РУС БЕЛ ENG

Барысевіч Мікалай Аляксандравіч

БАРЫСЕВІЧ МІКАЛАЙ АЛЯКСАНДРАВІЧ
21.09.1923 – 25.10.2015
Ураджэнец в.Лучны Мост Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Вучоны-фізік, акадэмік, прэзідэнт АН БССР.
Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1978 г.

Бярэзінская зямля падарыла свету чалавека з ліку тых, хто вызначае інтэлектуальнае аблічча беларускай нацыі, беларускай, савецкай і сусветнай навукі. Барысевіч Мікалай Аляксандравіч – наш гонар, адзін з самых вядомых, самых тытулаваных беларускіх фізікаў. Першы беларус, які стаў акадэмікам саюзнай Акадэміі навук. Узнагарод і званняў, самых прэстыжных, у Барысевіча столькі, што хапіла б на вялікі калектыў, на некалькі лёсаў: Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, адзначаны ўсімі самымі ганаровымі ордэнамі краіны: ордэнам Леніна (чатыры разы), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Ф. Скарыны. А яшчэ – польскім медалём Мікалая Каперніка, залатымі медалямі Чэхаславацкай і Славацкай акадэмій «За заслугі перад чалавецтвам», «За асаблівыя заслугі перад навукай». Яго імя значыцца ў прэстыжных міжнародных выданнях «Хто ёсць хто ў свеце», «Міжнародны даведнік вядомых дзеячаў», «5 тысяч біяграфій з усяго свету» (ЗША), «Хто ёсць хто» (Англія). Яго ведалі ў славутым англійскай горадзе навук Кембрыджы, дзе ён быў намеснікам генеральнага дырэктара Міжнароднага біяграфічнага цэнтра.
Рэйтынг сусветнай вядомасці Барысевіча зашкальвае! А запалілася зорнае імя сціпла ў верасні 1923года ў маленькай вёсачцы ў 30 км. ад мястэчка Беразіно. Роду цёплая калыска, асаблівая станцыя на жыццёвым шляху – маленькі пасёлак з 7 хат Лучны Мост. У простанароддзі паселішча называлі Барысы, таму што ўсе жыхары вёскі насілі адно прозвішча - Барысевіч. Вось такое фамільнае сваяцтва, ўсеагульнае братанне!
Дзяцінства і юнацтва будучага акадэміка прайшлі не ў рафінаваным асяроддзі, а ў сялянскай сям'і – са строгім жыццёвым укладам, з радасцямі і бедамі, са сваім разуменнем дабра і зла, гонару і годнасці. У шматдзетнай сям'і Барысевічаў Мікалай быў адзіным хлапчуком, таму да мужчынскай працы прывучаўся змалку. Бацькі – Аляксандр Андрэевіч і Марыя Сямёнаўна – простыя, прыстойныя, чыстыя душой людзі, змаглі даць сыну многае. Услед за вялікім Чэхавым наш зямляк пазней скажа: «Ёсць у мяне на свеце два чалавекі, для якіх я ніколі нічога не пашкадую. Калі стаяць высока буду, значыць – гэта іх заслуга».
Мікалая нястрымна цягнула да ведаў. Паклаўшы ў зрэбную торбачку аловак і паперу, ён адправіўся ў школу. У суседняй вёсцы Сяліба скончыў 7 класаў. Каб вучыцца далей, бацька адвёз яго ў Беразіно. Тут, у райцэнтры, за 32 км. ад бацькоўскай хаты, знаходзілася адзіная на той час ў раёне сярэдняя школа, у якой ужо вучылася яго сястра Вера. Па суботах яны адпраўляліся дадому, у Лучны Мост, а ў нядзелю, узяўшы прадукты, пешшу вярталіся на вучобу ў Беразіно. Праз год адкрылася сярэдняя школа ў Сялібе, яе Барысевіч скончыў з адзнакай (залатых медалёў тады не давалі). Яшчэ ў школе хлопец захапіўся матэматыкай і фізікай, мог праседзець за рашэннем задач ўсю ноч у дыму ад газавай лямпы.
З выбарам прафесіі праблем не было, душа ляжала да дакладных навук, ужо даўно мэтай №1 быў універсітэт. Выпускны вечар адбыўся 18 чэрвеня 1941года, а 22-га пачалася вайна, якач кардынальна перакроіла лёс юнака. Планы на вучобу давялося адкласці і ўступіць у падпольную камсамольскую групу. Потым быў 152-ы партызанскі атрад у Клічаўскіх лясах, артылерыйскі полк, дзе ён з баямі прайшоў усю Беларусь, Польшчу, дайшоў да Берліна.
З фронту артылерыст Барысевіч вярнуўся ў шынялі палкоўніка. У час дэмабілізацыі ў лістападзе 1945г. палкоўнік прыйшоў развітацца з салдатамі. Падзякаваў за службу, звярнуў увагу на абшарпаны ў акопах бушлат Барысевіча. Салдат-пераможца са шматлікімі баявымі ардэнамі ды ў такім выглядзе?! І палкоўнік загадаў прынесці свой ўласны шынель з дыхтоўнага сукна, зняў з пагонаў афіцэрскія зоркі: «Насі, салдат!»

Адразу па прыбыцці з фронту, юнак адправіўся ў сталічны БДУ. У прыёмнай камісіі ўніверсітэта энтузіязм нядаўняга франтавіка падвергнуўся сур'ёзнаму выпрабаванню. Яму настойліва даводзілі: брацца за фізіку і вышэйшую матэматыку пасля некалькіх гадоў жыцця ў акопах – чыстая авантура. Але хлопец з фронту сказаў цвёрда, што не сыдзе, пакуль у яго не прымуць экзамены. Прыйшлося стварыць камісію, і хоць экзаменавалі дзёрзкага абітурыента, не робячы паблажкі на франтавыя заслугі, ён адказваў бліскуча. І быў залічаны ў студэнты! На заняткі прыходзіў у салдацкай форме, на грудзях – 3 ордэны, не з жадання фанабэрыцца – іншага адзення проста не было. Пасля 1-ых лекцый стала ясна, што слухаць іх бессэнсоўна, калі не асвоіць ўпушчаны матэрыял самастойна. Мікалай браў у бібліятэцы цэлыя звязкі падручнікаў, сядзеў начамі пры святле газнічкі, зробленай з гільзы. Барысевіч настойліва змагаўся за права застацца ва ўніверсітэце і хутка стаў адным з лепшых студэнтаў. Формулы, забытыя за разрывамі снарадаў, зноў набывалі ясны і знаёмы сэнс. Задаткі навукоўца ў Барысевіча з'явіліся яшчэ ў студэнцкія гады. Яго запаветныя словы: «Я заўсёды лічыў за шчасце займацца навукай». Хлопец моцнай вясковай закваскі і неверагоднай сілы волі, геній з вёскі «выбіўся ў людзі» – у перадавую айчынную навуку, стаў фізікам з пажыццёвым амплуа навукоўца. Прайшоў шлях ад салдата Вялікай Айчыннай – да генерала навукі. Выпускнік ВНУ Барысевіч ведаў: інтэлектуальная пазалота, якую даў універсітэт, хутка зляціць, калі не навучацца далей. І была аспірантура ў Дзяржаўным аптычным універсітэце імя Вавілава ў Ленінградзе, паспяховая абарона дысертацыі і ганаровая ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук.
Поспех у навуцы ўсміхаўся яму неаднаразова, пра што сведчаць Ленінская прэмія, Дзяржаўныя прэміі СССР і БССР. Барысевічу не было яшчэ і 30-ці гадоў, калі ён стаў аўтарам навуковага адкрыцця, унёс сапраўды царскі ўклад у навуку – беларускую, савецкую, сусветную. Дарэчы, у Беларусі ў ХХ стагоддзі здзейснена толькі 8 адкрыццяў у галіне фізікі, медыцыны, біялогіі і хіміі. Адно з іх – Барысевіча! На рахунку акадэміка звыш 300 навуковых прац і манаграфій і 60 гадоў нястомнай працы ў Акадэміі навук.
У няпоўныя 46 гадоў Барысевіч стаў прэзідэнтам АН БССР. Такая пасада проста так не даецца. Яго выбіралі (не прызначалі!) на працягу амаль 2-х дзесяцігоддзяў! Пад кіраўніцтвам Барысевіча беларуская Акадэмія навук стала адным з найбуйнейшых навуковых цэнтраў былога СССР, трывала заняла 3-е месца ў Саюзе нароўні з лідэрамі – АН СССР і Украінскай АН. Пры ім створаны каля дзясятка новых навукова-даследчых інстытутаў. Лёс зводзіў Барысевіча з многімі таленавітымі кіраўнікамі і вядомымі людзьмі вялікай краіны – ад Масквы да Новасібірска. Па запрашэнні Барысевіча ў Акадэмію прыязджалі кіраўнікі саюзнага і рэспубліканскага ўзроўню (А.М.Касыгін, П.М.Машэраў, Ц.Я.Кісялёў), вялікія савецкія навукоўцы, нобелеўскія лаўрэаты Басаў, Прохараў, кіраўнікі АН СССР Келдыш,Аляксандраў.
Як толькі вучоны адчуў, што па стане здароўя працаваць больш не можа, тут жа напісаў заяву аб сыходзе. Апошнія гады хваробы накатвалі ўсё больш, але Мікалай Аляксандравіч трымаўся бадзёра. Кожны дзень на старэнькай «Волзе» прыязджаў на працу ў Прэзідыум АН Беларусі, ужо не як ганаровы прэзідэнт, а як дзеючы вучоны. Барысевіч любіў, сустрэўшыся, пагаварыць, усміхаўся, мог пажартаваць, нешта ўспомніць. Яго любілі за досціп, абаянне, дзіўна добрыя і разумныя вочы. З лёгкім прыжмурваннем вачэй акадэмік казаў: «На любы кабінет глядзі, як на гасцініцу, з якой рана ці позна давядзецца з'язджаць. І тады ты падымешся спакойна і падзякуеш тых, з кім працаваў».

25 кастрычніка 2015 года Мікалай Аляксандравіч Барысевіч пайшоў з жыцця. Як гаворыцца ў адной прыказцы: «Калі памірае мудры чалавек, знікае цэлая бібліятэка». Аднак, у добрай аповесці заўсёды ёсць годны эпілог. Памяць пра вялікага вучонага захоўваюць куткі акадэмічнай кафедры. Рабочы кабінет Барысевіча ў АН пераабсталяваны пад музей, дзе кожны прадмет – жывая памяць. Медаль імя Барысевіча з 2016г. ўручаецца перспектыўным маладым навукоўцам. У Год навукі 7 лістапада 2017 года прайшло гашэнне маркі 4-ох слынных навукоўцаў, у тым ліку М.А.Барысевіча. Мемуары і ўспаміны пра акадэміка прадстаўлены ў выданні “Академик Борисевич. Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь – ганаровы грамадзянін горада Мінска. Знакавае імя нашага земляка і на карце нашага горада. Імя ў назве вуліцы Беразіно – гэта асаблівая нагода гонару і знак павагі, сведчанне ўнікальнага ўкладу навукоўца, зарубка ў летапісе жыцця, каб памяць пра яго захоўвалася не адно пакаленне.

поделиться в: