Вядомы беларускі пісьменнік-сатырык Міхась Скрыпка нарадзіўся 26 лістапада 1907 года ў в. Месціна Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
“Дзяцінства я правёў у роднай вёсцы Месцін, якая раскінулася трыма вуліцамі недалёка ад ракі Бярэзіны. Які гэта цудоўны куток беларускай зямлі! Пабылі б вы тут ранняй вясной, калі рака залівае луг і хвалі даплываюць да самай вёскі!
Але самае прыгожае ў нас ̶ людзі, нашы месцінцы. Трэба каму хату збудаваць ці перавезці – робіцца ўсё талакой. І яшчэ любяць месцінцы ў вольны час павесяліцца. На тройцу ў нас кірмаш. У кожнай хаце поўна гасцей. Два тыдні грыміць музыка, звіняць песні. Затое і на работу нікога не трэба прыганяць”, ̶ так успамінаў сваю родную вёску пісьменнік.
Міхась рана застаўся сіратой і з удзячнасцю ўсё жыццё ўспамінаў дзеда Мацея і цётку Праскоўю. У сваіх успамінах ён пісаў: “Жыццё не дужа песціла мяне, хаця я ніколі і ні ў чым не любіў паддавацца. У маім выхаванні вялікую ролю адыграў дзед Мацей. “Нават трапіўшы ў пекла, будзь чалавекам, ̶ вучыў ён. – Не рабі людзям таго, што самому не падабаецца. Не руш нічога – не бойся нікога”. І заўсёды буду помніць цётку Праскоўю, якая часта замяняла мне маці”. Сям’я цёткі Праскоўі была дружная і працавітая. Яе мужык, Антон Віліткевіч, быў старшынёй калгаса, камуністам. Яго растралялі фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А цётка Праскоўя была партызанскай сувязной і выратавала жыццё калмыцкаму паэту Міхаілу Хонінаву. Пасля вайны ён кожны год на свята Перамогі прыязджаў да сваёй маці Праскоўі.
Пісаць Міхась пачаў яшчэ ў 1924 г., калі вучыўся ў шостым класе Багушэвіцкай сямігодкі. Тады ўпершыню ён сустрэўся з жывым паэтам ̶ Паўлюком Трусам. У школе працаваў добры літаратурны гурток. Міхась Скрыпка пісаў: “Ніколі не забуду сваіх настаўнікаў, тых, што прывілі любоў да роднай мовы, да літаратуры. Дзякуючы ім з нашай Сялібскай школы выйшла чатыры пісьменнікі: Рыгор Няхай, Якаў Герцовіч, Янка Туміловіч і я”.
Неўзабаве ён выступіў і як драматург. Як успамінаў пасля пісьменнік, “выйшла з-пад майго пяра, як казалі настаўнікі і мае сябры-гурткоўцы, удалая камедыя “Штукары”. Было вырашана паставіць камедыю на школьнай сцэне. А сакратар партячэйкі прапанаваў прадаваць білеты на спектакль, таму што аўтар ̶ сірата і няёмка неяк, што ён ходзіць у лапцях і даматканай кашулі. Таму па ўсяму мястэчку развесілі афішы з прыпіскай: “Увесь збор у карысць аўтара”. На сабраныя грошы яму купілі кашулю, штаны і паношаныя бацінкі (на новыя не хапіла грошай). Вось такім чынам будучы пісьменнік атрымаў свой першы незвычайны ганарар.
Скончыўшы ў 1926 г. Багушэвіцкую сямігодку, Міхась паступіў ў Рагачоўскі педтэхнікум. Менавіта ў студэнцкія гады адбылося яго знаёмства з многімі будучымі паэтамі: Алесем Жаўруком, Янкам Валасевічам, Янкам Бандарчыкам. У 1926 г. малады паэт у якасці дэлегата прымае ўдзел у Бабруйскай акруговай канферэнцыі літаб’яднання “Маладняк”, якой кіраваў тады М.Лынькоў.
А ўжо з 1930 г., атрымаўшы званне настаўніка, працуе выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў школах Рагачоўшчыны. У 1936-39 гг. загадваў культаддзелам фабрычна-завадскога камітэта мясакамбіната. У 1939-41 гг. – загадчык навучальнай часткі Пагарэльскай СШ Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобл. Адначасова завочна працягвае адукацыю на рускім аддзяленні літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута. У гэты час у Рагачоўскай газеце “Камунар” былі надрукаваны першыя творы Міхася Скрыпкі. Гэта былі вершы, прысвечаныя калгаснай тэматыцы.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Міхась Скрыпка ўключыўся ў падпольную работу: запісваў паведамленні Саўінфармбюро і вывешваў лістоўкі ў людных месцах, збіраў зброю, рыхтаваў моладзь ў партызаны, выконваў розныя заданні партызанскага атрада І.Ізоха, які знаходзіўся ў Клічаўскіх лясах. У ваенны час ён працягваў адточваць сваё пісьменніцкае мастацтва.
“Ахгунг! Ахтунг! Хальт! Спыняйся!
Памаліся. Разбярыся.
Тут, як бачыш – шмат дарог,
Ды не бойся: “З намі ж бог!”
Пойдзеш прама, на усход.
Трапіш хутка “у расход”.
Пойдзеш ўлева – партызаны,
Ўправа – смерць запланавана.
Ты ж на гэта не зважай:
Ўсе яны вядуць у рай”.
У верасні 1942, выходзячы з акружэння, пры пераправе цераз Бярэзіну быў паранены, ноччу трапіў да немцаў. Тры тыдні Скрыпка прасядзеў у падвале Бабруйскай жандармерыі, а пасля быў канцлагер Штатгарт. Скрыпка два разы ўцякаў, але абодва разы яго лавілі і вярталі назад. І толькі ў 1944 г., калі нашы войскі ўжо былі ў Польшчы, яму разам з групай сербаў і балгарынам ўдалося ўцячы і далучыцца да сваіх. Да канца вайны Міхась Скрыпка працаваў у органах СМЕРШ у званні старшыні батальёна па рэпатрыяцыі савецкіх людзей і іншаземцаў, якіх вызваляла Савецкая Армія. Пасля вайны, прыехаўшы па справах у Асіповічы, вырашыў застацца тут.
У пасляваенны час працаваў выкладчыкам рускай і беларускай мовы і літаратуры ў школах Асіповіцкага і Пухавіцкага раёнаў. З 1961 па 1971 гады займаў пасаду намесніка дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі. У гэты час ён арганізаваў тысячы сустрэч пісьменнікаў з чытачамі ва ўсіх кутках Беларусі. Любіў і сам выступаць перад рознымі аўдыторыямі, заўсёды збіраючы поўныя залы. “Не раз пераконваўся, якую карысць прыносяць і сабе, і літаратуры тыя пісьменнікі, што выступаюць перад людзьмі са сваім жывым словам. Чытач – самы абъектыўны крытык. Ён заўсёды мае сваю думку...”, ̶ пісаў Міхась Скрыпка.
Менавіта ў пасляваенныя гады Міхаіл Аляксандравіч сур’езна заняўся літаратурнай творчасцю і праявіў свой мнагагранны талент. Сатырычныя вершы і мініяцюры, байкі і камедыі, гумарэскі і апавяданні – яны і сёння захапляюць і ўзнімаюць настрой. Увага сатырыка скіравана да надзейных праблем жыцця. Яго творам уласціва назіральнасць, выразнасць. Найбольш удаюцца Скрыпку сатырычныя мініяцюры, эпіграмы.
Як толькі п’янчужка рубля дастае –
У краму спяшае з дому.
Задача тады перад ім паўстае
З “двума невядомымі”.
Выдаў зборнікі баек, вершаў, мініяцюр: “Сатыра і гумар”, “Сатырычны калаўрот”, “Ад смеху не ўцячэш”, кніжку антырэлігійных нарысаў “Сцеражыцеся цемрашалаў!”, “Дзіва ў кошыку”, “Злазьце – прыехалі!”, “З сэрцам і перцам”. Сатыра і гумар паэта накіраваны супраць тых, хто нячысты на руку, хто жыве не па законах. Паказваючы розныя заганы ў характарах людзей праз павелічальнае шкло гратэска, выстаўляючы іх на ўсеагульнае абсмейванне. Скрыпка нібы абяззбройвае зло і ўсталёўвае тыя высокія ідэалы, на якіх павінны выхоўвацца сучаснікі.
У 1963 г. была пастаўлена караткаметражная тэлекамедыя “Акадэмік”, сцэнарый да якой напісаў Міхась Скрыпка. Ён з’яўляецца аўтарам звыш трыццаці аднаактавых п’ес і камедый для мастацкай самадзейнасці. Не абыйшоў увагай пісьменнік і дзяцей. Маленькім чытачам адрасаваны кніга апавяданняў “Дзіва ў рэшаце” і зборнік вершаў “Пад смешнай вясёлкай”. У 1977 г. выйшла кніга выбраных твораў “І з сэрцам і з перцам”. Вядомы ён і як перакладчык вершаў рускіх і ўкраінскіх паэтаў на беларускую мову, і як паэт-песеннік. Так Скрыпка з’яўляецца перакладчыкам асобных вершаў А.Твардоўскага, С.Маршака, С.Міхалкова, А.Барто, С.Алейніка, А.Вішні, П.Глазавога і інш. На яго словы пісалі песні кампазітары М.Кузняцоў, М.Чуркін.
Міхась Аляксандравіч Скрыпка ўладальнік шматлікіх прэмій і ўзнагарод, сярод якіх дзве ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета Беларусі. У 1985 г. пісьменніку была прысуджана прэмія за камедыю “Прыгоды Патапкі” на конкурсе Міністэрства культуры БССР, тройчы - прэміі за лепшае апавяданне на конкурсах газет “Звязда”, “Чырвоная змена” і “Мінская праўда”.
Ён плённа працаваў на ніве роднай літаратуры і гэта помняць і цэняць нашчадкі.
Памер наш зямляк 8 кастрычніка 1991 г. Пахаваны ў г.Асіповічы.
Светлы вобраз Міхася Скрыпкі назаўсёды застаўся ў сэрцах тых, хто яго ведаў і мы па праву ганарымся такім земляком.
Мы в соцсетях & RSS