РУС БЕЛ ENG

Аўсіевіч Сяргей Ільіч

АЎСІЕВІЧ СЯРГЕЙ ІЛЬІЧ
02.05.1927 –
Ураджэнец в.Ягадка Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Наладчык Мінскага падшыпнікавага завода.
Заслужаны работнік прамысловасці Беларускай ССР (1973).
Званне Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1974 г.

Аўсіевіч Сяргей Ільіч – выхадзец пакалення, на чый лёс выпалі ваенныя выпрабаванні. 19-гадоваму юнаку давялося стаць на той самай страшнай вайне салдатам. Пасля звальнення ў запас у 1951 г. ён з групай учарашніх салдат прыбыў ў Мінск на падшыпнікавы завод. Тады, у адным невялікім памяшканні размяшчалася некалькі цахоў. Хлопцаў сустрэлі прыветліва, хутка аформілі дакументы, пасялілі ў інтэрнат.
З таго часу біяграфія бярэзінскага хлопца цесна звязана з гісторыяй Мінскага завода. Тут выразна праявілася яго асоба, светаадчуванне і яго погляды, матэрыяльны і духоўны вопыт адкрыўся ва ўсёй сваёй шырыні, глыбіні, шчырасці. Малады рабочы знайшоў на заводзе столькі працы рукам! Толькі рабі – не лянуйся! Завадская прахадная вывела яго ў людзі, дала пуцёўку ў вялікае жыццё. Уранку, слухаючы ўсемагутны бас гудка, Сяргей Аўсіевіч хапатліва збіраўся на працу, адчуваючы, што сэрца спявае. Завод быў тым, да чаго рвалася душа. Кожны працоўны дзень юнак уліваўся ў заклапачоны, шумлівы завадскі натоўп адным з тых натоўпаў, што густа цяклі да ўвахода на завод. Душа тужыла па гулу станкоў. Хацелася слухаць, як шыпяць фрэзы ў час апрацоўкі металу…
Першая праца – як першае каханне. І Сяргей Аўсіевіч столькі ўкладаў у яе сіл, надзей, столькі ёй аддаў! Горды і за цэх, і за завод, працаваў з асаблівай радасцю, паўнатой самавыяўлення, без усялякай фальшівінкі адчуваў задавальненне. Гэта быў сапраўдны працоўны парыў, а не штучны пафас. Дзень за днём, месяц за месяцам пакідалі сляды ў цэху і ў сэрцы Аўсіевіча, рабілі сваю справу. Ён літаральна прырос да неспакойнага завадскога цэху з прагай убачыць, зразумець новае.
Разам з развіццём завода расло і майстэрства Аўсіевіча. Завод будаваўся, а Сяргей Аўсіевіч засвоіў прафесію наладчыка токарных аўтаматаў і паўаўтаматаў. Наладка станкоў – справа складаная і адказная. Ад таго, наколькі правільна будуць устаноўлены і адрэгуляваны інструменты і прыстасаванні, у значнай ступені залежыць прадукцыйнасць працы, дакладнасць паверхні апрацоўкі дэталяў.
Аўсіевіч авалодаў гэтай складанай спецыяльнасцю хутка, і яго перавялі на самастойную працу – наладчыкам двух аўтаматаў. З цягам часу ў маладога рабочага з’явіўся спрыт, уменне працаваць хутка і якасна, павысілася майстэрства. Наладчык навучыўся ладзіць сваю працу так, каб не траціць дарэмна ніводнай мінуты. Ён складаў падрабязны план работы, у якім кожная аперацыя была распісана да секунды. Быў распрацаваны рацыянальны маршрут, які дазваляў скараціць колькасць пераходаў ад станка да станка. У канцы працоўнага дня Аўсіевіч рыхтаваў загатоўкі для наступнай змены і неабходны інструмент. Стаў прымяняць элементы рацыянальнай арганізацыі працы на працоўным месцы. У выніку павысілася выпрацоўка, з’явілася магчымасць абслугоўваць тры станкі замест двух па норме. Калі раней за змену выпрацоўвалі да 150 кольцаў для буйных шарыкавых падшыпнікаў, то зараз выпрацоўка складала звыш 300. Высока прадукцыйная рытмічная праца дазволіла Аўсіевічу завяршыць 9-ую пяцігодку датэрмінова ў чэрвені 1974 года. Наступная, 10-ая пяцігодка таксама была азнаменавана новымі рацыяналізатарскімі прыёмамі ўдасканалення тэхналагічнага працэсу, што дазволіла дасягнуць высокай прадукцыйнасці і павысіць культуру вытворчасці. Завадскі рацыяналізатар пры расточцы дэталяў замест зенкера выкарыстаў расточны разец, што дазволіла атрымліваць памеры дэталяў адпаведна чартяжоў. І сёння гэтым разцом карыстаюцца ўсе наладчыкі-аператары. Па прапанове Аўсіевіча была зменена тэхналогія апрацоўкі кольцаў падшыпнікаў – уведзена іншая паслядоўнасць выканання свідравальных аперацый,такім чынам вызваляўся адзін са станкоў. Аўсіевіч ініцыяваў і распрацоўку новага загрузачнага механізма і ўборкі стружкі са станка. Гэта дазволіла павялічыць выпуск прадукцыі на 15%.

25 гадоў Сяргей Ільіч рупна працаваў наладчыкам-станочнікам, затым у 1979 годзе яго перавялі манцёрам-наладчыкам, за ім – самым вопытным рабочым, спецыялістам вышэйшай кваліфікацыі замацавалі 17 аўтаматаў. Заслужаны работнік прамысловасці Беларускай СССР з даручаным годна справіўся. На гэтым адказным участку манцёр-наладчык Аўсіевіч С.І. працаваў да выхаду на пенсію. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966, 1974), медалямі. Жыве ў Мінску.

поделиться в: