнтральная” трэста “Кемерававугаль” па кадрах.
Скурпулёзная статыстыка падлічыла: для франтавікоў адзін дзень вайны раўняўся тром дням мірнага жыцця. Рызыкаваць на фронце даводзілася штодня. Філіп Капуста ўліўся ў рады франтавікоў ў студзені 1943 года. Баявы шлях прайшоў у складзе 224-га асобнага знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна 150-ай стралковай Сібірскай добраахвотніцкай стралковай дывізіі ў якасці камандзіра арудзійнага разліку. Гвардыі сяржант Капуста ваяваў на Калінінскім, Заходнім, 2-ім Прыбалтыйскім франтах. Прымаў удзел у Смаленскай, Ленінградска-Наўгародскай, Аршанскай наступальных аперацыях. Асабліва вылучыўся ў жніўні 1943 года ў Спас-Дземенскай аперацыі, калі артылерысты разліку гвардыі сяржанта Капусты знішчылі варожую кулямётную кропку і забяспечылі наступленне савецкай пяхоты. За праяўленую мужнасць адважны сяржант быў адзначаны медалём “За баявыя заслугі”. Ордэн Чырвонай Зоркі – сведчанне адвагі камандзіра разліку ў баях на тэрыторыі Калінінскай вобласці ў студзені 1944 года. Баявы сяржант – не сагнеш, не зламаеш, не меў страху перад варожай куляй, аднак яна не прамінула аставіць на яго целе страшныя адмеціны. Цяжкае раненне – шпіталь – працяглае лячэнне – аптымізм і цвёрдае перакананне: гнуткае дрэва і вецер не зломіць! Камісаваны, аднак бадзёры духам, не расчараваны ваеннай ліхаманкай страляны верабей – франтавік-артылерыст вярнуўся да мірнай працы з ордэнам і медалямі, навек паранены вайной. Ваенныя нягоды не збілі прыцэл мужнага ў змаганні і працавітага мужчыны. Як бура застаўляе дубы глыбей пускаць карані, так і ліхія вятры лёсу толькі закалялі яго характар.
У ліпені 1944 года пасля працяглага лячэння ў шпіталі Капуста вярнуўся на работу ў трэст “Лісічансвугаль”, які ўзнавіў вытворчасць ужо ў верасні 1943 года. Ардэнаносны франтавік у жніўні 1944 года быў назначаны начальнікам Чарнаморскага шахтаўпраўлення, створанага на базе шахты “Чарнаморка”. За 10 гадоў на гэтай адказнай пасадзе ён забяспечыў датэрміновае засваенне праектнай магутнасці нанова адкрытых шахт і павышэнне тэмпаў здабычы вугля ў цяжкіх умовах канца вайны і пасляваеннай разрухі. Пачатак 1954 года азнаменаваўся для паспяховага ўпраўленца пераходам на пасаду дырэктара шахты “Кременная-Западная”. Улічваючы вялікія арганізатарскія здольнасці, ініцыятыўнасць і працалюбства, у жніўні таго ж 1954 года кіраўніцтва трэста прапанавала Філіпу Сідаравічу ўзначаліць шахту “Новодружеская”. Пачаў пісацца новы службовы роман дырэктара з шахтай, якая вывела яго на п’едэстал героя працы.
Аднак, да радаснай вяхі поспеху, да знамянальнага дня трэба было ісці не адзін год. Пазней, Філіп Сідаравіч прызнаўся: гэта быў трыумф прызначэння пры несуцяшальным раскладзе спраў на шахце. Аб’ект яму дастаўся складаны. Пабудаваная ў 1939 і ўзноўленая ў 1949 годзе, шахта ўжо ў пачатку 50-ых патрабавала рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання. Калектыў паказваў нізкую прадукцыйнасць працы і выдаваў толькі 300 тон вугалю ў суткі (пры сярэднесутачных 545-ці тонах у 1941 годзе), а ў тыя пасляваенныя гады краіна мела патрэбу ў ім, як ніколі раней.
Толькі слабых праблемы заганяюць у тупік! Новы кіраўнік шахты, моцны духам, прыступіў да фарсіраванага і паглыбленага рэфармавання вытворчасці. Узяўся за справу з праверанай тактыкай: лепш не пачынаць, чым спыніцца на паўдарозе! А пачынаць трэба было з канкрэтна акрэсленай мэты. Настойлівы дырэктар правёў аптымізацыю ўчасткаў здабычы, прывёў у парадак горную гаспадарку. З’явіліся шахтныя вагоны вялікай ёмістасці. Ужо праз 4 месяцы здабыча на шахце ўзрасла ўдвая – да 600 тон у суткі. Гэта стала першай працоўнай перамогай дырэктара-рэфарматара.
Аднак, першыя поспехі не супакоілі, яны натхнілі, сталі стартам новых працоўных вяршынь, стымулявалі пашырэнне амплітуды дзеянняў і планаў. На шахце кардынальна была зменена схема падземнага транспарта, былі зманціраваны высокапрадукцыйныя стужкавыя канвееры замест скрабалкавых. Дыяганальныя наклонныя квершлагі дазволілі ў два разы скараціць час запуску ў работу ніжніх пластоў шахтавага поля, вызваліць 87 чалавек, значна зменшыць працаёмкасць работ на падземным транспарце і атрымаць сярэднегадавы эканамічны эфект 94 тыс. рублёў.
Калектыў пад кіраўніцтвам Капусты Ф.С. працаваў як зладжаны механізм, як арцель аднадумцаў з перакананасцю: рэзультат залежыць ад каманды і яе мудрага камандзіра. Дырэктар заўсёды знаходзіўся ў цэнтры падзей, праяўляў сябе як наватар вытворчасці, з энтузіязмам браўся за новыя, працаёмкія, складаныя справы. Унутры гэтага маторнага чалавека быццам быў асабісты лічыльнік высокага каэфіцыента карыснага дзеяння і працаваў маленькі атамны рэактар, здольны ўдыхнуць энергію ў працоўны калектыў. Былы франтавік умеў не прагінацца, каб дагадзіць вышэйшаму начальству, а дзейнічаў толькі на карысць справе. Выпрацаваў разумную тактыку: не ва ўсе зачыненыя дзверы трэба стукацца, не ва ўсе адкрытыя заходзіць. Бударажыў вышэйшыя інстанцыі, наведваў заводы горных машын, дамаўляўся аб выпрабаванні новай тэхнікі на шахце. Усё гэта было даволі клопатна, падрывала яго аслабленае вайной здароўе, аднак прыносіла значныя рэзультаты і дазваляла шахце ўтрымліваць перадавыя рубяжы сярод прадпрыемстваў трэста. Па ініцыятыве Капусты Ф.С. і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам упершыню ў трэсце ва ўсіх лавах шахты былі ўкаранены высокапрадукцыйныя вузказахватныя камбайны.
Высокія арганізатарскія здольнасці, асабістая дысцыплінаванасць, высокае пачуццё адказнасці за даручаную справу дапамагалі Капусту на працягу многіх гадоў арганізоўваць рытмічную працу шахты, дасягаць штогадовага прыросту здабычы вугалю і павышэння прадукцыйнасці працы. Сумненні ў поспеху агульнай справы дырэктар адразу адкідаў, зазначаючы: адзіны тормаз на шляху да заўтрашніх дасягненняў – нашы сённяшнія сумненні. На п’едэстал дырэктара шахты ўзвяла праца. За перыяд яго кіраўніцтва шахта ўваходзіла ў лік лепшых вугальных прадпрыемстваў Данецкага басейна. Заданне 8-ага пяцігадовага плана яна выканала за 7 месяцаў – ужо ў ліпені 1970 года. За выдатныя заслугі ў развіцці вугальнай вытворчасці і дасягненні высокіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР загадам ад 30 сакавіка 1971 года прысвоіў перадавому дырэктару званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Няўрымслівы кіраўнік не мог жыць з года ў год рэхам былых дасягненняў, быў скіраваны на новыя працоўныя перамогі. Тэмпы здабычы вугалю ўзрасталі, шахта ўдарна завяршыла 1-ы год новай пяцігодкі, план быў перавыкананы на 114%, прадукцыйнасць працы павысілася на 7 %. Было атрымана звышпрыбытку на 250 тыс.рублёў.
Дырэктар перадавой шахты заўсёды быў на лідэрскіх пазіцыях, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды і званні: два ордэны Леніна (1966, 1971), ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), ордэн Чырвонай Зоркі (1941), медалі “За працоўную доблесць” (1952), “За працоўную адзнаку”, кавалер знака “Шахцёрская слава” 2 і 3 ступеняў, Заслужаны шахцёр Украінскай ССР (1967). Капуста Ф.С. карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод рабочых і служачых шахты, працоўных горада і гарнякоў вобласці. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Варашылўградскага, Луганскага абласнога і Лісічанскага гарадскога Савета дэпутатаў.
Чалавек выключна высокай самадысцыпліны, Герой Сацыялістычнай Працы Капуста Ф.С. патрабаваў таго ж ад падначаленых, вучыў іх быць умелымі арганізатарамі, добрымі гаспадарамі, эканамістамі, пры гэтым крайне нецерпяліва адносіўся да разгільдзяйства парушальнікаў дысцыпліны і тэхнічнай бяспекі. Дырэктар ніколі не дараваў няшчырасці, двурушніцтва, прыстасаванства. Меў цвёрды характар і душэўнаю трываласць, пры гэтым ніколі не ішоў на канфлікт, ніколі не ставіў сваю пасаду і “службовую анкету” вышэй чалавечнасці. Заўсёды быў здольны паразумець, знайсці агульную мову, выслухаць. Разумнае, чалавеказнаўчае крэда кіраўніка Капусты Ф.С.: трэба давяраць чалавеку, бо чалавек, якому давяраюць, якога цэняць – адпаведна і працуе.
Сістэматычная выхаваўчая работа з людзьмі, правільны падбор і расстаноўка кадраў сталі вызначальнымі ў рабоце дырэктара шахты. Гэта быў не той выпадак, калі дырэктар – поўны дыктатар, а падначаленыя – шурупчыкі паслухмяныя і ўзаемазамяняльныя. Ён умеў разгадаць, на што здольны чалавек і правільна вызначыць яго працоўнае месца. Кожны спецыяліст – начальнік участка, механік або брыгадзір былі на сваім месцы. Яго школу прайшлі многія інжэнеры і тэхнічныя работнікі, якія сталі майстрамі сваёй справы і дастойна прадоўжылі пачатае іх настаўнікам.
Філіп Сідаравіч практычна не дапускаў змены кадраў, акружаў увагай і клопатам брыгады перадавых рабочых, радаваўся іх поспехам, надзяляў увагай пытанні паляпшэння матэрыяльна-бытавых умоў жыцця і працы шахцёраў. За кошт сродкаў прадпрыемства на беразе Чорнага мора ў г.Анапа была пабудавана база адпачынку для гарнякоў.
Ганаровы работнік вугальнай прамысловасці клопатна, напружана жыў турботамі сваёй турботнай шахцёрскай гаспадаркі. Жыў, а не існаваў цеплакроўна, спачываючы на лаўрах. Верны прынцыпу: чым вышэйшая пасада – тым большая адказназнасць, пры усялякім раскладзе спраў – працоўных перамогах ці няўдачах і цяжкасцях – браў адказнасць на сябе. Рытм сэрца і тэмпы жыцця супадалі, ён спяшаўся жыць, а жыццём яго была праца. Працаваў і не даваў сабе палёгкі, нават калі падводзіла здароўе. Мужчына асаблівай вяскова-франтавой закваскі жыў цераз край – па іншаму не ўмеў. Жыццё спрэсоўвалася ў працоўныя пяцігодкі вялікай унутранай насычанасці і інтэнсіўнасці. Пры такіх тэмпах год жыцця ішоў за десяць…
Філіп Сідаравіч памёр раптоўна па дарозе на работу. Відавочна: птушкі паміраюць у палёце. Свечка жыцця легендарнага чалавека растаяла 18 лютага 1972 года. Жыццёвы экватар ледзь-ледзь пераваліў за 60 год. Быццам бурай адламала галіну, на якой было шмат саспелых яблыкаў – было поўна задум і планаў…
Пахаваны Капуста Ф.С. у г.Лісічанску, дзе пражыў 40 гадоў, выйшаў у людзі. У гэтым шахцёрскім горадзе яму было камфортна, утульна, прасторна для плённых спраў і планаў. Яго імя – знакавае для горада. Асобу такога маштабу горад мае мець за гонар! Герой Сацыялістычнай Працы Капуста быў мясцовай знакамітасцю, чалавекам з вялікай літары, легендарнай асобай. Яго жыццёвай і працоўнай дзейнасці прысвечана кніга ўкраінскага журналіста Таццяны Сільвановіч “Філіп Капуста. Чалавек і легенда”. Яго імя носіць адна з вуліц горада Лісічанска, якому ён аддаў лепшую частку сваёй душы і плён працы. Звыш 48 гадоў прайшло з таго часу, як адляцеў яго жураўліны вырай у вечнасць, а прысутнасць у прасторы горада адчуваецца, як нейкая планка, да якой мае сэнс дацягнуцца.
Шахта легендарнага дырэктара – заўсёды ў памяці на каравуле. Ёй Капуста аддаў 18 гадоў кіраўніцтва, тут працаваў да апошніх дзён свайго жыцця без права перадышкі. У яго гонар на адміністрацыйным будынку шахты “Новодружеская” устаноўлена мемарыяльная дошка.
І мы, бярэзінцы, узышлі з яго іменем на п’едэсталзямляцкага гонару. У Бярэзінскім раёне Капуста Ф.С. нарадзіўся, адсюль дарогі павялі яго ў вялікі свет шахцёрскай эпапеі. Усім сваім палымяным жыццём зямляк аставіў нам запавет: “Трэба жыць. Трэба працаваць. Дзеля роднага Сёння, дзеля роднага Заўтра”. З гэтым жыў, працаваў Капуста Ф.С. і пакінуў глыбокі след у шахцёрскай справе, у нашай памяці.
Мы в соцсетях & RSS