БЕЛІЧОНАК ІВАН МІКАЛАЕВІЧ
02.02.1934 – 19.01.2009
Ураджэнец в.Асмолаўка Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Механізатар калгаса “Чырвоная змена” Любанскага раёна Мінскай вобласці.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1965 г.
Выбар прафесіі – выбар лёсу. Яшчэ хлапчуком Іван Белічонак запомніў словы бацькі. Яны ішлі ўздоўж загона. Бацька спыніўся, узяў у рукі камячок зямлі, расцёр яго на мазолістай далоні і сказаў: “Самая даўняя прафесія, сынок, хлебаробская. Авалодай ёй, і ты будзеш чалавекам.” Бацька працаў у кузні, рамантаваў розны сельскагаспадарчы інвентар, і цікаўнага хлопчыка заўсёды вабіла паглядзець, як ва ўмелых руках майстра простая загатоўка ператваралася на накавальні ў неабходную дэталь. А калі ў роднай вёсцы Асмолаўка з’явіўся першы трактар “Фордзон”, Іван папрасіўся ў прыцэпшчыкі. А потым яму прапанавалі пайсці на курсы трактарыстаў. Тэхнічны век уваходзіў у савецкі быт, Іван загарэўся марай авалодаць тэхнікай.
Аднак мары парушыла вайна. Зацерушыла бядой акупацыя: тры гады, як бясконца-пякельны пакутлівы дзень. Шыпаваны фашысцкі бот таптаў родную зямлю, яе аралі не плугі, а танкі. Пажарышчам палыхнула папялішча бяды – немцы спалілі бацькоўскую хату. Сям’я Белічонкаў вымушана была пераехаць да сваякоў у гарадскі пасёлак Любань. Правінцыяльны гарадок адчыніў свае абдымкі перасяленцам. Тут пачалі пісацца радкі новай пасляваенай біяграфіі нараджэнца бярэзінскай зямлі. Бярэзінскі каласок прыжыўся на Любаншчыне. У мясцовай школе Іван Белічонак атрымаў сярэднюю адукацыю і ў 15 год уладкаваўся працаваць на Любанскай машынна-трактарнай станцыі. Вызначыўся са сваім прызваннем і ніколі не здраджваў яму. Прама ў полі спасцігаў азы кіравання тэхнікай і навучаўся асноўным відам палявых работ. Яго настаўнікам быў Герой Сацыялістычнай працы Рыгор Сушчэня, брыгадзір МТС. Ён навучаў маладых трактарыстаў праводзіць першыя барозны на балотах з каўчуканосным кок-сагызам, вучыў сеяць, апрацоўваць гэтую каштоўную і незаменную тады тэхнічную культуру. Пасля курсаў трактарыстаў пры МТС Белічонак сеў за рычагі старэнькага калёснага трактара. Але на палі пачала прыходзіць новая магутная тэхніка, і ведаў было недастаткова. І Белічонак зноў адпраўляецца на вучобу. Прайшоў курсы перападрыхтоўкі для работы на дызельных трактарах і перасеў за штурвал магутнага С-80. Не ведаючы стомы, працаваў, каб калгасныя палі каласіліся багатымі ўраджаямі.
Механізатары пасля вайны былі ў вялікай пашане, без усялякага перабольшвання – першыя хлопцы на вёсцы, героі пасяўной і ўборачнай, якіх называюць “бітвай за ўраджай”. Гэта самая мірная і высакародная бітва. Яе нельга праіграць. У час пасяўной і ўборачнай кампаній механізатарскі корпус нацэлены на бой, на хуткацечны трохтыднёвы бой, які трэба выйграць для перамогі ўсяго года. Механізатар у кабіне быццам урастаў у стальное цела, дабаўляючы да машыннай сілы сваю чалавечую. Праца – як дыханне, а поле – быццам дом, дзе ўсё роднае і блізкае. Араць поле – такая ж пачэсная справа, як пісаць паэмы, асвойваць космас. Калі паступіла прапанова перасесці на нікому невядомы у калгасе зернеўборачны камбайн (збожжа на той час жалі ўручную – сярпамі), Іван зноў узяўся за вучобу на спецыяльных курсах і атрымаў спецыяльнасць камбайнера-механіка, за кароткі тэрмін авалодаў складанай тэхнікай камбайніравання.
Прафесія дыктавала новыя працоўныя гарызонты. Пасля ліквідацыі МТС у 1958 годзе Іван Белічонак перайшоў працаваць у калгас “Чырвоная змена” у вёсцы Сарачы Любанскага раёна. Звеннявы метад вырошчвання прапашных культур стаў новым накірункам у арганізацыі работы на палях і забяспечваў больш прадукцыйнае выкарыстанне тэхнікі. Белічонак узначаліў механізаванае звяно па апрацоўцы прапашных культур: кукурузы і бульбы, а затым яму даверылі вырошчванне цукровых буракоў. Вырошчванне гэтай культуры было ў калгасе новай справай, і зноў механізатар сеў за падручнікі, удумліва вывучаў перадавы вопыт буракаводства, асаблівасці агратэхнікі. Гэта дазволіла дабіцца высокіх паказчыкаў – звыш 400 цэнтраў з га! У 1965 годзе на грудзях перадавога механізатара Белічонка І.М. заблішчэла Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы. Прымаючы высокую ўзнагароду з рук старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Белічонак сказаў: “Гэтай узнагародай я абавязаны і сваім таварышам па рабоце. Буду вучыцца і далей, каб павышаць сваё прафесійнае майстэрства”. І слова стрымаў. Паступіў на завочнае аддзяленне ў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум і паспяхова закончыў яго па спецыяльнасці агаранамія. З 1974 года працаваў памочнікам брыгадзіра паляводчай брыгады Сарачы. На працоўнай вахце насустрач 60-годдзя БССР брыгада Белічонка атрымала з кожнага гектара пасеваў звыш 40 цэнтнераў зерня, 290 – бульбы, 300 – буракоў. Перадавік быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР за поспехі ў вырошчванні прапашных культур. Калектыў брыгады выйшаў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці зерня і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў і ўдастоены Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР. На юбілейных урачыстасцях да 60-годдзя БССР у Мінску Белічонку І.М. было даручана весці трактар у святочнай калоне сельскагаспадарчай тэхнікі.
Белічонак Іван Мікалаевіч завяршыў свой працоўны стаж механікам у рамонтнай майстэрні, бо па стане здароўя быў вымушаны пакінуць паляводства. Дастойнай зменай бацькі сталі два сыны: Міхаіл – шафёр, Мікалай – слесар-механік. Загон жыцця ганаровага механізатара І.М.Белічонка даў добры плён. Гады склаліся ў вянок калоссяў з 75-цю дзесяткамі гадоў.
На заслужаным адпачынку ўраджэнец Бярэзіншчыне пражываў у вёсцы Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобласці. Жыццё выйшла на фініш 19 студзеня 2009 года. Імя І.М.Белічонка ўвекавечана на Аллеі Герояў у цэнтры Любані.
Мы в соцсетях & RSS