Жанчыны, якія ўнеслі ўклад у развіццё Бярэзіншчыны

ЖАНОЧЫ СЛЕД У ГІСТОРЫІ РАЁНА
 
Гісторыя нашага раёна зберагае шмат цікавых жаночых лёсаў. Іх біяграфіі можна разглядаць як сімвал часу, як значная з’ява нашага жыцця. На скрыжаванні стагоддзяў перапляліся лёсы жанчын розных сфер дзейнасці – жывое сведчанне цэлай эпохі вялікіх падзей, якія адбываліся ў краіне. Гэта не толькі гісторыя мінулага, але і мост паміж пакаленнямі. У змене пакаленняў, у працягу клопатаў, у перадачы вопыту, традыцый і духоўных здабыткаў прадзецца нітка часу.

У рамках 2026 года - Года беларускай жанчыны Бярэзінскай раённай бібліятэкай была прадстаўлена экспазіцыя "Жанчыны, якімі ганарыцца бярэзінскі край", зараз наведвальнікам установы прапануецца фотавыстава "Жанчыны, якія ўнеслі ўклад у развіццё Бярэзіншчыны”. Выстава прадстаўлена з эмацыянальным пасылам адчуць гонар за жанчын, даніну павагі землячкам, якія стваралі аснову для росквіту раёну, здабылі вядомасць і славу у гісторыі Бярэзінскага краю.

  

 

 

9 імёнаў, 9 старонак з працоўнага летапісу Бярэзіншчыны ў шматграннасці жаночых лёсаў, якія ўплецены ў гісторыю развіцця раёна, вобласці, краіны. У кожнай гераіні прамяністая іскрынка адметнасці, свая арбіта прафесійнай дзейнасці, свая гістрыя служэння Айчыне, свае гарызонты поспеху. Звыйчаныя ў сваёй незвычайнасці жанчыны дастойна пісалі свой жыццёвы раман, упэўнена прайшлі выпрабаванні часу і даказалі адметнгую ролю жанчын у развіцці грамадства. Праз іх лёсы мы адкрываем нашу Бацькаўшчыну, за якую не сорамна. Іх прафесійнае станаўленне і важкія дасягненні, якія сталі рэзультатам працалюбства і таленту, служаць натхняючым прыкладам для сучасных пакаленняў, фарміруюць станоўчы воблік нашага рэгіёна.

Бурко Ніна Мацвееўна

(08.03.1944 - 23.05.2025)

Кіраўнік выканаўчых структур мясцовай улады, партыйны і грамадскі дзеяч, выдатнік сацыяльнай абароны, няштатны карэспандэнт раённага і рэспубліканскага друку

Нарадзілася ў шматдзетнай вясковай сям’і на хутары Засвяціца Бярэзінскага раёна. Дзіця вайны, страціла бацьку-партызана ў гады ваеннага ліхалецця. Мае два дыпломы з адзнакай вышэйшай адукацыі. Працавала настаўнікам, старшынёй сельскага Савета, сакратаром Бярэзінскага райкама партыі па ідэалагічнай рабоце, загадчыкам аддзела сацыяльнай абароны Бярэзінскага райвыканкама са званнем “Выдатнік сацыяльнай абароны”. На старонках раённай газеты вяла рубрыку “Клуб дзелавых сустрэч”. Жанчына актыўнай жыццёвай пазіцыі і сферы грамадскай дзейнасці: старшыня раённага таварыства інвалідаў з плённым супрацоўніцтвам з міжнародным, рэспубліканскім і абласным фондамі міласэрнасці, намеснік старшыні раённага Савета ветэранаў вайны і працы. Аўтар кніг прысвячэнняў землякам “Сонца майго дня – людзі!”, “Гісторыя ў лёсах”. Жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, трывалым ідэалагічным падмуркам і высокімі маральнымі якасцямі – рухальнік грамадскага жыцця раёна і краіны. 

Дзюк Ганна Аляксееўна

(25.10.1938 - 28.12.2024)

Аператар машыннага даення, загадчык Лешніцкай МТФ Бярэзінскага раёна, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дэлегат XXV з’езда КПСС

 Нараджэнка вёскі Лешніца Бярэзінскага раёна, дзіця вайны, дачка загінаўшага франтавіка. Аддала сельскай гаспадарцы без малога паўвеку, назаўсёды звязала жыццё з роднай вёскай і калгасам. 15-гадовай дзяўчынкай у 1953г. пачынала працу даяркай на Лешніцкай малочнатаварнай ферме. Пасля заканчэння Смілавіцкага зааветтэхнікума прызначана загадчыцай фермы “Лешніца” калгаса “Ленінскія дні” Бярэзінскага раёна, якая неаднаразова станавілася пераможцам сярод фермаў раёна. Яе партрэт упрыгожваў раённую Дошку гонару. У 1976г. выбрана дэлегатам XXV з’езда КПСС ад трох раёнаў Мінскай вобласці (Бярэзінскага, Чэрвенскага, Барысаўскага) у складзе беларускай дэлегацыі на чале з кіраўніком рэспублікі П.М. Машэравым. На працягу 5-ці гадоў была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Адзначана ордэнам Дружбы народаў (1982). Даярка – галоўнае звяно сельскагаспадарчай вытворчасці па забяспячэнні харчовай бяспекі краіны, гарант паспяховага развіцця рэгіёна з сельскагаспадарчым профілем.

Ждановіч ( у дзявоцтве Ладуцька) Ганна Аляксандраўна

(15.09.1956 - 21.08.2014) 

Культработнік-наватар з 39-гадовым стажам, стваральнік адзінага ў Беларусі музея драўлянай лыжкі, рэалізатар I абласнога свята “Бярэзінскія лыжкары”

 Нарадзілася ў вёсцы Усохі Чэрвенскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Пасля заканчэння з адзнакай Мінскага культасветвучылішча ў 1975 годзе была размеркавана ў Бярэзінскі раён метадыстам РДК. Завочна закончыла Мінскі інстытут культуры з адзнакай. Працавала намеснікам дырэктара РДК, дырэктарам раённага цэнтра рамёстваў. Аўтар раённай праграмы “Спадчына”. У 2010 г. адкрыла ў хаце свекрыві па вуліцы Піянерскай у Беразіно музей   драўлянай лыжкі, які зараз прадстаўлены ў будынку Цэнтра рамёнстваў і з’яўляецца турыстычным цэнтрам раёна. Аўтар эскіза помніка самай вялікай  лыжцы ў свеце пад адкрытым небам ў Беразіно. Стваральнік народнага клуба майстроў (2014), які ўжо праз 3 гады дзейнасці атрымаў званне “народны”. Вырабляльніца 5-метровага ручніка-абярэга да свята горада (2014). Майстрыха па вырабу ляляк, саломапляценні, выцінанцы, вышыўцы. Сыграла ў 3 спектаклях народнага драмтэатра РДК. Культура – поле шырокай дзейнасці для таленавітых жанчын.

Жызнеўская  Аліна Паўлаўна

Урач вышэйшай катэгорыі, выдатнік аховы здароўя РБ, галоўны ўрач Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы з 12-гадовым стажам

Нарадзілася на Гродзеншчыне ў Мастоўскім раёне ў сям’і звычайных працаўнікоў. Сярэднюю школу скончыла з адзнакай, паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, дыплом урача атрымала ў 1977г.  Пасля інтэрнатуры на базе Мінскай абласной клінічнай бальніцы працавала ў Мядзельскім раёне загадчыцай ўрачэбнай амбулаторыі. У 1985г. пераехала з сям’ёй на Бярэзіншчыну. У бярэзінскай бальніцы прайшла ўсе прыступкі на лесвіцы прафесійнай кар’еры: ад участковага тэрапеўта, загадчыцы паліклінікі да галоўнага ўрача. Займала гэтую пасаду з 2007 па 2019 гады, зарэкамендавала сябе як выдатны кіраўнік. У 2014 г. Бярэзінская раённая бальніца была названа лепшай у вобласці.  Медаль “За працоўныя заслугі” у 2015г. у Палацы Незалежнасці ёй ўручыў Прэзідэнт РБ. Неаднаразовы дэпутат раённага Савета дэпутатаў. На пенсіі працягвае працаваць урачом-тэрапеўтам аддзялення дзённага знаходжання. Медыцына – сфера рэалізацыі жанчын з узорным выкананнем службовых абавязкаў і вернасці абранай справе.

 Махнач (у дзявоцтве Баброўская) Часлава Паўлаўна
(02.04.1929 - 01.04.2009)

Заслужаны настаўнік БССР, ветэран педагагічнай працы.

Нарадзілася ў вёсцы Рэпішча Чэрвенскага раёна. У 30-ыя гады сям’я гвалтоўна адпраўлена ў ссылку на 16 гадоў ў Пермскую вобласць(1931-1947), перажыла паўторны арышт бацькі ў 1937г. Статус дачкі рэпрэсіраванага абмяжоўваў магчымасці атрымання дастойнай адукацыі, аднак пасля заканчэння рускамоўнай школы паступіла ў Кудымкарскі настаўніцкі інстытут з двухгадовым тэрмінам навучання. У 1948 годзе з дыпломам настаўніка рускай мовы і літаратуры 19-гадовая патрыётка вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Беразіно. Першае працоўнае месца – Шавярніцкая 8-годка Бярэзінскага раёна, дзе працавала 4 гады і завочна навучалася ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. Затым была прызначана інспектарам раённага аддзела адукацыі і выкладчыцай у вячэрняй школе рабочай моладзі. 36 гадоў(1956-1992) працавала ў СШ №2 г. Беразіно. Пасля 26 гадоў працы ў сферы раённай адукацыі атрымала вышэйшую педагагічную атэстацыю з прысваеннем звання заслужанага настаўніка БССР(1974г.). Агульны працоўны педагагічны стаж – 44 гады. Прафесія настаўніцы дае шырокія магчымасці для творчай самарэалізацыі жаночай асобы.
 

 Палігенька (у дзявоцтве Бандарчык) Вольга Маркаўна
(01.10.1920 - 09.05.2011)

Першая трактарыстка на Бярэзіншчыне, удзельніца руху 30-ых гадоў “Дзяўчаты, на трактар!”,                    брыгадзір жаночай трактарнай брыгады ў Крыме і Казахстане, ветэран працы.

Нараджэнка шматдзетнай сям’і з вёскі Журоўка Бярэзінскага раёна. Закончыла 5 класаў Пагосцкай школы, прайшла курсы механізатараў на базе Бярэзінскай МТС. з 17 гадоў шчыравала на бярэзінскіх нівах, стала знакамітай ва ўсім наваколлі. Потым яе слава грымела ў Крыме, дзе яна была брыгадзірам дзявочай трактарнай брыгады. Вайна перарвала трактарную эпапею. Вяртанне да мірнай працы было доўгім і пакутлівым: канцлагеры ў Аўстрыі і Венгрыі, страта мужа на фронце, засуха і голад на Украіне, вяртанне да матулі на Бярэзіншчыну. Адной з першых перасела на зерняўборачны камбайн. Калі ў краіне пачалася цалінная эпапея, адправілася ў Казахстан, дзе найбольш патрэбна была яе праца. Пасля вяртання на Бацькаўшчыну ветэран працы пражывала ў вёсцы Вяшэўка, называла родную вёсачку сваёй калгаснай Бразіліяй. Жанчына на трактары – з’ява хоць і рэдкая, ды абсалютна нармальная. Няма мяжы паміж мужчынскай і жаночай працай. Жанчыны выступаюць паўнавартаснымі будаўнікамі нашай рэчаіснасці і будучыні.

Пятніцкая (у дзявоцтве Цэдрык) Галіна Уладзіміраўна

Машыніст вежавага крана, дэлегат X Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, дэпутат раённага Савета, шматдзетная матуля

Нарадзілася 16 жніўня 1956г. у гарадскім пасёлку Беразіно. Пасля заканчэння СШ №1 паступіла ў Мінскае ПТВ-31 і атрымала спецыяльнасць “Машыніст вежавага крана”. Пад час навучання, у складзе групы савецкай моладзі у 1973 годзе  прайшла стажыроўку па абмену вопытам у ГДР. Першае працоўнае месца – Упраўленне механізацыі № 79 г. Мінска. Удзельнічала ў будаўніцтве Жодзінскай трыкатажнай фабрыкі “Світанак”, Барысаўскага вытворчага аб’яднання «Белмузпрам, жылых шматпавярховых дамоў у райцэнтрах Міншчыны. У 1976г. залічана ў штат ПМК-63 г. Беразіно, затым месцам працы стала ПМК-182. Працавала на будаўніцтве 5-павярховага жылога дома па вуліцы Кастрычніцкай, Дома культуры ПМК-63, СШ №3 г. Беразіно. Пад час ліквідацыі ў раёне наступстваў самага разбуральнага ў гісторыі Беларусі ўрагана ўдзельнічала ў разгрузцы тэхнікі, якая масава прыбывала з усёй Беларусі па аказанні дапамогі лесаматэрыялаў. Агульны працоўны стаж  машыніста вежавага крана – 39 гадоў. Для працалюбівай беларускай жанчыны выбар сферы прафесійнай дзейнасці не мае гендарных абмежаванняў.

Смарговіч (у дзявоцтве Кручанкова) Марыя Лявонцьеўна

(13.07.1920 - 09.10.2015)

Настаўніца з 35-гадовым стажам. Першая ў раёне жанчына-дырэктар школы,  дэлегат з’езда настаўнікаў Беларускай ССР

 Нарадзілася ў вёсцы Ізобішчы Бялыніцкага раёна ў беднай вясковай сям’і, дзе выхоўвалася 12 дзяцей. Паступіла ў Магілёўскі педінстытут імя І. Папанава. Вайна прымусіла вярнуцца ў родную вёску і стаць сувязной партызанскага атрада. Пасля вайны прадоўжыла навучанне ў ВНУ, працавала па расчышчэнні завалаў у паўразбураным Магілёве і медсястрой ў шпіталі, адзначана медалём “За добрасумленную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Настаўнічала ў школах Маладзечненскага і Уздзенскага раёнаў, затым – на Бярэзіншчыне. 15 гадоў – дырэктар Мачаскай школы Бярэзінскага раёна. Пад час яе дырэктарства ўзведзены тыповы цагляны  будынак гэтай школы (1957). Адной з першых у раёне Мачаская СШ эксперыментальна ў 1961/62 навучальным годзе распачала рэалізацыю праграмы па павышэнні ролі вясковай школы ў падрыхтоўцы дастойнай змены старэйшаму пакаленню земляробаў. У 1960 г. прыняла ўдзел у з’ездзе настаўнікаў Беларускай ССР ад Мінскай вобласці. Развіццё жаночай педагагічнай адукацыі станоўча ўплывае на сістэму асветы і фарміруе перадавую частку беларускай інтэлігенцыі.

Шрэйн (у дзявоцтве Санько) Вера Якаўлеўна

(02.08.1924 - 15.10.2003)

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік партызанскага руху, першы старшыня Бярэзінскага гарадскога Савета дэпутатаў

 Нарадзілася ў вёсцы Брадзец Бярэзінскага раёна ў шматдзетнай сям'і партыйнага дзеяча, якая ў гады вайны эвакуіраваліся ў Тамбоўскую вобласць. Скончыла ваенную спецшколу радыстаў у Маскве. У 18 гадоў была накіравана ў Беларусь, цераз лінію фронту з групай беларускіх партызан. У снежні 1942 года пачаліся будні радысткі легендарнага партызанскага атрада №210, які базіраваўся на тэрыторыі Асіповіцкага раёна. Адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Закончыла Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1951 г. сям’я пераехала ў Беразiно. Працавала касірам грамадскага транспарту, у 1969г. прызначана старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў, ініцыявала прыняцце генеральнага плана забудовы горада з адміністрацыйным цэнтрам па вуліцы Кастрычніцкай і развіццё прамысловай зоны ў заходняй частцы райцэнтра. Актывіст раённага Савета ветэранаў, удзельніца хору ветэранаў раённага РДК. Прымала ўдзел у здымках мастацкага фільма “Іван” кінастудыі “Беларусьфільм” (1982). Прадстаўніцтва ў структурах мясцовай улады – узор запатрабаванасці жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

 

 

 

 

поделиться в:

Интернет-ресурсы: