БЕЛЬСКІ РЫГОР ВАСІЛЬЕВІЧ
06.08.1929 – 25.10.1998
Ураджэнец в.Цярэсіна Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Старшыня калгаса “Запавет Ільіча” Горацкага раёна Мінскай вобласці.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1971 г.
Рыгор Васільевіч Бельскі – з’ява ў сельскагаспадарчым жыцці краіны. Прадстаўнік залатога ветэранскага корпуса беларускіх аграрыяў, на кім жыццё паставіла самую высокую пробу. Яго службовы раман з капрызнай дамай – сельскай гаспадаркай доўжыўся з зайздросным пастаянствам не адзін дзесятак гадоў, а аўтарытэт і рэпутацыя пісаліся плённымі справамі. На шматколернай жыццёвай арэне наш зямляк кожны дзень на вачах у людзей праходзіў праз чысцілішча гонару, кіраваў сельскай гаспадаркай, не парушаючы севазварот душы, збіраючы крупіцы вопыту, асабіста выпакутаваныя, засваеныя, набытыя.
Хто пражыў жыццё паблізу зямлі, ведае яе цяжскую сілу. Праца ў сельскай гаспадарцы – не для слабых. Тут поспеху без поту і мазалёў не дабіцца. Выпадковыя гаспадары зямлі, у якіх шмат амбіцый, ды ўсе дзіравыя, як пена з’яўляліся і знікалі, заставаліся тыя, хто трывала пусціў карані ў родную з ямліцу. Хлеб лёгкім не бывае! Працаваць усельскай гаспадарцы, як па кладцы ісці. Патрэбна кемлівасць пры капрызах надвор’я. У сельскай гаспадарцы не прыжываюцца шукальнікі лёгкага хлеба. Гэта праца не церпіць авацый. Тут знаходзяць сваё прызванне сур’ёзныя і грунтоўныя людзі. Тут судзяць па працы – другога вымярэння няма.
Наш зямляк – тытулаваны аграрый, з прафісійным цэнзам старшыні, Герой Сацыялістычнай Працы Бельскі Рыгор Васільевіч умеў свой век, жыццёвую радоўку не адбываць, а пражываць. Яго жыццёвая ралля дала спадчанны ўраджай, і плён пажнуць нашчадкі.
Нараджэнне – жыццёвы старт земляка адбыўся 6 жніўня 1929 года ў вёсцы Цярэсіна Мачаскага сельскага савета Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і, дзе спрадвеку шанавалася мазалёвая праца. Хлопчык узрос васільком радаводным, нібы парастак цягнуўся да свету, шчадраваўся сонечным дзяцінствам. На світанку жыцця любіў глядзець на зямлю праз каляровае шкельца ўсходу. Любіў прастор поля і луга. Была для яго травіца, быццам брат-сястрыца. Без зямлі, без бяскрайніх палёў не ўяўляў сваё жыццё.
Было Рыгорку няпоўных 12 гадоў, калі бядой набрыняла калоссе, і дзяніства зруйнавала вайна. Аднак і ў ваеннае ліхалецце сімвалам стойкасці бачыўся хлопчыку дзьмухавец сярод скошанай травы, які горда цягнуўся непакорнай галавой да свету і сонца. Тады, відаць, і выспелілася ў юнака мара, якую вызначыла любоў да зямлі-карміцелькі і земляробчая наканаванасць – мара стаць аграномам, незаменым чалавекам на вёсцы.
Рунь сноў прабілася і рэалізавалася – Рыгор Бельскі пачаў пісаць свой пасляваенны палявы, сельскагаспадарчы раман. Краіна ўздымала плечы пасля жудаснай вайны, вёска-двухжыльная руплівіца імкнулася адрадзіць разбураную сельскую гаспадарку, перамагчы голад і нястачу. Бельскі апынуўся ў першых радах барацьбы за ўраджай на мірным фронце. З 1953 года працаваў на радзіме аграномам Бярэзінскай машынна-трактарнай станцыі (МТС), затым калгаса імя Крупскай у вёсцы Казлоў Бераг Мачаскага сельскага Савета. Для яго поле, дзе праводзіліся сельскагаспадарчыя манеўры (сяўба, жніво, уборка), заўсёды было полем бітвы за ўраджай ( як бы хто ні іранізаваў з нагоды састарэласці гэтага лозунгу). Аграном Бельскі ведаў, што на такім полі дорага абходзяцца памылкі і промахі, што на галоўных накірунках усе пытанні трэба вырашаць без права на памылку. Зямля памылак не даруе.
Аграном – асаблівая прафесія: бясконцыя разбітыя дарогі, няблізкія адлегласці, пастаянныя клопаты пра тое, каб палі былі правільна засеяны, далі дружныя ўсходы, а потым – багаты ўраджай. Былі патрэбны грунтоўныя веды, і Рыгор Бельскі паступіў на завочнае аддзяленне Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Народная мудрасць прыкмячае: кожнаму зерняці выгушкаваць свой колас на сваёй дзялянцы. Пожняй працы і жыцця для Бельскага стала Магілёўшчына. У 1955 годзе ён пераехаў на жыхарства ў Горацкі раён Магілёўскай вобласці. Адначасова з вучобай працаваў у калгасе імя Кірава аграномам, затым старшынёй праўлення, узначальваў аддзел вучэбна-вопытнай гаспадаркі Беларускай сельгасакадэміі. Напорыстасць і незвычайная працавітасць вылучалі яго асобу сярод мясцовых аграрыяў. Дыплом аб вышэйшай адукацыі надаў 31-гадоваму мужчыну статусу, і ў 1961 годзе Бельскі быў абраны старшынёй калгаса “Запаветы Ільіча” Горацкага раёна. Ужо першыя справы і імпэт маладога кіраўніка прыйшліся па душы калгаснікам. Прынцыповы і патрабавальны, ён быў паважлівым да людзей, бачыў у сельскагаспадарчай дзейнасці не надакучлівую павіннасць, а пачэсную ўзнагароду. З душою наросцеж, апантаны старшыня калгаса ўмеў глядзець наперад, а не азірацца на тое, што за спіной. На першы план Рыгор Васільевіч Бельскі ставіў клопаты аб быце людзей, інвалідаў і ветэранаў вайны і працы. Узводзіліся сельскагаспадарчыя аб’екты, былі пабудаваны новыя кароўнік і свінарнік. У гаспадарцы пачалі рацыянальна выкарыстоўваць кожны надзел зямлі. Для павышэння ўраджайнасці калгасных палёў старшыня з дыпломам агранома змяніў структуру пасяўных плошчаў, з уласнай практыкі дасканала ведаў: удзячна ўпаўшае ў раллю, не прападае марна зерне. У хуткім часе ўраджайнасць збожжавых вырасла да 30 цэнтнераў з кожнага гектара замест 12 былых. Задавальненне ад зробленага надавала сілы. Толькі за 8-ую пяцігодку (1966 – 1970) вытворчасць зерня вырасла на 207, бульбы – 167, ільновалакна – 158, мяса – 250, малака – 195%. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 года за выдатныя поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі Бельскаму Рыгору Васільевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і Залатога Медаля “Серп і Молат”.
Ярмо кіраўніка цяжкае, кіраўніцкае крэсла – не вотчына, а адказнасць. Старшыня Бельскі Р.В. годна нёс цяжар кіраўніка, ніводнага разу не рынуўшы яго ў бруд. Напружаная праца зрабіла яго імя значным, асобу маштабнай, а старшынскую дзейнасць – змястоўнай і багатай. У 70-ыя гады ў гаспадарку высокай культуры земляробства – калгас “Запаветы Ільіча”, які ператварыўся ў буйное, эканамічна магутнае сельскагаспадарчае прадпрыемства мясамалочнага накірунку з развітым льноводствам, імкнуліся пераехаць людзі з усіх куткоў Савецкага Саюза, і гэта было лепшым паказчыкам работы яго кіраўніка. На працягу 9 і 10-ай пяцігодак (1971 – 1980) гаспадарка Бельскага нязменна заставалася на вядучых пазіцыях у раёне і вобласці. Трэці год 10-ай пяцігодкі стаў апошнім у старшынскай біяграфіі Рыгора Васільевіча, які зарэкамендаваў сябе таленавітым арганізатарам вытворчасці і быў пераведзены на кіруючую працу ў раённы цэнтр – горад Горкі. У тым неспрыяльным па кліматычных умовах годзе калгаснікі “Запаветаў Ільіча” атрымалі па 7,2 цэнтнераў ільновалакна з кожнага гектара. Пры гэтым ураджайнасць зернявых склала 29,4 ц, бульбы – 304 і кармавых карняплодаў – 333,3 цэнтнераў. На 100 га сельскагаспадарчых угоддзяў было атрымана 552 ц малака і 165,6 ц мяса (у жывой вазе) пры высокай рэнтабельнасці вытворчасці. Валавы даход склаў 716800 рублёў.
Сціскаючы ў жмені гады-манеты, узорны гаспадар уступіў у свой паўвекавы ўзрост. У 1979 годзе, калі яго жыццёвае табло паказала 50 гадоў, Бельскі Р.В. быў прызначаны старшынёй Горацкага раённага камітэту народнага кантролю, дзе працаваў да выхаду на пенсію. А пенсію ён з гумарам называў “рэцэнзіяй жыцця на пражытыя гады”.
Жыццё пражыць – што добры хлеб спячы. Усяго туды пакласці трэба: і горкага, і салёнага, і салодкага. Жыццёвы каравай Бельскага атрымаўся важкім, 26 гадоў аддадзена сельскай гаспадарцы, плён працы адзначаны ордэнам Леніна (1971), 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966, 1975). Прайшоў ён полем вузенькай сцяжынкай, і сам – як колас залаты!
Лёсу апошнія акорды прагучалі 25 кастрычніка 1998 года. Гэта дата навечна засталася для нас, землякоў і сваякоў, памяццю ў граніце.
У 2017 годзе быў заснаваны пераходны прыз, які ўручаецца лепшай па выніках года гаспадарцы Горацкага раёна за высокія паказчыкі па выхаду і рэалізацыі прадукцыі і атрымання выручкі на 100 гектараў угоддзяў. Гэтаму прызу былі прысвоены імёны Герояў Сацыялістычнай Працы Р.В.Бельскага і І.І.Мельніка. Такім чынам, імя нараджэнца Бярэзінскага раёна і сёння застаецца на сцягу часу, на сцягу сельскагаспадарчых дасягненняў. Рыгор Васільевіч Бельскі пражыў годнае жыццё, завяршыў свой зямны шлях, пакінуў пра сябе годную памяць і з’яўляецца для сучаснікаў прыкладам служэння абранай справе, Бацькаўшчыне, людзям.
Мы в соцсетях & RSS