ЕРМАЛОВІЧ ВАСІЛЬ МІХАЙЛАВІЧ
20.01.1929 – 14.12.2014
Ураджэнец в.Дзевяніца Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Заслужаны гарняк Казахскай ССР, машыніст-экскаватаршчык.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1977 г.
Жыццёвы старт – у вёсцы, а вядомасць – далёка за межамі раёна і рэспублікі. Гэта добра бачна з біяграфіі земляка з простым, распаўсюджаным на Бярэзіншчыне прозвішчам і адметным працоўным лёсам – Ермаловіча Васіля Міхайлавіча. Вёска – слоўнік яго жыцця, адкуль узыходзіў яго світальны ранак у 1929 годзе. Ураджэнец невялікай вёсачкі Дзевяніца Высакагарскага сельскага Савета ў 14 двароў, гадаванец вялікай сялянскай сям’і, густа населенай дзецьмі, з нялёгкім і клопатным бытам, дзе не прымаліся гультаі і беларучкі. Змалку загартаваны жыццём, верны бацькоўскаму запавету: у мужыцкай справе важна ўпёртасць, без поту і мазалёў пашаны не здабыць. Васіль быў старэйшым у сям’і, дзе выхоўвалася сямёра дзяцей, прайшоў пуцявінамі непрыхарошанага вясковага жыцця, якое не песціла. Нярэдка даводзілася жыць надгаладзь, на нішчымніцы, калі хлеб быў няспраўджанай марай. У хаце адзіным святлом быў дзённы свет або свечка, амаль раскошай – керасінавая лямпа. Складанасць вясковага жыцця выкавала ў Васіля загартаваны ген настойлівасці з асаблівай мэтанакіраванасцю. Ранняй вясной басанож па снезе, перабягаючы ад праталіны да праталіны, хлопчык дабіраўся ў школку са зрэбнай торбачкай на плячы ў суседнюю вёску Замасточча. А там на ўвесь клас – адзін буквар…
Вясной 41-га Васіль закончыў 4 класы Замастоцкай пачатковай школы, далей вучыцца перашкодзіла вайна. У змрочныя гады акупацыі сям’я адразу стала партызанскай: бацька Міхаіл Савельевіч – заснавальнік калгаса і бяззменны яго старшыня адным з першых апынуўся сярод лясных змагароў у партызанскім атрадзе. 12-гадовы хлапчук не пачуваўся нейкай малечай, не цураўся працы мазалёвай, а чым мог дапамагаў неўтаймаванай руплівіцы – працаўніцы маці па гаспадарцы, каб як-небудзь пражыць. Зведаў бясхлебіцу, зведаў трывогі: партызанская сям’я – гэта кожны дзень бяспека, каб хто не данёс хуткім на расправу немцам. Страшны след акупацыі: родная вёска Дзевяніца амаль цалкам згарэла, жыхары жылі ў зямлянках,елі траву. Ад голаду і хвароб памерлі старэйшыя і малодшыя сястрычкі Васіля.
Восенню 44-га, пасля “ваенных канікулаў” 15-гадовы Васіль Ермаловіч пайшоў працягваць вучобу ў 5-м класе Высакагорскай няпоўнай сярэдняй школы. Умовы вучобы былі надзвычай цяжкімі: школа не мела свайго памяшкання, размяшчалася ў сялянскіх хатах, не хапала падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, цяжка было з адзеннем і прадуктамі харчавання. Васілю даводзілася штодзённа пехатою дабірацца да школы і назад, адмяраючы каля 12 км. Торбачка з кнігамі і сшыткамі ціснула плячо. Па лясной дарозе ў школу за два гады хлопец запомніў на ёй кожную ямінку, кожную выбоіну. Магчыма, Васіль і атрымаў бы пасведчанне аб заканчэнні сямігодкі, аднак 7-га класа ў школе не было, ды і сям’я адчувала матэрыяльныя абмежаванні. Трэба было дапамагаць бацькам, не сядзець у запечку. Здаволіўшыся наспех выпечаным хлебам адукацыі, Васіль пачаў суровы чыставік свайго працоўнага жыцця учотчыкам трактарнай брыгады Бярэзінскай машынна-трактарнай станцыі ў вёсцы Пагост. З радасцю прынёс дадому сваю першую палучку, зарабіў сабе на абутак – кірзовыя боты. Першая засечка ў працоўным вымярэнні – звыш двух гадоў працоўнага багажу. У верасні 1949 года віхрасты юнак быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, праслужыў тры гады камандзірам баявой машыны. Танкіст Ермаловіч быў літаральна закаханы ў тэхніку, верыў, што і пасля арміі не развітаецца з тэхнічнай прафесіяй.
“Відно сокала па палёце”, – гаворыць народная мудрасць. Наўрад ці на світанку жыцця юнак свядома кіраваўся гэтым мудраслоўем, жывучы найперш уласным розумам, але пасля арміі рашуча выправіўся ў свой палёт: смелыя птушкі могуць разбіцца ды не ляцяць назад! Выбар даваўся Ермаловічу складаней, чым вучэбная атака на лінію абароны ўяўнага праціўніка. Атаку можна было паспяхова паўтарыць, а ў выбары можна было атрымаць поўнае непажаданае паражэнне. Тагачасная вёска была месцам, з якога складана было стартаваць, прасвет вырвацца, атрымаць пашпарт быў вузкім. Не сталічныя праспекты чакалі моладзь з вёскі, а ў першую чаргу працоўныя вахты па вярбоўцы і суровыя расійскія прасторы.
З маладой вясной у сэрцы і тэмпераментам байца ў снежні 1952 года беларускі юнак падаўся на Урал з фанерным дэмбельскім чамаданчыкам. Выбар наводмацак, па ўгавору сябра стаў для Васіля справай жыцця. Праз суадносіны заканамернага і выпадковага ён рэзка змяніў сюжэт свайго лёсу і прыйшоў у прафесію машыніста бульдозера, крана, экскаватара ў трэсце “Валгансквугаль”, што ў Свярдлоўскай вобласці.
Прафесія не з лёгкіх – адзін пусты коўш экскаватара важыць 15 тон, умовы працы шкодныя. Аднак прагавіты хлопец не баяўся цяжкасцей, умеў бачыць героіку ў звыкла-будзённым, адчуваць смак да кожнага дня – яго золкаў і вятроў, слоты і пылу кар’ерных штольняў… Яму было камфортна ў гэтай прафесіі, у зладжанай хадзе простых працоўных дзён. Нялёгкі працоўны хлеб даваў адчуванне надзейнай абароненасці перад жыццёвымі нягодамі. З увішнай дбайнасцю і адрэналінам самарэалізацыі Васіль Ермаловіч 7 гадоў працаваў на прадпрыемстве, адзначаўся граматамі і каштоўнымі падарункамі, набыў багаты вопыт, без адрыву ад вытворчасці закончыў школу рабочай моладзі, атрымаў атэстат сталасці. Просты працаўнік у простых памкненнях дабіўся ведаў самавукам, назапасіў адукацыйны багаж без чырвоных дыпломаў. Упэўнена ішоў наперад, варты будучыні з памкненнем дайсці ад першай вярсты – да сотай вярсты славы.
Выбраўшы належную арыентацыю, не жадаючы шчасця пасіўнага, Васіль Ермаловіч звяраў свой крок з крокамі краіны, якая жыла ў рытме ўдарных пяцігодак, у рытме новабудоўляў. У 60-ыя гады Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй у сувязі з распрацоўкай жалезных руд быў аб’яўлены Сакалоўска-Сарбайскі руднік, і тысячы навасёлаў паехалі асвойваць рудную цаліну. Ермаловіч вырашыў: яго месца там!
Так, у 1960 годзе Васіль апынуўся ў незнаёмым Казахстане – у неабсяжнай стэпавай прасторы без адзінага дрэўца, дзе з цягам часу павінен быў вырасці новы горад Рудны Кустанайскай вобласці. Тут беларускі хлопец пачаў пісаць новыя старонкі сваёй працоўнай эпапеі. Праз нейкі час быў прызначаны брыгадзірам машыністаў экскаватараў, працаваў машыністам-інструктарам. Дабіўся высокіх паказчыкаў у рабоце, за што ў 1966 годзе быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а па выніках 8-ай пяцігодкі ў 1971 годзе на грудзях Васіля Ермаловіча з’явіўся новы ордэн “Знак Пашаны”. Радасным для яго стаў і 1974 год. Брыгада Ермаловіча адгрузіла рэкордную вагу – 3.505 тыс. кубаметраў горнай масы. Тады наш зямляк атрымаў ордэн Леніна за працоўныя поспехі ў выкананні сацыялістычных абязацельстваў 9-ай пяцігодкі. У гэтым ёсць свая ісціна: да поспехаў вядзе не гонка за лідэрствам, а ўменнеі вопыт, уласна засвоеныя і набытыя. Васіль Міхайлавіч часта паўтараў: “Вялікія і малыя ўзнагароды трэба прымаць з аднолькавай удзячнасцю і планкі ўзятай вышыні ні ў якім разе не спускаць”. Першы год 10-ай пяцігодкі зноў увянчаўся абсалютным рэкордам – 3.701,6 тыс. кубаметраў пароды. Да таго ж, усю пяцігодку брыгада Ермаловіча абышлася без капітальнага рамонту тэхнікі.
Кожная з узнагарод Ермаловіча – гэта адзнака яго працоўных заваяванняў, асаблівая жыццёвая вяха. Залаты медаль “Серп і молат” Героя Сацыялістычнай Працы атрымаў адпаведна Загада Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 12 мая 1977 года. Ён дабіўся найвышэйшай прадукцыйнасці працы сярод працоўнікоў сваёй галіны вытворчасці. Уражвае траекторыя працоўных адзнак Васіля Ермаловіча. Наш зямляк – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Казахскай СССР, заслужаны брыгадзір машыністаў экскаватараў, заслужаны гарняк Кустанайскай вобласці. 8 разоў узнагароджваўся нагрудным знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, ударнік 8,9,10-ай пяцігодак, дэпутат абласнога Савета. А яшчэ – настаўнік моладзі, адзін з 16 Герояў Сацыялістычнай Працы вялікай краіны, якія на той час апекавалі маладое пакаленне, з’яўляліся ўзорам добрасумленных адносінаў да справы і гонару за сваю прафесію. Кавалеру Залатой Зоркі даверылі вытворчае навучанне моладзі СПТВ №1 г. Рудны. Вучні бралі прыклад са свайго настаўніка – чалавека вялікай душы, выдатнага працаўніка. Гэта быў чулы, клапатлівы, з адказнасцю за моладзь, з веданнем сакрэтаў народнай педагогікі, разуменнем псіхалогіі юнай душы, уменнем ужывацца ў свет маладых. Вопытны настаўнік акцэнтаваў увагу на галоўныя чалавечыя каштоўнасці, падкрэсліваючы важнасць усебаковага развіцця і добрага выхавання: цяжка ў вучобе, лёгка ў жыцці. З лагоднай усмешкай у атачэнні маршчынак-разорынак Васіль Міхайлавіч не раз казаў: “Старэць герой не мае права” і працаваў з моладдзю ў 80-90-ыя гады з жыццядайнымпафасам амалоджвання душы. На пенсіі, заслужанай, ганаровай, жыў напоўніцу, не зыйшоў з рэльсаў запатрабаванасці, не сядзеў без справы, жыў па-ранейшаму неспакойна, цікавы да ўсяго, што завецца жыццём. Выхаваў сына і дачку, дачакаўся ганаровага звання дзядулі і прадзядулі.
На пенсіі калі-нікалі даставаў медаль Героя Працы, на якім на ярка-чырвонай эмалі красавалася пяціканцовая зорка, у цэнтры – рэльеф з выявай сярпа і молата. У такія шчымлівыя моманты мужчына ўзгадваў маладосць, сяброў гарнякоў, кар’ерныя самазвалы з вуглём, які пераліваўся аксамітам… З гадамі ўзнагарода стала няхай і неадушаўлёным, але дарагім сябрам, з якім можна нетаропка паразважаць, падзяліцца ў думках патаемным. А яшчэ – добрым успамінам для дзяцей і ўнукаў, нагадваннем, што бацька і дзядуля не дарэмна жыў на гэтым свеце, нечага быў варты. Лёс зводзіў заслужанага гарняка з будучым Прэзідэнтам Казахстана Назарбаевым, які ў 60-70-ыя гады пачынаў чыгуншчыкам, затым інжэнерам-металургам у Кустанаі.
Пасля развала Савецкага Саюза Герой Працы Ермаловіч В.М. не зламаўся, не пазбавіўся духоўных арыенціраў, аднак змушаны быў пераехаць у Расію. З 2001 года абаснаваўся ў горадзе воінскай славы Стары Аскол Беластоцкай вобласці на мяжы з Курскам.
Шаноўны зямляк з казахска-расійскай прапіскай мераў жыццё не працягласцю гадоў, а іх насычаным зместам. Унукам казаў, што кожны павінен прайсці сваю дарогу так, каб не сорамна было па ёй вяртацца. Сам ён ніколі не быў шукаром цёплага, наседжанага месца, нагрэтага гняздзечка. Ведаў, дзе пралягаюць дарогі да працоўнага поспеху і сваімі справамі аставіў прыкметы гэтых дарог для нашчадкаў. Герой Залатой Зоркі дастойна прайшоў да закату дзён, пайшоў з жыцця 14 снежня 2014 года. Дужка лёсу замкнулася ў няпоўныя 85 гадоў. Сёння даляглядна бачна: нам ёсць кім ганарыцца, нам ёсць каго памятаць.
Мы в соцсетях & RSS